Гарадок

Jan 03, 2010 13:03

Я нарадзілася ў горадзе Ваўкавыску. Гэта мястэчка, дзе зараз пражывае каля 50 тыс. чалавек, знаходзіцца  на Захадзе Беларусі. На выходныя і сьвяты сюды складана даехаць цягнікамі і аўтобусамі, хоць у горадзе - буйны чыгуначны вузел, два вакзала, лакаматыўнае дэпо, квартал чыгуначнікаў, два аўтапаркі... і немцы бамбілі Ваўкавыск вельмі хутка - з-за дарог. Але паколькі моладзь актыўна мігрыруе у Менск, Горадню і Баранавічы, то білеты на начны цягнік трэба браць за месяц да ад'езду. Калі цягнік прыходзіць на вакзал "Ваўкавыск - горад", пачынаюцца гонкі да таксі. Грамадскі тарнспарт ходзіць ня вельмі добра, маршрутак увогуле няма, але ад таксістаў вельмі шмат прапановаў для такога малога горада. Бізнэс з таксоўкамі распачынаў Мікалай Аўтуховіч, які зараз сядзіць у турме. Дзякуючы яму, людзі без уласных аўтамабіляў пачалі нармальна перасоўвацца з аднаго канца горада ў другі. Зараз у горадзе каля 10 фірмаў, якія прапануюць такія транспартныя паслугі.
Я жыла ў мікрараёне "Сонечны". Гэты раён быў створаны ў савецкія часы. І ніхто з маіх знаёмых ня ведае, што было на месцы нашых дамоў раней. Чула аднойчы, што тут былі балоты.
Мой пяціпавярховы дом знаходзіцца ў вельмі зручным месцы на вуліцы, якая сьмяшыць сваёй назвай маіх знаёмых - Гарбатава. Як любіць казаць мая бабуля, "тут і садок побач, і школа, і паліклініка, і аўтобусны прыпынак, і крамы, і міні-рынак". Сапраўды, усё вельмі блізка.
У нашым пад'ездзе жывуць вельмі простыя і добрыя людзі. Мы сябруем сем'ямі. У дзяцінстве кожны Новы год сустракалі вялікімі кампаніямі на розных кватэрах: спачатку ў Моўлікаў, пасьля ў Данілюкоў, пасьля ў Дарожак, Ходакаў, Калядоў,  у нас, у Сазонаў...
Пасьля застольля дарослыя таньчылі на вялікмі калідоры на паверсе, а мы, дзеці, падымалі дом на вушы ў кватэрах.
Дзеці былі амаль аднаго ўзросту. І мы гулялі ў школу, "Любовь с первого взгляда", бойкі, віктарыны, хованкі... У нас амаль не зачыняліся дзьверы і любая кватэра магла стаць "прахадным дваром". Цёця Адзеля гатавала смачныя беляшы, і калі мы чулі гэты пах, то званілі ёй у кватэру, а яна гатавала заўсёды з запасам і для нас.
Наш дом стаіць на высокай гары, таму ў катаньнях на санках мы мелі прыярытэтнае месца ў чарзе:) І каталіся да пасіненьня.
Пасьля мы павырсталі, і нас раскідала каго-куды. У асноўным пераехалі ў Горадню і Менск.
Мая лепшая сяброўка Саня, якая жыла ў суседнім доме, пераехала ў Менск. Яе бацькі - у ЗША. І яна таксама хутка да іх адправіцца. Раней мы пісалі адна адной лісты, і перакрыківаліся праз гаўпцы, асабліва перад экзаменам у школе ("Халява!"). Мы разам хадзілі ў музычную школу, балаваліся па тэлефоне, сьпявалі песьні пад караоке і фартэп'яна, праугльвалі заняткі ў школе, вучыліся гатаваць пірагі і салаты, абмяркоўвалі няшчаснае каханьне, гулялі з сабакамі Бімам і Нікай ...
Калі цяпер я прыязджаю ў Ваўкавыск, я шмат узгадваю пра сваё дзяцінства. Гэта прыемныя ўспаміны, але цяпер там амаль нічога не засталося майго ... Горад стаў іншым. Не маім. І гэта насамрэч сумна. Асабліва, калі маўклівым ранкам у першыя навагоднія дні ідзеш па вуліцах.
Але, здаецца, у гэтым годзе я зразумела, што насамрэч люблю яго - спакойны, утульны і мілы горад, дзе ў дзяцей ў дзяцінстве дакладна было шчасьце.

Мая краіна Беларусь, сама _сабе, падарожжы, лайф, настальгія, наваколле

Previous post Next post
Up