На выходных наведаў прэзентацыю кнігі
Дануты Бічэль “Іду сцяжынаю да Бога”. У канцы вельмі цёплай і шчырай імпрэзы набыў кнігу з подпісам паэткі. Данута Янаўна ў сваім выступленні сказала вельмі шмат мудрых слоў пра літаратуру, жыццё, Беларусь. Перадаць вам іх не змагу, бо словы засталіся недзе на падсвядомасці, і некалі, пэўна, трансфармуюцца ў нейкія свае думкі і высновы
Мудрасць сталых пісьменнікаў і паэтаў натхняе. Іх творы ўзбагачаюць твой малады Сусвет. Я толькі пачынаю свой творчы шлях. Першыя публікацыі, першыя зборнікі, першыя сур’ёзныя творы - гэта толькі пачатак. Зараз крыху знаходзішся ў разгубленым стане, на нейкім творчым скрыжаванні поглядаў, ідэалаў, мараў. Куды ісці далей?... І кожная такая сустрэча з сталым творцам нібы кіруе цябе, паказвае прыклад. І кожная новая кніга на паліцы з асабістым подпісам аўтара - нібы новы крок у свет творчасці. Рады кожнай сустрэчы.
Адной з апошніх была сустрэча на 20 міжнародным кніжным кірмашы з Андрэям Федарэнка. Вельмі ўдзячны яму за рэдагаванне майго апавяданне ў ЛіМе і дапамогу з рэкамендацыяй. Апошнім часам прачытаў шмат твораў гэтага аўтара, захапіўся яго творчасцю, нават напісаў
верш “Ніжэй”, як водгук на апавяданне “Дзікі луг”. Творчасць, сустрэча, кніга з подпісам - новы скарб у маім мяху мудрасці.
Больш пазней яшчэ ў 2012 годзе ў Гродна прыязджаў Уладзімір Арлоў з кнігай “Пакуль ляціць страла”. Натхнёны сустрэчай, подпісаў кнігі - прыйшоўшы да дому, напісаў верш, які прысвяціў Арлову і многім сталым паэтам Беларусі, з якімі звёў і яшчэ звядзе, спадзяюся, лёс.
Калі ласка, верш! (на фотаздымку Данута Бічэль падпісвае мне і Насце сваю кнігу)
* * *
Мне да мудрасці вашай далёка,
у свае маладыя гады
спасцігаю пачуццямі, зрокам
з вашых кнігаў асадкі сляды -
і чакаю часіны патрэбнай,
як мая сівізна ў валасах
вашай мудрасцю з твораў нятленных
у маіх адгукнецца радках.