Вольга Такарчук у Менску

Oct 07, 2010 10:21

Вось, нарэшце я магу запрасіць вас усіх на прэзэнтацыю (але ўсё адно нешта шкрабе - а ці ўсё атрымаецца? а ці не адмовяць з заляй у апошні момант? а ці зьявіцца нарэшце абацяная ў пятніцу кніжка?). У любым выпадку, мерапрыемства такі павінна адбыцца:)
Прыходзьце, калі ласка!





adelka

Калі Місі было дзесяць гадоў, яна была найменшай у клясе і таму сядзела за першай партай. Настаўніца, праходзячы паміж партамі, заўсёды гладзіла яе па галаве.
Дарогай са школы Міся зьбірала рэчы, неабходныя ейным лялькам: шкарлупкі каштанаў на талерачкі, шапачкі жалудоў на кубкі, мох на падушкі.
Але па вяртаньні дамоў яна не магла вырашыць, з чым яна хоча гуляць. З аднаго боку, яе цягнула да цацак, хацелася адзяваць іх у сукенкі, карміць іх стравамі, якіх не відаць, але ж яны існуюць. Ёй хацелася спавіваць у пялюшкі іх нерухомыя цельцы, распавядаць ім на сон простыя анучныя гісторыйкі. Але, калі яна брала іх на рукі, яе ахоплівала нежаданьне. Ужо не было Кармілы, Юдыты альбо Галыша. Вочы Місі бачылі плоскія, намаляваныя на ружовых тварах вочы, пафарбаваныя чырвоным шчочкі, сьціснутыя назаўсёды вусны, для якіх не існуе ніякай ежы. Міся пераварочвала тое, што калісьці лічыла Кармілай, і шлёпала тое штосьці. Яна адчувала, што біла пілавіньне, абцягнутае тканінай. Лялка ня плакала, не пратэставала. Тады Міся саджала яе ружовым тварам да шыбы і больш ёй не цікавілася. Яна ішла корпацца ў маміным трумо.
Гэта было цудоўна - пракрадацца ў бацькоўскую спальню і сядаць перад люстэркам на дзьве палавіны, якое было здольнае паказаць нават тое, што звычайна ўбачыць немагчыма - цені ў кутах, уласную патыліцу… Міся прымярала каралі і пярсьцёнкі, адчыняла флякончыкі і доўга вывучала таямнічыя памады. Аднойчы, цалкам расчараваная сваімі Карміламі, яна паднесла памаду да вуснаў і размалявала іх у крывава-чырвоны колер. Чырвань памады зрушыла час і Міся ўбачыла сябе празь некалькі дзясяткаў гадоў - такой, якой памрэ. Яна хутка выцерла вусны і пайшла да лялек. Узяла ў свае рукі грубыя, напханыя пілавіньнем ручкі і бясшумна запляскала імі.
Але яна заўсёды вярталася да мамінага трумо. Прымярала яе атлясныя станікі і пантофлі на высокіх абцасах. З карункавай камбінацыі рабіла сабе сукенку да падлогі. Глядзела на сваё адлюстраваньне і раптам здавалася сама сабе сьмешнай. “Можа, лепш бы пашыць карункавую сукенку Карміле?” - думала яна і, захопленая гэтай думкай, вярталася да лялек.

krebsik

Грыбніца расьце пад усім лесам, а можа, нават пад усім Правекам. Яна стварае ў зямлі, пад мяккім покрывам, пад травой і каменьнем перапляценьне таненькіх нітачак, шнуркоў і клубкоў, якімі абмотвае ўсё. У нітках грыбніцы магутная сіла, яны ўціскаюцца ў кожны грудок зямлі, аплятаюць карані дрэваў і ўтрымліваюць вялізныя валуны ў іх бясконцым павольным руху наперад. Грыбніца падобная да плесьні - белая, далікатная, халодная - месяцовыя падземныя карункі, вільготныя мярэжкі слаявішчаў, сьлізкія пупавіны сьвету. Яна перарастае лугі і вандруе пад дарогамі людзей, узьбіраецца на сьцены іх дамоў, а часам у прылівах моцы незаўважна атакуе іх целы.
Грыбніца - гэта не расьліна і ня зьвер. Яна ня здольная чэрпаць моц ад сонца, бо ейная натура чужая сонцу. Яе ня цягне да цёплага і жывога, бо ейная натура ані цёплая, ані жывая. Грыбніца жыве дзякуючы таму, што высмоктвае рэшткі сокаў з таго, што памірае, што гніе і ўцягваецца ў зямлю. Грыбніца - гэта жыцьцё сьмерці, жыцьцё гніеньня, жыцьцё таго, што памерла.
Увесь год грыбніца нараджае сваіх халодных і вільготных дзяцей, але найпрыгажэйшыя зь іх тыя, што прыходзяць на сьвет летам і ўвосень. Паабапал чалавечых дарог вырастаюць падарожкі на тонкіх ножках, у травах бялеюць дасканалыя порхаўкі, а апенькі і губы авалодваюць увечнымі дрэвамі. Лес поўніцца жоўтымі лісічкамі, аліўкавымі сыраежкамі і мошаставымі баравікамі.
Грыбніца не вылучае і не адрозьнівае сваіх дзяцей, усіх надзяляе сілай росту і моцай сеяньня спораў. Адным дае пах, другім здольнасьць хавацца ад чалавечага позірку, яшчэ адныя маюць форму, што сьціскае дых.
Глыбока пад зямлёй, у самай сярэдзіне Вадзяніцы, пульсуе вялікі белы сплецены клубок слаявішча - сэрца грыбніцы. Адсюль грыбніца шырыцца на ўсе бакі сьвету. Лес тут цёмны і вільготны. Буйныя ажыны аплятаюць ствалы дрэваў. Усё парасло густым мохам. Людзі інстынктыўна абыходзяць Вадзяніцу, хоць і ня ведаюць, што тут, унізе, б’ецца сэрца грыбніцы.

ryzhkou

Празь некалькі дзён Ізыдор атрымаў памятую і запэцканую капэрту з замежнымі маркамі, якіх яшчэ ня бачыў. Ён імпульсіўна глянуў на імя адпраўніка і прачытаў - Аманіта Мускарыя.
Гэтыя словы падаліся яму дзіўна знаёмымі. “Можа, гэта нейкая нямецкая фірма”, - падумаў ён.
Але ліст быў ад Руты. Ён здагадаўся пра гэта, толькі ўбачыўшы нягеглы дзіцячы почырк. “Дарагі Ізік, - пісала яна, - я вельмі далёка, у Бразыліі. Часам я не магу спаць. Так сумую па вас усіх. А часам увогуле пра вас ня думаю. У мяне тут шмат справаў. Я жыву ў вялізным горадзе, поўным рознакаляровых людзей. Як там тваё здароўе? Спадзяюся, мая мама таксама здаровая. Мне яе вельмі не стае, але я ведаю, што яна не магла б тут жыць. Прывітаньняў нікому не перадавай. Хай мяне хутка забудуць. Аманіта Мускарыя”.
Ізыдор ня спаў да світаньня. Ляжаў і глядзеў у столь. Да яго вярталіся вобразы і пахі з тых часоў, калі яшчэ была Рута. Ён памятаў кожнае яе слова, кожны жэст. Ён паступова адтвараў яе. Калі промні сонца дасягнулі ўсходняга дахавага акна, у Ізыдора паліліся сьлёзы. Потым ён сеў і пачаў шукаць адрас: на капэрце, на паперцы, нават пад маркай і на яе мудрагелістым малюнку. Але не знайшоў.
- Я паеду да яе. Я назьбіраю грошай і паеду ў Бразылію, - голасна сказаў ён сам сабе.
Потым ён пачаў увасабляць у жыцьцё думку, якую яму нечакана падкінулі сэксоты зь Дзяржбясьпекі. На вырваным са сшытка аркушы ён напісаў: “Калі ласка, дашліце мне праспэкты. Усяго добрага. Ізыдор Нябесны”. На капэрце напісаў адрас: “Радыё Свабода. Мюнхен. Германія”.
Паштарка на пошце збляднела, калі ўбачыла гэты адрэс. Моўчкі падала яму блянк на заказны ліст.
- І адразу дайце блянк на скаргу, - сказаў Ізыдор.
Гэта была вельмі простая справа. Ізыдор пасылаў такі ліст раз на месяц. Зразумела, што ён ня толькі ня дойдзе да адрасата, але ўвогуле не пакіне межаў павету. Кожны месяц Ізыдор атрымліваў за гэтыя лісты кампэнсацыю. Урэшце ён пачаў класьці ў капэрту пусты аркуш. Не было сэнсу прасіць праспэкты. Гэта быў дадатковы заробак, які Ізыдор адкладаў у бляшанку з-пад “гуманітарнай” гарбаты. На квіток у Бразылію.
Вясной наступнага году сэксоты ў пыльніках забралі Ізыдора ў Ташаў. Пачалі сьвяціць яму лямпай у вочы.
- Шыфар, - сказаў адзін зь іх.
- Што “шыфар”? - спытаў Ізыдор.
Другі раскрытай даланёй ударыў яго ў твар.
- Скажы шыфар. Якім чынам ты шыфруеш інфармацыю?
- Якую інфармацыю? - спытаў Ізыдор.
І зноў атрымаў у твар, гэтым разам мацней. Адчуў на вуснах кроў.
- Мы ўсімі магчымымі мэтадамі правяралі кожнае слова, кожны квадратны сантымэтар ліста і капэрты. Мы расслойвалі паперу. Правяралі маркі. Дасьледавалі пад мікраскопам іх зубцоўку і склад клею. Аналізавалі кожную літарку, кожны злучок і кропку…
- І мы нічога не знайшлі, - сказаў другі, той, што біў.
- Там няма ніякага шыфру, - ціха сказаў Ізыдор і выцер хустачкай кроў з-пад носа.
Абодва мужчыны расьсьмяяліся.
- Ну добра, - пачаў першы. - Дамовімся, што пачнем яшчэ раз ад пачатку. Мы табе нічога ня зробім. Напішам у пратаколе, што ты ненармальны. Зрэшты, цябе ўсё роўна ўсе такім лічаць. І адпусьцім цябе дамоў. А ты нам за гэта скажаш, што ўсё гэта значыць. У чым мы памыліліся?
- Там нічога няма.
Другі быў больш нэрвовы. Прысунуў свой твар да твару Ізыдора. Ад яго патыхнула папяросамі.
- Слухай, мудрыла. Ты выслаў дваццаць шэсьць лістоў на “Радыё Свабоду”. У большасьці зь іх былі пустыя аркушы. Ты гуляў з агнём. І дагуляўся.
- Проста скажы нам, як ты шыфраваў. І ўсё. Пойдзеш дамоў.
Ізыдор уздыхнуў:
- Я разумею, як вам гэта важна, але я насамрэч не магу вам дапамагчы. Там не было ніякіх шыфраў. Гэта былі пустыя аркушы. Нічога больш.

Атракцыён неверагоднай шчодрасьці будзе працягвацца да вечара 11 кастрычніка:) Хто яшчэ жадае сабе цытатку? Налетай, торопісь!

*

самапіяр, Правек, пераклад

Previous post Next post
Up