Аленка на ночы музэяў

Jun 14, 2012 20:04

У чаканьні апошняга (12-га!) дыплому на рэцэнзію няма чаго рабіць. Буду вешаць фотачкі:)

У мінулую пятніцу вечарам мы з Аленкай паехалі ў Пружаны. І выпадкова трапілі з карабля на бал. Бал ладзіўся ў палацыку ў гонар 200-годзьдзя Юзафа Крашэўскага і прамінулай ночы музэяў. Бал быў касьцюмаваны і за грошы. Гаспадар балу, ён жа дырэктар палацыку, быў страшна задаволены, казаў, што былі раскупленыя ўсе 200 білетаў, але ў наступным годзе такой масоўкі ён зьбіраць ня будзе, бо палацыку шкада - сьцены трасьліся, лесьвіцы прагіналіся, шкло ў шыбах зьвінела.

Было сапраўды прыкольна - танчыліся мазуркі і палянэзы, дэманстраваўся кавалак з фільму “Калі сонца было Богам” (зьняў Ежы Гофман па рамане Крашэўскага, з класічным гофманаўскім наборам актораў - Ступка, Альбрыхскі, Жэброўскі узбоўтаць, але ня зьмешваць - трэба паглядзець цалкам, мяне заінтрыгавала), было пясочнае шоў (проста зачаравала Аленку), сьмешны аўкцыён, фотасэсія з касьцюмаванымі пэрсанажамі, струнны квартэт і фаер-шоў.

Дык вось пару фотачак. Экспэрымэнтальныя, бо зьнятыя новым фотаапаратам. Я зь ягонымі функцыямі яшчэ не разабралася. У цемры, напрыклад, ён мне упарта казаў, што добра было б скарыстацца штатывам. А дзе ж яго ўзяць? Так што мы ўжо без штатыву.



“Усё ў бальных сукенках, а я як пацанка - джынсы, красоўкі, бандана.”


“Вось, каб на мне была выпускная сукенка, усе кавалеры былі б маімі“


“Але мы і так нядрэнна выглядаем!”


*

пружанскiя нататкi, за нашыя падарожжы, фота ў студыю

Previous post Next post
Up