Школе. Праз 10 год

Feb 03, 2013 12:26

Учора быў Вечар сустрэчы -  і мінула 10 год, як я скончыў школу. Напярэдадні я пераклаў на беларускую мову свой стары верш "Учёба - это труд?", які таксама 10 год таму быў напісаны і надрукаваны ў часопісе "Рэпетытар" і "Воранаўскай гезеце". Але верш атрымаўся з поглядам выпускніка на школьныя гады. Таму і назву атрымаў "Школе. Праз 10 год".

Школе. Праз 10 год

Мой клас, дзе дошка выпацкана крэйдай,

Шпаргалкі на шпалерах ля акна,

Мяне з дзяцінства захаплялі веды,

Каштоўнай стала школьная пара.


Ўставаў з світанкам ад бацькоў размовы,

І апранаўся пад сняданку пах,

Уздоўж таполяў йшоў па стадыёне,

Стос кніжак з сшыткамі нёс на плячах.

І сустракаў на калідорах школьных

Сваіх сяброў, настаўнікаў вітаў,

Да ўрока першага абавязкова

Пабачыць любую сваю спяшаў.

Любіў на перапынках  пасмяяцца,

Альбо сур’ёзна з кім пагаварыць.

Званок да ведаў заклікаў, а нам жа

На рэпетыцыю пайсці карціць.

Зноў трэніроўкі ды алімпіяды -

Жыццё бурліла нібы рухавік.

Наш кожны дзень на цуда быў багаты,

Каб у дарослай памяці не знік.

Ды вось мінула дзесяць год нябачна,

І нашыя ўспаміны ажылі…

Было дзяцінства і было юнацтва -

і мы калісьці вучнямі былі.

02.02.2013г

школа, верш

Previous post Next post
Up