кінуць усё і з'ехаць зь менску

Nov 29, 2010 13:49

адным лянівым вечарам я спытала ў ягора: "вось уяві: табе кажуць, што трэба будзе з'ехаць на размеркаваньне ў іншы горад. у менск нельга. ніяк. і ў абласныя гарады - ніяк. толькі ў раённыя. але можна самому выбраць гэты горад. які табе падабаецца?" натуральна, што першы адказ быў "ніякі, не хачу я нікуды ехаць"(самая вялікая праблема мінчукоў - гэта іх аседласьць і боязьнь выехаць за мкад:) ), але па просьбе кампрамісу была названая ліда. "ну, ліда хоць бы на трасе знаходзіцца, зваліць можна хутка", - рэзюміраваў ён.
а мне малыя гарады падабаюцца. мне падабаецца нясьвіж, мір, навагрудак, ашмяны, валожын і ракаў. калі я праязджаю па гэтых гарадах, я часта думаю, што магла б там жыць. спачатку працавала б у раённай газеце. пасля пайшла б працаваць да якога-небудзь мясцовага бізнэсоўца, якому магла б прапанаваць свае ідэі. пасьля пачала б свой невялікі бізнэс, які ў рэгіёнах так патрэбны і якога так не хапае. дый канкурэнцыя сапраўды мінімальная. я б не хацела вяртацца ў ваўкавыск. калі прязджаю туды на выходныя, бачу сваіх былых аднаклясьнікаў і сяброў, зь якімі мы будавалі такія пляны, так верылі ў штосьці добрае і вялікае... а зараз яны напіваюцца, працуюць будаўнікамі ці прадавачкамі, і нам рэальна няма пра што гаварыць. у ваўкавыску хочацца захаваць дзіцячы ўспамін пра добрых аднакласьнікаў, які хацелі стаць дактарамі, настаўнікамі, інжынерамі, бізнэсоўцамі. і як мага меньш сустракаць іх сьпітымі і нікому непатрэбнымі.
я ведаю жанчыну, якая жыла ў мінску і па народных мерках была досыць пасьпяховай. у яе была праца і нармальны заробак, яна была замужам і з мужам у іх была ўласная кватэра. такая звычайна пасьпяховая сям'я ў сучасным беларускім разуменьні. здаецца, унутраныя стасункі паміж імі былі дрэнныя. я ня ведаю, з-за чаго былі асноўныя сваркі і спрэчкі, але многія б цярпелі гэта з-за таго, што "замужам", з-за таго, што "кватэра агульная", з-за таго, што "гэта мінск, а лепш за мінск горада ў беларусі няма". а яна не цярпела. больш таго, у сорак год яна пакахала іншага чалавека. з маленькага паўночнага гарадку, дзе славутыя мясціны - дзве мясцовыя турмы, цэнтральная вуліца і ўбытковы завод, на якім працуе палова горада. вар'яцтва зь яе боку -  так здаецца на першы погляд. аднак яна абсалютна шчасьлівы чалавек. спачатку яна працавала каардынатарам інтэрнэт-партала. гэта зараз можна рабіць нават у любой вёсцы. зараз яны з мужам пачалі свой невялічкі бізнэс. яны вандруюць па беларусі. езьдзяць за мяжу. вядуць інтэрнэт-дзёньнікі. і многія каментуюць іхнія правінцыйныя мілыя допісы.
так што нічога страшнага ў тым, каб з'ехаць са сталіцы асабіста я ня бачу. у выпадку, калі пераезд у горадню - выключныя плюсы:), напрыклад.
і яшчэ. многія мае аднакурсьнікі зараз заганяюцца наконт разьмеркаваньня. мяне яно не пужае ня толькі таму, што не закране, але і таму, што нават з гэтага рабства можна адшукаць плюсы (а мінусы чаго шукаць? яны ж і так бачныя, але толькі расстройваюць). якія? ну вось заробак журналіста ў рэгіянальнай газеце, калі працаваць, а не ленавацца, 1,2 млн. руб. не ў кожнай рэспубліканскай газеце, куды яшчэ трэба прасунуцца, такі заробак прапануюць. звычайна ў дзяржгазетах выпускнікі працуюць за 800 тыс. руб. арэнда кватэры ў менску пачынаецца ад 180$, у той час як у маленькім горадзе вышэй за 100$ вы ніколі не заплаціце. дый гэтыя 100$ будуць за 2-3 пакаёвую кватэру. пісаць у рэгіёнах можна пра ўсё, што заўгодна. таму што тое, што ў мінскіх рэдакцыях называюць банальнасьцямі, да рэгіёнаў ніколі не даходзіла. а павінна было. таму сацыяльныя тэмы і рассьледаваньні там будуць чытацца на ура. на разнастайныя семінары за мяжой любяць запрашаць рэгіяналаў. і калі ад мінску трэба набраць 5 чалавек са 100, то з рэгіёнаў звычайна пяць, але больш за 10 заявак не паступае. і статуснасьць, калі яна для кагосьці важная. у мінску вы адзін з сотні. а ў рэгіёне вас чытаюць і  ведаюць. тым больш, у раённым горадзе можна фрыланіць і для рэспубліканскіх медыяў.
на інтэрнацкай кухні мы разважалі пра разьмеркаваньне з настай, якая маральна ўжо гатова паехаць у рэгіён. і ня бачыць у гэтым трагедыі. таму што трагедыя - гэта калі вы тры гады адпахалі  ў вядомай газеце краіны, вам плацілі за гэта толькі 600 тыс., а на разьмеркаваньне возьмуць сваяка рэдактара, дэкана, міністра і г.д. так што да нясьвіжа, івацэвічаў, слоніма і іншых гарадоў трэба быць гатовым загаддзя. тым больш, што добры горад знайсьці можна. і ня ўсё шчасьце сканцэнтравана ў менску. я ўпэўнена ў гэтым.

дурфак, лайф, развагі, навакольле, сама _па_сабе, гарады, журналістыка

Previous post Next post
Up