(no subject)

Dec 04, 2012 20:40


І вось ты хочаш паразмаўляць з мамай, распавесьці ёй нешта значнае, гэта абмеркаваць.

А яе ванітуе ад тваіх тэмаў. Натуральна, ад усіх. Ад Дастаеўскага да пахудзеньня. Ад сувязі псіхічных адхіленьняў і геніяльнасьці да сэксуальных вычварэнстваў у межах нормы. Ад нежаданьня спасьцігаць навуку да жаданьня атрымліваць задавальненьне бяскрыўднымі спосабамі. Ёй гэта непрыемна, гідка і нецікава. А мне цікава. Мяне цікавіць усё, з чым я сутыкаюся. У нейкім сваім сьвятле і ў сваім плане. Навуковыя тэрміны хіба што не цікавяць. Натуральна не разумею, як мае сябры радуюцца, чытаючы розную "звышразумную" літаратуру. Ім быццам пончык падораны гэтыя зуб-абламаеш кніжкі. А мне гэта ў горла ледзь лезе - гвалтоўна запіхваеш і пахмурнееш, пахмурнееш усё. Іншая справа - дзіцячая літаратура! Мова простая, лёгкая, зразумелая, гульня слоў далёка не для дзяцей. Вышэйшае мастацтва - асэнсаваны прымітывізм і трошачку абсурду. Мастак можа, сам не разумее, што створыць, а створыцца ого-го якая рэч.

Страшна баліць галава. Я не хачу заўтра на заняткі, проста не магу на іх ісьці. А матэматыку трэба будзе пісаць. Ісьці паўтараць трэба.

А я вось думаю. Я дакладна вырашыла для сябе адну рэч, калі паглядзела на маму з татам ды на іншых яшчэ. І покуль мяне не пераўпэўняць, ня буду іншага меркаваньня на конт сябе. Камусьці пашэньціць, я ў гэта веру. Але гуляць у латарэю з трапляньнем у вечнае рабства (бо "сумеснае шчасьце ёсьць найвялікшая праца")... дзякуй, ня трэба. А потым... пагарда, рэшты павагі, стома, крыўды і злосьць у вачах?..

Іншая справа - ты сам.

І шмат, шмат, шмат радасьці. Рознакалёрнай. Вясёлкавай.

Зраблю сябе сама. Буду весяліцца. Буду тусіць-тусіць. Я так хачу.

Ці мець дзяцей - гэта, канешне, пытаньне. Безь яго ўсё куды як прасьцей. Калі ня мець, тое значна хутчэй можна зрабіць усё, да чаго імкнуся. Тое, што я працаваць буду зь дзецьмі - гэта дакладна. А можа ня зь дзецьмі. Звычайна ў тых, хто працуе зь дзецьмі ці піша для дзяцей, ці яшчэ што робіць у гэтай сьферы, на сваю сям'ю часу не застаецца.

У любым выпадку: арт-тэрапія. АРТ-ТЭРАПІЯ - нават так. Музыка, фарбы, імправізацыі, танчыкі, гульні, словы... Божа мой, гэты сьвет за маімі дзьвярмі пакоціцца ў тартарары, а мы будзем сьпяваць, маляваць і танчыць!

Вось скрыначку расфарбоўвала і зразумела, наколькі мне непрыемная крытыка розных дызайнераў і г.д., якія "права маюць", бо ведаюць лепш. Людцы, каб ведалі вы, колькі задавальненьня прыносіць мне рабіць так, як мне хочацца!..

Яшчэ вось крытыка паступіла, што апранюся я ў мяхі, і наогул ня ўмею, і як наўмысна падкрэсьліваю сваю ніякаватасьць, размытасьць, нявысьветленасьць, неахайнасьць. Стыль аля-бамжара. І што? У тым і справа, што зараз мяне няма. Я толькі шчэ буду, калі здалею зрабіць сябе.

Вось бацькам балюча будзе, калі раптам я ўсё-ткі вырашу на карысьць паверхневага задавальненьня сваіх патрэб. Прынамсі, я ўжо адчуваю, як фарбы згушчваюцца і навальніцца зьбіраецца над галавой.

І чаму ў хлапцоў усё прасьцей?

людзі, бягучае ці балючае, дзяла сямейныя

Previous post Next post
Up