Зіма ў Разлогах

Dec 12, 2012 18:08

У бліжэйшыя выходныя я атрымала абсалютна новы экспірыенс. Зьезьдзіла з сябрамі на шопінг, чысты і незамутнёны ніякімі сэмінарамі, канфэрэнцыямі і літаратурнымі фэстывалямі. Шопінг - гэта, канешне, радасьць душэўная для любой дзевачкі. Але галоўнае, што я запомню з гэтай паездкі - выпадковае месца для начоўкі. Запланаванае было забіта дальнабойнікамі, і цётачка ў бары нам сказала: “Можа, у Разлогах месца будзе - праз тры кіламэтры ад нас зьвярніце налева ў лес”. Зьвярнулі - гравійка, паабапал высачэзныя яліны, засыпаныя сьнегам, адным словам, дэкарацыі да казкі “Марозка”, начны варыянт. Едзем-едзем, а я ўсё гадаю, адкуль мне гэтая назва знаёмая? Згадала - мы ж акурат з Андрэем нядаўна пераглядалі - сядзіба князёў Курцевічаў з “Вогнем і мечам”.

Сучасныя Разлогі апынуліся канфэрэнцыйна-банкетным цэнтрам (як падказвае іх інтэрнэтсайт), які з нагоды зімовага часу амаль ня дзейнічае. Але ліхтары, асьветленыя вокны і парачка машынаў з беларускімі нумарам выклікалі спадзяваньне, што і нас адсюль не прагоняць. Для поўнага майго шчасьця нас пасялілі ў дамку, які назваўся “У Багуна”. Побач знаходзіліся - “У Яна”, “У Хэлены”, “У Жэндзяна”, на банкетным доміку была шыльда - “Учта ў Заглобы” і г.д.













Так што невыпадкова аднымі з пунктаў у маім шопінгавым сьпісе быў арыгінальны варыянт фільму. І дарэчы, калі мы пераглядалі яго ўжо ў чарговы раз, то прыйшлі да высновы, што Сянкевіч відавочна арыентаваўся на Дзюма-бацьку, Вайда яўна глядзеў савецкіх “д’Артаньяна і мушкецёраў”, а Вайду, у сваю чаргу, глядзеў Пітэр Джэксан, асабліва апошнюю сэрыю, пра аблогу Збаража.

*

піяр, за нашыя падарожжы, тэлефонаграфія

Previous post Next post
Up