Жыццё ўплывовых сем'яў, якія валодаюць знакамітымі на ўвесь свет маёнткамі, дзе вырабляюцца адны з лепшых у свеце вінаў, утоена ад цікаўных вачэй. За межамі французскай віннай супольнасці нешматлікія чулі прозвішча Люртонаў, прадстаўнікоў адной з апошніх вялікіх дынастый Бардо. Яе заснавальнікам быў Леонс Рэкапе, які нарадзіўся ў 1858 годзе, заможны ўладальнік вінаграднікаў у вёсачцы Бран, размешчанай у рэгіёне Entre-Deux-Mers.
У 1922 году Рэкапе набыў землі ў рэгіёне Медок, купіўшы вялікую частку легендарнага Шато Марго (Château Margaux), аднаго з лепшых вінаграднікаў Premier Grand Cru Бардо, а таксама Шато Бран-Кантенак (Château Brane-Cantenac). Дачка Леонса Дэніза выйшла замуж за Франсуа Люртона, чые продкі былі запрошаны каталіцкай царквой, каб пакрыць сур'ёзны недахоп вернікаў у Бардо. Гэты шлюб аб'яднаў дзве заможныя сем'і і спрыяў росту дабрабыту Люртонаў.
Люсьен Люртон, цяперашні глава сям'і, і яго брат Андрэ сталі набываць шато ў гады Вялікай дэпрэсіі, калі вінаробная галіна Бардо знаходзілася ў заняпадзе. І без таго складанае сацыяльнае і эканамічнае становішча пагаршалі дрэнныя пагодныя ўмовы. Замаразкі 1956 года спустошылі вінаграднікі ва ўсім рэгіёне, а чарада дрэнных ураджаяў у 60-х гадах прымусіла сотні вінаградараў і вінаробаў пакінуць свае землі. Шматлікія шато і вінаграднікі былі закінуты. «Эксперты лічылі, што Бардо ніколі не адродзіцца, але мы даказалі зваротнае», - кажа Андрэ Люртон.
Яго вінаграднікі таксама былі знішчаны замаразкамі. Каб трымацца на плаву, ён 10 лёт выгадоўваў кукурузу на арандаваных палях. Калі з'яўляліся грошы, купляў закінутыя вінаробныя гаспадаркі, галоўным чынам у рэгіёне Граў. Адзін з гэтых маёнткаў, Шато Ла Лувьер (Château La Louvière), сёння - дыямент у яго «кароне». Ён купіў гэты замак у 1965 годзе, «калі там не было даху, а ў брудным падвале стаяла вада». Андрэ сцвярджае, што гэта была любоў з першага позірку. Праз дзевяць гадоў вінароб набыў разваліны замка Шато дэ Рашморэн (Château de Rochemorin) XIX стагоддзя, і апошнія 30 гадоў аднаўляў прылеглыя да яго вінаграднікі. Сам замак па-ранейшаму стоіць ў руінах - спачатку вінаграднікі, потым гісторыя, лічыць вялікі вінароб.
Яго брат Люсьен у тыя складаныя часы набыў Шато Дюрфор-Віван (Château Durfort-Vivens) у 1962 годзе. Рэгіён Медок тады быў падобным на пустэльню. Шато Кліман (Château Climens) у рэгіёне Барсак ён купіў у 1971 годзе, неўзабаве пасля таго, як абрынуўся рынак салодкіх вінаў. У наш час у вінную імперыю сям'і Люртонаў уваходзяць больш дваццаці шато.
Таксама ім прыналежаць тысячы акраў вінаграднікаў у Паўднёвай Амерыцы і на поўдні Францыі. Усе маёнткі, якім валодаюць шматлікія прадстаўнікі сям'і Люртон, вырабляе адны з лепшых вінаў Бардо - Brane-Cantenac, La Louvière, Bouscaut і Durfort-Vivens. Быўшы ў жыцці вельмі сціплымі, кожны з Люртонаў ганарліва ставіць на этыкетцы, апроч назвы віна, сваё імя.
© Святлана Калтовіч, 2011 г.