«Новая палітычная сіла» - траціна фальшыўкі на дзьве траціны альтэрнатывы

Nov 16, 2011 02:15

Юры Дракахруст
Рэжысэр і грамадзкі дзеяч Мікалай Халезін апублікаваў у сваім блогу дакумэнт "Канцэптуальныя палажэньні праекту «Арганізацыя парлямэнцкай партыі і «Новай Палітычнай Сілы» з мэтай удзелу ў выбарах". У дакумэнце прапаноўваецца плян стварэньне палітычнай сілы, якая б дыстанцыявалася як ад традыцыйнай апазыцыі, гэтак і ад ўлады, канструктыўна супрацоўнічала б з апошняй і дамагалася месцаў у парлямэнце.

У якасьці арганізатараў новай ініцыятывы ў праекце былі названыя адзін з лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, бізнэсовец, рэдактар інтэрнэт-выданьня БДГ Пётар Марцаў і цяперашні дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксей Пікулік.

У сваім блогу Мікалай Халезін піша: «Падобна на тое, гаворка ідзе аб стварэньні той самай "фракцыі КДБ у парлямэнце", пра якую так доўга ўсё паўтаралі. Прафайл дакумэнта выдаў дату яго стварэньня - 28 студзеня 2011 года. З часу выхаду аднаго з фігурантаў гэтага тэксту А. Дзьмітрыева з турмы не прайшло і месяца. Нават успамінаць не хочацца пра тое, што адбывалася ў краіне, калі пісалася гэтая паліталягічная мярзота - па ўсёй Беларусі валам ішлі арышты, ператрусы, пагромы рэдакцый. А група таварышаў распрацоўвала па чыімсьці сцэнары плян ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах, якія павінны прайсьці толькі ў 2012 годзе. Яно і зразумела - дакумэнты для донараў трэба рыхтаваць загадзя, і ўжо тым больш у тым выпадку, калі каштарыс расходаў мае толькі "першапачатковае фінансаваньне парадку $500 000".

Абнародаваны дакумэнт і ацэнку спадара Халезіна мы папрасілі пракамэнтаваць Пятра Марцава.

Марцаў: У 2010 годзе група экспэртаў, якую я ўзначальваў, рабіла праграму для кампаніі "Гавары праўду". Гэты дакумэнт фігураваў у матэрыялах крымінальнай справы і на судзе. Я даваў па ім паказаньні, як
У 2010 годзе дакумэнт пісаўся, зыходзячы з сытуацыі 2010 году, якая была зусім іншай, чым пасьля 19 сьнежня.

аўтар. Той тэкст быў дастаткова аб'ёмны. Тое, што зьявілася зараз на блогу Халезіна - гэта кароткі дакумэнт. На дзьве траціны, да разьдзелу "Сутнасьць праекту", ён супадае з тым, што пісаў я і мае калегі-экспэрты. А далей пачалася "творчасьць". З разьдзелу "Сутнасьць праекту" - гэта абсалютна ня нашае. У 2010 годзе дакумэнт пісаўся, зыходзячы з сытуацыі 2010 году, якая была зусім іншай, чым пасьля 19 сьнежня. Зараз гэты праект не зьяўляецца актуальным ні для якой палітычнай структуры, ў тым ліку і для "Гавары праўду".

Дракахруст: Пётар, не ўдаючыся ў параграфы і разьдзелы, ці не маглі б вы сказаць, да якіх тэзаў з дакумэнту, абнародаванага Халезіным, вы ні сном ні духам, у чым адбылася фальсыфікацыя? Што ўтрымлівае тая траціна, да якой вы ня маеце дачыненьня?

Марцаў: Ну хто зараз будзе ствараць якую парлямэнцкую партыю? Зыходзячы з чаго? Зразумела, што ніякіх зьменаў у выбарчы кодэкс, ніякіх пераўтварэньняў нават эканамічных гэтая ўлада пачынаць ня ў стане. У 2010 годзе і раней у Захаду і ў пэўных сілаў у Беларусі былі надзеі, што гэта магчыма. А зараз якая партыя? І якія выбары ў парлямэнт? Гэта нерэальна.

Дракахруст: Спадар Халезін абураецца тым, што нехта можа думаць аб ляяльнай апазыцыі і месцах у парлямэнце, калі ў краіне масавыя рэпрэсіі і палітвязьні. Але чаму нельга аб гэтым думаць?

Марцаў: Можна думаць. Але пасьля 19 сьнежня і ўсёй кампаніі па зачыстцы палітычнага поля, якая адбылася пасьля, стала зразумела, што нармальную канструктыўную апазыцыю тут стварыць нельга. Можна стварыць кішэнную. Але ў яе ўжо ніхто не паверыць. В 2010 годзе можна было меркаваць, што гэта магчыма. Цяпер не.

Што да рэакцыі Мікалая Халезіна, то ёсьць розныя людзі. Ёсьць людзі, якія сядзяць у турмах, ходзяць на маніфэстацыі, ёсьць людзі, якія хочуць зрабіць рэвалюцыю, ёсьць людзі, якія бачаць іншы шлях разьвіцьця падзеяў.

Кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў пракамэнтаваў «Беларускаму партызану» публікацыю ў блогу Мікалая Халезіна наступным чынам:

«Гэта поўная правакацыя. Дакумэнту, які выкладзены ў блогу, не існавала да моманту зьяўленьня ў блогу. Сапраўды, раней была сфармуляваная праграма стварэньня новай палітычнай сілы. І гэтая праграма апынулася ў КДБ. Дакумэнт гэты быў выкарыстаны як "доказ" таго, што я хацеў прарвацца да ўлады, хацеў зрынуць рэжым. Гэта абсалютна сфабрыкаваная справа. Робіцца гэта з адной-адзінай мэтай - каб напружаньне ўнутры апазыцыі падвышалася і падвышалася. Я гатовы прызнаць усіх у апазыцыі героямі, я прыкладаю неймаверныя намаганьні, каб дамагчыся адзінства дзеяньняў ад апазыцыі, каб разам выконваць задачу, якая стаіць перад намі ўсімі. Але вядомыя сілы імкнуцца не дапусьціць гэтага адзінства і зводзяць розныя апазыцыйныя сілы ў бойку паміж сабой, у сваркі».

Радыё Свабода
Previous post Next post
Up