Музычная школа.
Пазванілі мне адтуль нечакана і запыталі, а ці ня хочам мы пайсьці на праслухоўваньне, бо музычны кіраўнік з садочку раіў Аленцы працягваць заняткі музыкай? Гэта было марай нашага таткі - каб ён мог глядзець футбол і камандаваць дзіцёнкам, які ў гэты час распільвае скрыпку, - “Яша Аленка, грай!”
Перад праслухоўваньнем Аленку запыталіся: “Дзевачка, а какую песенку ты знаешь?” Вы не паверыце, але ў незнаёмай абстаноўцы, там дзе яна нікога ня ведае, Аленка адчувае сябе няўтульна і паводзіцца цішэй вады, ніжэй травы. Таму яна прамаўчала. Тады яе пачалі дапытваць больш канкрэтна: “А про кузнечика знаешь?” - Неўразумелы пагляд - “А про ёлочку?” Пра ёлачку Аленка знала. “Вот её и споёшь. Давай вместе со мной, только тоненько-тоненько - “В лесу-у родилась ёлочка…” - зацягнула цётачка, і Аленка паслухмяна заварушыла вуснамі, ледзь чутна падпяваючы. “А ну, давай ещё раз, только ещё тоньше”. І Аленку стала зусім не чуваць. “Так, мне всё понятно… Ну, давайте ещё ритмику проверим”. Тэст на рытміку Аленка прыйшла ўдала. І цётачка прапанавала нам цымбалы. “Мы падумаем,” - сказала я, унутры сябе хіхікаючы над марамі таткі.
А вечарам, кладучыся спаць, Аленка голасна і досыць прыстойна падпявала мне калыханку. “І чаму, - кажу, - ты не сьпявала так голасна сёньня на праслухоўваньні?” - “Дык яна сказала мне сьпяваць ціхенька, і я сьпявала…” “Ціхенька”, разумееце. Каманду “тоненька” яна ўспрыняла як “ціхенька” і старанна выконвала.
Танцавальны гурток
Бачыць Аленку прыгожай танцоркай - гэта мара бабулі, якую яна прабівае ўжо не адзін год. Але нешта ўсё не супадала. То ніяк не маглі знайсьці адпаведнае месца, то позна прыходзілі запісвацца. Нарэшце прыйшлі загадзя. Пагрукаліся ў клас, кабінет, аўдыторыю залю. Кіраўніца гуртка тоненькая, ціхагалосая, ветлівая. Я паказала ёй на Аленку, якая тут жа вырашыла прабяжацца па залі, але агульнымі намаганьнямі мы здолелі яе не пусьціць, і спытала - ці згодная яна ўзяць гэтае стыхійнае бедзтва ў свой гурток. Бедзтва тым часам паспрабавала палезьці па швэдзкай сьценцы, а, спушчанае адтуль, развалілася на фатэлі ў спробе пасьдзяць хоць хвіліну. Не атрымалася, і яно палезла на падваконьне. “Прыходзьце ў верасьні”, - ціха сказала, зьмірыўшыся са сваім лёсам, былая балерына. Я думаю, сказала яна гэта толькі, каб адчапіцца ад нас, але паглядзім праз тыдзень.
Адзінаборствы
Гэта было ўжо мая мара. Каб мой расхлыстаны дзіцёнак зрабіўся скаардынаваным. Каб з посьпехам лупіў хлопцаў, бо зь яе характарам лупіць хлопцаў ёй прыдзецца неаднаразова, дык вось, каб з посьпехам. І каб ёй у галаву ўбілі розныя там правілы прыстойнасьці пры бойках, ды й нейкая філасофія не перашкодзіла б:) Таму, выходзячы з танцавальнай залі, мы зазірнулі ў залю, дзе займаліся ўсходнімі адзінаборствамі. Сумны, сухарлявы, зь сівеючым хвосьцікам валасоў дзядзечка доўга разважаў пра тое, ці варта аддаваць сюды дзяўчынку, і на мае сьціплыя рэплікі пра каардынацыю і філасофію, упарта казаў пра танцы і гімнастыку. А Аленка між тым насілася па пэрыметры залі, спрабавала дабрацца да катан, пагрукаць у барабаны і голасна патрабавала растлумачыць ёй, навошта тут на дзьвярах намаляваны “ін-янь”. Чамусьці менавіта апошняе падарвала цярплівасьць дзядзечкі, і той, сказаўшы “Ну, прыходзьце ў верасьні”, спаслаўся на працу і сышоў.
Да яго мы ў верасьні не прыйшлі. Надта ён быў сумны. Але першае што я пачула пасьля першага дня ў школе, што мая малая проста ў прыгожым школьным касьцюмчыку ганялася за нейкім хлопчыкам, а потым білася зь ім і качалася па падлозе. На пытаньне “Што гэта было?” атказ я атрымала такі: “Мы зь Лёшам займаліся ўсходнімі адзінаборствамі”. Таму на наступны дзень я запісала яе на айкідо. Кажуць, што заняткі там праводзяцца на беларускай мове і туды ламанула ўся нашая кампашка з Макаёнка. Паглядзім сёньня:)
*