Квасім па аўторках - 3: Першы квасамікс!

Jul 07, 2009 00:04

Неспадзяванка здарылася ўчора - праходзячы каля шыхту джын-тонікаў у рознакаляровых мундзірах, раптам пабачыў па-за шыхтам НЕШТА. Выглядам - нібыта звычайны кактэйлячык, але з шэрагу шасьціадсотнікаў вылез да мінералак і яшчэ слаўцо на этыкетцы, да якога я неабыякавы, чаплянула вока.
Слова гэтае - квас, а напой адгукаецца на "Kvass Buzz Lime".
Ніхто не сумняецца, што я гэты цуд набыў?




Агляд цела і ўскрыцьцё паказалі, што гэта натуральны квас-кактэйль, гэткі аналаг бірміксаў:

Поўная назва: "Напой безалькагалёвы "Квас Базз" газаваны пастэрызаваны квас натуральнага браджэньня"
(слабо гэткае ў краме запытаць?)
Вытворца: бровар "Сябар", Бабруйск.
Склад: вада, цукар, квасное сусла, канцэнтрат квасу з лаймавым алеем, дрожджы.
Зьмяшчае не болей за 1,2% сьпірту.

Дызайн і ідэя: 9,5 з 10!
Смак? Ну, вазьміце "Хатні" і туды на кончыку сьцізорыка сыпаніце лімоннай кіслаты. Так, каб амаль не адчувалася, каб кісьлінка была, а смак не перабівала. Атрымаецца амаль тое ж самае. 8,5 з 10.
Кошт у нашых палескіх палесьцінах - 1600 рублёў (€0,4) за паўлітру.

Купляць і піць буду, з такім квасным рылам не сорамна і ў самае пафаснае месца сунуцца.

Усім цёплага сонца і студзёнага халаднічку на абед!

напоі, квас

Previous post Next post
Up