Точно медь в самородном железе

Apr 15, 2013 02:15

І-і-і чарговы дзень нараджэння аднаго з нешматлікіх ічыбанаў ад літаратуры ў кхм аўтора гэтага ЖЖ. Як нехта недзе сказаў, у імянінніка афігенны нават юнацкі кіч, і хай гэты чалавек будзе здаровы за прамоўленую чыстую праўду. Калі многае літаратуразнаўства ўжо, на жаль, выклікае ў мяне многія скрухі і рэакцыю "фі, унясіце", то з перакладамі гэтага яшчэ не здарылася, чаму не магу не парадавацца і не ўспомніць словам удзячнасці прайдзісвета, які дапамог "ПрайдзіСвету" завяршыць гештальт пад умоўнай назвай "даеш Гумілёва ў кожны конкурс". Са скрухай вымушаная ўспомніць, што аднойчы рэдактар неабачліва сказаў: "Пакуль хтосьці не перакладзе так, што можна будзе павесіць, быць Мікалаю Сцяпанавічу ППП (пераходным пракляццем перакладчыка)". А раз сказаў, трэба хацець, каб спраўдзілася. Арыгіналы ўжо вешаліся, пераклад на польскую ўжо вешаўся ( тык), час дайсці да Беларусі. Więc pijmy wino, szwoleżerowie! Ура!

Возера Чад

На загадкавым возеры Чад,
Дзе старыя растуць баабабы,
За світальны імчаць далягляд
На разьблёных фелуках арабы.
У лясах ля яго берагоў,
І ў гарах, і ў даліне панурай
Ушаноўваюць дзіўных багоў
Дзевы-жрыцы з эбенавай скурай.

Маім мужам быў магутны правадыр,
Бацькам - Чад найвелічны і ўладны.
Ад мяне адной у час дажджоў кумір
Дар з прыхільнасцю прымаў абрадны.
І казалі, што за ўсіх жанчын
Я святлейшая ў мясцінах гэтых,
І заўжды на шыі быў бурштын,
І заўжды блішчалі бранзалеты.

Моцны целам, духам смелы
Быў чужынец - воін белы, -
Як сапраўдны правадыр.
Сэрца адамкнула дзверы,
І не знала болей меры,
І забыла сэрца мір.
Белы мовіў, што наўрад ці
Ёсць у Францыі багацці,
Роўныя маёй красе,
І як толькі дзень растане,
Больш не ўбачаць нас у стане -
Конь-бербер нас панясе.

Муж мой даганяў нас з лукам,
Прамінаў лясныя нетры,
Пераскокваў праз карчагі,
Плыў праз вусцішныя рэкі -
І смяротным здаўся мукам,
І застаўся злому ветру
Труп шалёнага бадзягі,
Зганьбаванага навекі.

А на хуткім і моцным вярблюдзе,
Патанаючы ў марах аб цудзе,
На ядвабе і шкурах звярыных
Я на поўнач, як птушка, імчала
І дзівосны свой веер ламала
У лятунках аб шчасных хвілінах.
Расхінала я полаг употай
Залатога, як сонца, намёта,
Пазірала ў акно з захапленнем
І глядзела, як танчыць праменне
У блакітных вачах еўрапейца.

А цяпер, як мёртвая смакоўніца,
У якой лісты ўсе абляцелі,
Непатрэбна-нуднай палюбоўніцай
Я, як рэч, пакінута ў Марсэлі.
Ходзячы ў партах нагамі босымі,
Самым гнюсным я слугую ўцехам,
Танчу я між п’янымі матросамі,
І яны бяруць мяне са смехам.
Кволы розум мой бядой зняможаны,
Перад зрокам згаслым свет віруе...
Клікаць смерць? Але ў палях няходжаных -
Муж мой. Ён чакае й не даруе.

пераклад з рускай вось гэтага транслатора

εὐφορία, dies natalis

Previous post Next post
Up