Oct 02, 2013 00:15
1.
21-га верасня выбраліся з жонкай і цесцем у грыбы, другі раз за год. Прырост маёй збіральніцкай актыўнасці, такім чынам, складае 100% у параўнанні з мінулым годам і плюс-бясконцасць у параўнанні з усімі папярэднімі ўзятымі разам. Нічога не сабралі, падобна на тое, што гумовы конадзень дэвальвацыі з дэнамінацыяй супаў з закрыццём грыбнога сезону, і таму кіроўцы запаркаваных уздоўж лесапалосаў чорных джыпаў у параксізмах дурнога рэлаксу, абабралі ўсе запар грыбы, акрамя мухамораў, сыраежак і паганак.
Былі праездам у вёсцы Жукаў Барок, адведалі млын 1911 года пабудовы. Два паверхі, гарышча (з небяспечнай падлогай) і падвал, салідная плошча памяшканняў. Тэхнічныя артэфакты і прыстасаванні знаходзяцца ці не ў поўнай камплектацыі і ў добрым стане. Ёсць адгароджаная курылка са столікам і штабелем пустых бутэлек з-пад чарла. На падлозе - россып квітанцый на памол (найсвяжэйшыя датуюцца 2000 годам) і пакамечаныя пачкі з-пад Monte Carlo. Былі прыемна здзіўленыя тым, што не давялося лезці ў будынак праз вакно, магутныя ўваходныя дзверы зачыняюцца на просты засоў. Прычына добрага стану млына крыецца, мяркую, у статыстыцы: паводле перапіса 2009 года насельніцтва вёскі складалі ўсяго 63 чалавекі, а на двары цяпер 2013-ы. Во як.
Зрэшты, нечалавечага выгляду карусель у адным з двароў (наступным разам абавязкова сфатаграфую, натуральныя «дзеці кукурузы» і «плецены чалавек») відавочна не абыйшлася без млынарных дэталяў.
Шыльда на млыне сведчыць аб шасці расстраляных і спаленых 13 чэрвеня 1944 года жыхарах. Невялікая колькасць і ўзроставы разброс (ад 7 да 65 гадоў) сведчаць пра карную меру з нямецкага боку. Чуў версію пра партызана, які не толькі ўдала разжыўся ў вёсцы самагонкай, папярэдне сумленна яе прадэгуставаўшы, але і за нейкім херам у адзін ствол паспрабаваў даць бой цэлай нямецкай калоне.
2.
Мне, дарэчы, 21-га верасня споўнілася 30 гадоў. Зважаючы на вышэйапісаную паездку ў грыбы ў той дзень, не магу не ўзгадаць бессмяротнае з Венічкі Ерафеева.
Вот, помню, когда мне стукнуло двадцать лет - тогда я был невозможно одинок. И день рождения был уныл. Пришел ко мне Юрий Петрович, пришла Нина Васильевна, принесли мне бутылку столичной и банку овощных голубцов - и таким одиноким, таким невозможно одиноким показался я сам себе от этих голубцов, от этой столичной - что, не желая плакать, заплакал…
А когда стукнуло тридцать, минувшей осенью? А когда стукнуло тридцать - день был уныл, как день двадцатилетия. Пришел ко мне Боря с какой-то полоумной поэтессою, пришли Вадя с Лидой, Ледик с Володей. И принесли мне - что принесли? - две бутылки столичной и две банки фаршированных томатов. И такое отчаяние, такая мука мной овладели от этих томатов, что хотел я заплакать - и уже не мог...
Васемнаццацігадовым я адзначэнне ўласнага дваццацігоддзя прыкладна гэтак сабе і ўяўляў, і самае смешнае тое, што цяпер нават не магу прыгадаць, ці святкаваў яго наогул. Найхутчэй што не, бо «25, 26, 27…» чамусьці памятаю, а ўсё што раней - не памятаюць ні сваякі, ні сябры. Трыццацігоддзе ў тыя ж 25 вымалёўвалася па той самай схеме, толькі без Боры, Вадзі, Ліды, усіх астатніх Валодзь і фаршаваных таматаў. Нават бутэлька і тая мусіла быць адна.
Ну і вось маем у выніку - палову дня беспантова шукаў грыбы ў лесе з жонкай, а затым на прапанову ейнага дзядзькі дзябнуць па малавасьценькай гарэліцы адказаў, паламаўшыся для парадку, - «НЕТ»! Як бледнага выгляду падшыты мужык з відэльцам і шклянымі вачыма з вядомага плакату.
3. Адам Глобус «Post Scriptum»
Вычытаў:
Жах перад зьзяньнем Бога - пачатак мудрасьці, страх перад д’яблам - пачатак разбурэньня, вар’яцтва й гвалту.
Задумаўся.
І страх, і жах (моцны страх), гэтыя адмоўныя з пункту гледжання афіцыйнай навукі аб душы эмацыйныя працэсы, з’яўляюцца, па ўсім відаць, неад’емнымі характарыстыкамі як Бога, так і д’ябла.
У выпадку д’ябла ўсё даволі відавочна, пачынаючы хаця б з таго, што ў масавым уяўленні ён часта мае знешнасць Пана, персанажа старажытнагрэцкай міфалогіі, адказнага, сярод іншага, за з’яву, вядомую пад назвай «паніка» - некантралюемы жах (у хрысціянскім свеце да з’яўлення псіхалогіі некантралюемыя псіхічныя праявы расцэньваліся як апантанасць). Д’ябал характарызуецца страхам настолькі моцна, што нават дадзеная яму святым апосталам Янам ганебная мянушка «бацька хлусні» мае тыя ж міфічныя карані - бацькам Пана прынята лічыць Гермеса, бога гандлю, прыбытку, падману і злодзейства. Не бацька дык сын.
Але цікава, што меры, лічбы, алфавіт прыдумаў таксама Гермес. І навучыў усяму гэтаму людзей - таксама ён.
З Богам усё нашмат складаней, адназначнага вытлумачэння страху Божага, здаецца, не існуе. Мне трапілася такое: з’ява гэтая ў цэлым станоўчая і азначае ўздзеянне благадаці Святога Духа на чалавека такім чынам, каб апошні адчуў Боскую прысутнасць і ўстрымаўся ад граху.
Сучасная псіхалогія не мае адзінай класіфікацыі страхаў, кожная група даследчыкаў стварае адпаведную канкрэтнай задачы. Гэтак, некаторыя падзяляюць увесь спектр уласцівых чалавеку страхаў на біялагічныя, сацыяльныя і экзістэнцыйныя. Лёгка здагадацца, пад чыю юрысдыкцыю ў хрысціянскай оптыцы трапяць страхі біялагічныя і сацыяльныя, дастаткова ведаць, хто «князь свету гэтага». Страхі ж экзістэнцыйныя сапраўды стымулююць філасофскія памкненні.
Напэўна, страх - гэта «нізкаўзроўневая» мова зносінаў з «начальствам». Бо навука сёння ведае: што-што, а страх чалавек умее адчуваць з першых секундаў жыцця.