нешта было мне сёння сумна. і горла дзярэ, і недзе там унутры таксама... зашчаміла. паэты, мабыць, у такія моманты пішуць вершы, а я перакладаю (калі знайду што). вось даўно не перакладала нічога Бука. можна сказаць, забылася зусім... а сёння ўспомніла. гэты верш любяць часта цытаваць замежныя маладзёны ў жж. не скажу, што магу цалкам пагадзіцца з Букам, з тым, што ён там напісаў. і ў яго пафасу хапае. такога сабе пафасу, замаскіраванага пад антыпафас. ну але бог з ім. якая я яму суддзя? мая справа маленькая -- верш перакласці крышку палячыцца. :)
Чарлз Букоўскі
дык ты хочаш быць пісьменнікам?
калі выбухам не імкне з цябе
ўсяму насуперак,
не трэба.
пакуль няпрошанае не рвецца
з твайго сэрца і твайго розуму,
з твайго нутра,
не трэба.
калі праседжваеш гадзінамі,
утаропіўся ў манітор,
згорбіўся над
друкаркай
у пошуках словаў,
не трэба.
калі займаешся гэтым для грошай
ці славы,
не трэба.
калі займаешся гэтым, каб пакласці
жанчыну ў ложак,
не трэба.
калі доўга сядзіш,
перапісваючы зноў і зноў,
не трэба.
калі табе цяжка нават падумаць пра гэта,
не трэба.
калі спрабуеш наследаваць
некаму іншаму,
забудзься.
калі трэба счакаць, каб зараўло
ў табе,
чакай цярпліва.
калі ж ніколі ў табе не раве,
займіся чым іншым.
калі спачатку імкнешся прачытаць жонцы,
ці сваёй дзяўчыне, ці хлопцу ,
ці бацькам, ці каму там яшчэ,
ты не гатовы.
не будзь, як многія пісьменнікі,
не будзь, як многія тысячы людзей,
што завуць сябе пісьменнікамі,
не будзь нудным, сумным,
прэтэнцыёзным. ніколі не будзь сама-
закаханым.
бібліятэкі ўсяго свету
пазяхаюць ва ўвесь рот
ад такіх, як ты.
хопіць ужо.
не трэба.
пакуль не імкнецца на волю
з тваёй душы ракетай,
пакуль бяздзеяннем не штурхае
цябе да вар’яцтва,
забойства ці самазабойства,
не трэба.
пакуль сонца ўнутры цябе,
не выпаліць кішкі,
не трэба.
калі ж праўда прыспеў час,
і ты быў абраны, усё
здзейсніцца
само па сабе і будзе здзяйсняцца,
пакуль не памрэш ты ці яно ў табе.
няма іншага шляху.
і не было ніколі.
Арыгінал тут:
http://www.poets.org/viewmedia.php/prmMID/16549