Feb 19, 2011 15:08
...Снег спорна церусіў, сівіў галовы гараджан. Сонца сляпіла вочы. Гэта быў аўторак - восьмага лютага. Першы дзень маёй практыкі ў прэс-цэнтры.
"Станцыя "Першамайская", выхад на правы бок", - нагадаў голас дыспетчара мінскага метрапалітэна. Пад гэтыя гукі натоўп адмыслова вытурыў з вагону тых, каму патрэбна было выходзіць на гэтым прыпынку. Я глянула на гадзіннік: "Трэба спяшацца, бо ўжо амаль палова на дзесятую". Кабінет нумар 330 я не адразу знайшла, але нейкія дабразычлівыя жанчыны потым накіравалі мяне ў патрэбнае крыло.
Насустрач мне ішоў мужчына. Гадоў пад трыццаць. З філіжанкай у руках. Я з ім павіталася, ён у адказ кіўнуў галавою і зайшоў у 330. "Цыбулька гэта ці не. Лепш я патэлефаную Алексею Генадз'евічу". Знайшла патрэбны мне кантакт і пазваніла, але тут пачула, як зайграў тэлефон у кабінеце і мужчынскі голас прамовіў: "Слухаю". Я адкрыла дзверы: "Добры дзень, гэта я вам званю, мяне завуць Кацярына Лабецкая, я студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ". Спадар Цыбулька агледзеў мяне і прапанаваў прысесці. Я чамусьці хвалявалася. Трошкі расказала пра сябе, паказала сваё партфоліа, якое рыхтавала для міністэрства культуры. Адзінае памятаю, што Аляксей Генадз'евіч спытаў, у якой школе я вучылася. Апасля ён трошкі расказаў, што такое белпрэс-цэнтр, каму ён падначалены і гэтак далей. Потым ён мяне пазнаёміў з дзяўчатамі, якія таксама былі ў кабінеце. Каця Кібук, Алена Фёдарава і Жанна (студэнтка 4 курса, таксама "інфакомшчыца", як потым я даведалася, яна працавала тут па дагавору падраду). "Пагуляйце паўгадзінкі, бо мы пакуль вельмі занятыя, рыхтуемся да мерапрыемства", - звярнуўся з просьбай спадар Цыбулька. На гэты дзень было прызначана дзве прэс-канферэнцыі.
Папіўшы гарачага шакаладу, я з яшчэ лепшым настроем вярнулася ў адзел кіравання інфармацыяй. "Хадзем са мною", - прапанавала мне Каця Кібук. Мы падняліся на чацвёрты паверх. "Тут знаходзіцца зала для прэс-канферэнцый. Перад самім мерапрыемствам мы правяраем мікрафоны ў спікераў, раскладваем паперкі з імёнамі". Каця знаёміла мяне са спецыфікай працы ў прэс-цэнтры. "Калі хочаш, можаш пасядзець непасрэдна на прэс-канферэнцыі". Мне было ўсё цікава ў той дзень, асабліва парадавала потым, як увечары, калі бацька глядзеў навіны, ён раптам ускрыкнуў: "Каця, цябе паказваюць па ТБ". Відаць я патрапіла ў кадр. Засвяцілася.
Дзевятнаццатага лютага. Прайшло два тыдні. За гэты час мне давяралі працаваць са спісамі журналістаў, карэктыраваць розныя іншыя патрэбныя спісы, рыхтаваць маленькія інфармашкі наўздагон адбыўшымся канферэнцыям. Разам з дзяўчатамі мы распрацавалі макет табліцы ў Excel, у якую будуць уключаны наступныя звесткі пра журналістаў: імя, тэлефон/ e-mail, пашпартныя дадзеныя, фота і г.д. На сёння самым марудным і крапатлівым заданнем было знайсці артыкулы ў сеціве на тэму беларуска-расійскіх адносінаў, каб потым падрыхтаваць аналітыку на гэтую тэму.
Мне падабаецца праца ў прэс-цэнтры. Ёсць задор ва ўсім гэтым.
(працяг будзе)
2011,
практыка