Беларускія пераккладчыкі Жадана ўжо рыхтуюцца да прэзэнтацыі, якая адбудзецца 29-га, у кнігарні ЛогвінаЎ (Незалежнасьці, 37А), а 19.00 гадзіне. Сёньня на майстэрні абмяркоўвалі некалькі перакладаў украінскага мэтра. :)
Адзін свой вывешваю тут.
+++
Тую жанчыну з чорнымі, як зямля, валасамі,
ведаю столькі год - нават пазнаю крокі:
паміж мною ды іншымі адрасамі
ходзіць сабе, не турбуючыся ні трохі.
Ходзіць паміж сьвятла й гарачага лісьця,
ходзіць паміж муроў і птушыных крыкаў,
паміж ручаёў падземных, якія перапляліся,
паміж усіх сваіх сноў і фрыкаў.
Ходзіць сабе на стадыёны і рынкі,
хаваючы ў куртцы тэлефон і біклагу.
І я гатовы паліць у ейным квартале будынкі,
каб яна на мяне зьвярнула ўвагу.
Гатовы бамбіць урад і навалач абласную,
ператвараць у партвэйн ваду ў азёрах і рэчках,
толькі б яна, згадаўшы, што я існую,
часам пісала лісты аб надвор’і ды іншых рэчах.
Гатовы ладзіць на ейнай вуліцы страйкі,
каб толькі быць зь ейнай лютасьцю і пяшчотай,
каб толькі слухаць яе надрыўныя байкі
пра тое, з кім яна сьпіць, па кім памірае ўпотай.
Я вынайду новыя літары, выраблю новы голас,
заб’ю ўсіх старых паэтаў, якія штось яшчэ пішуць,
каб яна забывала ўсё, што ведала колісь, -
проста глядзела ў цемру, проста слухала цішу.
Ейную памяць заглушыць музыка дажджавая.
Неба за ейнымі вокнамі будзе стаяць парожнім.
Хай забывае пра ўсё.
Хай нават мяне забывае.
Толькі мяне хай забывае апошнім.
Арыгінал тут:
http://maysterni.com/publication.php?id=64849