Па-праўдзе, я дзяўчына дастаткова цёмная. Імя Ўістан Х'ю Одэна пачула зусім нядаўна, бо, хоць і навучалася ў ін'язе, дзе мы праходзіла курс як ангельскай, так і амэрыканскай літаратуры, але яго імя сярод вынесеных на разгляд пісьменьнікаў і паэтаў, не фігуравала. Я чытала пераклады яго вершаў на беларускую, што бывалі ў фрэнд--стужцы. Ну і пэўна ўсё. Але зацікавіў ён мяне, як ні дзіўна, найперш сваімі эсэ. Арыгіналы можна знайсьці
тут Гэтыя два эсэі "Чытаньне" (Reading) і "Пісаньне" (Writing) уяўляюць сабой збор афарызмаў на абазначаныя ў загалоўках тэмы.
Хачу проста прывесьці колькі цытатаў зь іх:
Чытаньне
"Чытаць значыць перакладаць, бо няма двух людзей з аднолькавым успрыманьнем. А благі чытач як благі перакладчык: ён літаральна перакладае там, дзе трэба пераказаць сваімі словамі, і пераказвае сваімі словамі тое, што патрабуе літаральнага перакладу".
"І хаця літаратурны твор можна чытаць некалькімі спосабамі, іх колькасьць абмежаваная і ўтварае пэўную гіерархію: некаторыя прачытаньні больш “праўдзівыя” за іншыя, некаторыя больш спрэчныя, некаторыя відавочна памылковыя, а бываюць такія, як напрыклад чытаньне раману з канца ў пачатак, што аказваюцца зусім недарэчнымі. Вось таму на бязьлюдны востраў з сабой нашмат лепш узяць добры слоўнік, чым які-кольвек літаратурны шэдэўр, бо ў стасунках з чытачом слоўнік абсалютна пасіўны і лягічным чынам дазваляе прачытваць сябе бясконцай колькасьцю спосабаў".
"У літаратуры вульгарнасьці заўжды аддаюць перавагу перад нікчэмнасьцю, гэтак сама, як партвэйну перад дыстыліраванай вадой."
"Адзіная рэч, якую я заклікаю крытыкаў не рабіць, дык гэта казаць мне, што я павінен ухваліць, а што зганьбіць. Я зусім ня супраць, каб ён падзяліўся са мной сваімі меркаваньнямі наконт любімых твораў і аўтараў; ды й напраўду ведаць іх надзвычай карысна, бо супаставіўшы тое, што ён лічыць за лепшае, са сваімі ацэнкамі кнігаў зь яго сьпісу, я буду ведаць, наколькі яго характарыстыка твора, які я не чытаў, можа супасьці зь маёй. Але нельга дазваляць крытыку распаўсюджваць свае законы на мяне. Адказнасьць за тое, што чытаць, ляжыць цалкам на мне, і ніхто больш ня можа зрабіць за мяне гэты выбар".
"Да крытычных адзнак пісьменьнікаў варта заўжды ставіцца скептычна, бо ў большасьці сваёй, яны праява асабістых ўнутраных спрэчак з нагоды таго, што яму варта рабіць далей і чаго пазьбегнуць. Больш за тое, у адрозьненьне ад вучонага, пісьменьнік нашмат менш абазнаны ў тым, чым займаюцца яго калегі ці грамадзкасьць. Паэт за трыццаць можа ўсё яшчэ быць прагным чытачом, але наўрад ці большасьць з таго, што ён чытае, - сучасная паэзія".
"Некаторыя кнігі незаслужана забытыя, але ніводную ня памятаюць незаслужана".
"У пісьменьніка, а часьцей у паэта, людзі, якія, па ідэі, павінны ведаць лепш, часта запытваюцца: “Для каго Вы пішаце?” Пытаньне, безумоўна, бязглуздае, але бязглузда адкажу і я. Бывае я знаходжу кнігу, якая, я адчуваю, была напісаная для мяне і толькі для мяне. Нібы раўнівы каханак, я не хачу, каб нехта яшчэ чуў пра яе. Мець мільёных такіх чытачоў, якія, не здагадваючыся пра існаваньне адзін аднаго, палка чытаюць яе і ні з кім не абмяркоўваюць, вось гэта, я перакананы, мара любога аўтара".
Пісаньне
"Тэарэтычна аўтар добрай кніжкі павінен заставацца ананімным, бо захапленьне выклікае менавіта яна, а ня ён. На практыцы ж такое цяжка ўявіць. Пры гэтым усхваленьне і ўвага грамадзкасьці, якія часам атрымлівае аўтар, зусім не настолькі згубныя, як гэта можа падацца. Таксама, як дабрадзей адразу забываецца на свой учынак, так і сапраўдны пісьменьнік выкідвае з галавы думкі пра напісаны твор і пачынае ўжо разважаць над новым, і калі наагул думае пра сваю мінулую кнігу, то лепш памятае яе заганы, чым вартасьць. Слава часьцяком робіць пісьменьніка ганарыстым, але толькі зрэдчас ганарлівым".
"Калі пасьпяховы пісьменьнік аналізуе прычыны свайго посьпеху, ён звычайна недаацэньвае свой прыродны талент і пераацэньвае сваё ўменьне яго прымяніць".
"Калі сапраўдны дурань кажа, што ўпадабаў мой верш, у мяне адчуваньне, што я абчысьціў яго кішэні".
"Вялікі пісьменьнік ня можа бачыць праз сьцены, але ў адрозьненьне ад нас, ён іх не ўздымае".
Толькі чалавек малога таленту можа быць джэнтэльмэнам, у вялікім жа таленце заўсёды ёсьць нешта ад грубіяна. Адсюль і прызначэньне другарадных пісьменьнікаў - навучаць добрым манерам. І шторазу пасрэдны твор, дасканала выкананы, можа прымусіць майстра засаромецца самога сябе".
"Рыфмы, памеры, строфы і г. д.нечым нагадваюць служак. Калі гаспадар сваёй справядлівасьцю можа заваяваць іх прыхільнасьць, а сваёй цьвёрдасьцю выклікаць павагу, тады вынікам стане дагледжаная і шчасьлівая гаспадарка. Калі ж ён занадта дэспатычны, яны звольняцца, а калі яму не хапае характару, сядуць на галаву, зробяцца неахайнымі, пачнуць піць і хлусіць".