Калі-небудзь у мяне будзе ўласны конь!

Apr 24, 2008 01:30

Сёньня ізноў са шкадаваньнем думала пра нясьвіжскія стайні Радзівілаў. Вось бы апынуцца там хоць на гадзінку! Перанесьціся так ў пачатак XIX стагоддзя й пракаціцца па навакольлях на чыстакроўным ангельскім кані -вандроўка атрымалася б карыснаю з многіх бакоў! Але ж жывем мы тут і сёньня, таму замест вершніцтва занялася перакладамі з расейскай мовы. Гэты верш У.Хадасевiча заўсёды выклікаў у мяне дзіўнае адчуваньне ўрачыстасьці і сонца.
Ведаю, што пераклад мае памылкі, але ўжо не здольная іх знайсьці. Заўвагі толькі вітаюцца!

У сьнягах.

О, белых пчолаў цiхiя рае,
Зь нябёсаў зрынутыя ў дзень сонцавароту,
Пакрылi вы фатой палi мае,
На лес накiнулi празрыстыя цянёты.

Вы пранясьлiся - й мы ў санях, удвох,
Агнём гараць вянцы, i блiшча лёд залiву,
Як сталь падкоў у сонечных дажджох,
I рудага каня расхрыстаная грыва.

Калi ж надыдзе час ад шчасьця болю,
Любоў да сэрцаў прыпадзе пякучым страхам,
Стамлёны конь пачуе раптам волю,
I ў стойлы рынецца нястрымным махам.

Крывёй праступiць у нябёсах вечар,
Стары гофмаршал з замку выйдзе й стане поплеч,
I загрымiць фанфарамi сустрэча,
I белых рыцараў прызыўны поклiч.

коні, пераклады

Previous post Next post
Up