Jun 06, 2011 12:12
зьбіраліся мы ў апошні момант. ужо перад самым вясельлем высьветлілася, што я забыла касметычку ў менску, а ягор узяў ня тыя штаны. ва ўсёй гэтай спешцы мы амаль хорам казалі: "слава богу, у нас не было такога вясельля".
мне дык што, я ўжо раз 10 на такіх вясельлях. а ягор быў упершыню.
цырк на дроце пачаўся, як заўсёды, з выкупа нявесты. аказваецца, у наваполацку з гэтым такая ж лабуда, як і ў нас на радзіме. на кожным паверсе жаніха спыняюць, патрабуюць ад яго ласкавых словаў пра нявесту, загадваюць пошлыя загадкі і чакаюць грошай. напярэдадні яму кажуць, якую суму браць, якімі купюрамі і што наогул купіць - дзьве бутэлькі віна, адну гарэлкі, цукеркі і г.д. усё гэта робіцца выключна для відэа запісу, каб пасьля камусьці паказаць, якая была інтрыга - пройдзе жаніх ці не? аддуць яму нявесту ці не?
аднойчы я была на вясельлі, калі жаніх прама сказаў камандзе нявесты, якая трымала абарону: "я ніхера плясать тут не буду. не хотіте пропускать, прівезете самі в загс, я поехал!" дзяўчаты спужаліся і без выпрабаваньняў прапусьцілі жаніха адразу. але ў наваполацку выпрабаваньні прайсьці прыйшлося - на кожным з 7-мі паверхаў. маці жаніха ўздыхала кожны раз, калі трэба было выконваць новае заданьне. ягор увесь час паўтараў: " ну і брэд" я ж пра сябе думала, што ён яшчэ ня бачыў, як мой швагер таньчыў ламбаду на тазіку разам са сваім сведкам.
пасьля лабуды з выкупам паехалі мы па горадзе. у полацку існуе традыцыя аб'ехаць сем мастоў. мы вытрымалі, здаецца, толькі тры. што мяне зьдзівіла, у праграме не было заплавана заехаць у сафійскі сабор ці спаса-еўфрасінеўскую царкву. хоць на мой погляд, там маглі б атрымацца традыцыйныя банальныя фотаздымкі ў стылі гэтага вясельля. замест гэтага мы паехалі ў нейкую вёску. вёска гэта непрастая, называецца яна царскае сяло. у народзе - "наша рублёвка". там жывуць мясцовыя чыноўнікі і кіраўніцтва нафтана, паліміра і бандзюкі. вёска з багатымі катэджамі, тэнісным кортам, футбольным полем са штучным пакрыцьцём і хамскімі жыхарамі, якіх мы сустрэлі ў мясцовым кафэ савецкага тыпу. навошта сюды прыехала вясельле, я так і не зразумела. але па размовах да мяне дайшло, што гэта такі знак - паказаць, што басота можа пастаяць ля панскіх палацаў. пры гэтым яны ўсё прыгаворвалі, хто дзе жыве. трапіць сюды на пмж - мара кожнай наваполацкай дзевачкі, наколькі я зразумела.
пасьля экскурсіі накіраваліся мы ў рэстарацыю "бір хаўс". нам сказалі, што гэта адна з самых дарагіх установаў такога кшталту ў наваполацку. афармленьне рэстарацыі мне спадабалася - нагадвае "ракаўскі бровар", але абслугоўваньне і кухня - самыя шэраговыя. у савецкай саловай у царскім сяле ўсё гэтаксама. тамада пачаў рваць горла яшчэ да ўваходу, нас угаразьдзіла сесьці ля калонак, таму я ўзьненавідзела яго яшчэ напачатку.
апафеоз сьвята - запрошаная для маладых танцаўшчыца арабскіх танцаў. я адразу ўзгадала серыял "клон" і вясельле ў марока. аказваецца, гэта апошні бзік моды - запрашаць на беларускае вясельле арабскіх танцораў беларускага паходжаньня. для полацка больш звыкла было б запрасіць цыганаў, іх там багата. яшчэ мы на поўным сур'ёзе чакалі, калі з'явяцца стрыпцізёры, бо на такіх мерапрыемствах гэта таксама бывае. гэтым разам абыйшлося, праўда.
я заставалася пагружанай у тэму свайго дыплома пра гендэрныя стэрэатыпы, таму назіраць за тым,, што адбывалася на вясельлі, мне было дужа цікава. нават марціновіч, які апошні месяц талдычыць мне, што няма ў беларусі ніякіх гендэрных стэрэатыпаў і ўсё гэта выдумкі, зьмяніў сваё меркаваньне, калі падыйшоў абрад прысьвячэньня жаніха ў гаспадара хаты, а нявесты, адпаведна, у гаспадыні. маці нявесты зьняла зь яе фату, павязала фартух. а жаніху надзела тапкі, халат і дала пульт ад тэлевізара, падсумаваўшы: "теперь вы начінаете новую взрослую жізнь".
кароч, мы з'язджалі шчасьлівымі, што ў нас такога не было:)
эРБэ,
7'я,
лайф,
навакольле