Mar 03, 2023 18:54
Я прашу тваёй літасці, Госпад мой Дрозд,
мне муляе жыццё, бы няўпраўлены звіх:
мне і смоўж неўдасяж, і агрэст навырост,
я нікчэмны муляж, я драбнейшы за ўсіх.
Ні пачвара, ні блазан, ні звер, ні блюзнер -
я пушынка бязглуздая ў воку тваім.
А зраблю толькі крок - асляпляльны аер
кружыць голаў, як танец кружыў Наваі.
Неймаверны мой верас пячэ хараством
так, што дыхаць няможна - ірвуся па швах!
Забяры гэты дар, мне занадты твой дом!
Я не ўмею тут жыць, я няздольны дзівак.
Я прашу тваёй літасці, Госпад мой Бэз,
мне баліць гэты свет, яго веліч і бляск...
Дай мне голае поле - найлепшую з нэндз,
каб ляцець над зямлёй і маліцца за вас.
вершы