Яшчэ Жадан. З кнігі "Вогнепальні і ножові"

May 28, 2012 22:46

+++

На Паўднёва-Заходняй чыгунцы
а трэцяй ночы рознае сьніцца.
Сьпяць забойцы і самагубцы.
На два вагоны адна правадніца:

паўз паліцы, як Маці Тэрэза,
ходзіць стомленая, п’яная,
разганяе без інтарэсу
сны, якія на памяць знае.

Я ляжу ў глыбіні вагона,
прырэчана, як шахцёр у забоі,
вязу пакет з галавою Пітона -
чорнага хіміка з Лазавое.

Калісьці ён быў каралём гідраўлік,
маючы пастаўшчыкоў за кардонам,
жыў як мог, кантралюючы трафік
між Тыраспалем і Краснадонам.

Труціў атамным сурагатам
малдаванаў ды розных узбэкаў,
нават некалі дэпутатам,
па мажарытарным, быў ад эсдэкаў.

І вось я цяпер а трэцяй гадзіне,
хоць тройчы прыходзілі сны і кашмары,
ня сплю і слухаю, як шчаціна
далей расьце на ягоным твары.

- Ну як ты, брат? - пытаю. - Праспаўся?
Дзесь цыгарэты падзеліся, курва!
- Ды ладна, - адказвае ён, - ня парся -
з маімі праблемамі не да курыва.

- Страшна, - пытаю, - там, на свабодзе?
- Ня страшна. Проста нешта нязвычнае.
Страшна было ў мінулым годзе,
калі ў Растове спалілі шашлычную.

Проста чагось не вярнулі як быццам,
і парашутам памяць валочыцца,
і забываеш, хоць нельга забыцца,
і памятаеш, хоць помніць ня хочацца.

Ды адчуваеш апошнім нервам,
агнястрэльнымі й нажавымі -
тонкую рысу недзе пад небам
між жывымі і нежывымі.

Так што вязі мяне, браце, дадому
ў гэтым ціхім, як сьпеў, вагоне,
вязі маю бясконцую стому,
памяць маю, што баліць і па сконе.

Аддай мяне сябрукам па зброі,
сумным, п’яным і яшчэ не забітым,
хай вырашаюць паміж сабою,
што з галавою маёй рабіць ім.

Хай помняць мой выгляд і ўсе павадкі,
словаў маіх ледзяныя азёры,
лёгкія - чорныя, як пальчаткі
пабітага безнадзейна баксёра.

Скажы, калі стрэнесься з тою кабетай:
шчасьце мінае і гора сыходзіць,
ўсё, што я мог даць ёй добрага, - гэта
загінуць далёка і ёй не нашкодзіць.

Мой цягнік больш ня можа спыніцца.
Прыкуры, не магу больш трымацца.
Сьмерць, як нашая правадніца -
ёй гэта проста сумленная праца.

Цёплыя сны, выпадковыя лёсы.
Усё, што бачыць і чуць давялося,
усё, што запомніў у тыя часы,
жыве і па сьмерці, як валасы.

Пагавары са мной яшчэ, братка.
Палены “найк”, твая арафатка.
Ноч плыве, сутоньне хістаецца.
Паветра ўдыхаецца,
выдыхаецца.
Previous post Next post
Up