Ганна Севярынец

Mar 17, 2023 15:08


Нарэшце снег гарыць на чорным полі
І п’е усмак размоклая ралля,
І з кожнае адтуліны й расколіны
Бяжыць цурком дзіцятка ручая,
І ў небе клінам шумнае вяртанне,
І радасны пярэпалах у бары,
І дрэвы, натаміўшыся ў чаканні,
Ужо чырванеюць веццем на вятры,
Вясна ідзе, і ёй ўсё роўна, дзе мы,
Дзе нас заспее ясны надыход,
Ці мы вадой нап’емся ў падзем’і,
Ці ў сонейка дапросімся даброт,
І я бяру, і п’ю вясну з прыгоршчы,
Палову пакідаючы журбе,
Бо ў гэты дзень, прыгожы і харошы,
Яшчэ мацней сумую па табе.

вершы

Previous post Next post
Up