Мэцью Дзікман

Sep 14, 2008 20:55

Павольны танец

Больш, чым новыя палёты на месяц,
больш, чым навагодні зарок пра ёгу і ёгурт,
нам трэба нагода патанчыць
з самай сапраўднай незнаёмкай. Павольны танец
між канапай і сьвяточным сталом у канцы
вечараны, пакуль тая, каго мы кахаем, сышла
падагнаць машыну,
бо пачаўся дождж і, ён разаб’е яе сэрца,
калі нехта з нас намокне. Павольны танец,
каб паклікаць вечар дахаты з прысадаў парку. Двое
калышуцца ўперад і ўзад марскімі буйкамі. Усё звычайна.
Ціхая музыка. Пустая бутэлька віскі.
Нечым гэта падобна да здрады. Твая галава
на яго плячы, дыханьне тваё на яго шыі.
Твае рукі трымаюць яе за сьпіну. І папяровай сурвэткай
разгортваюцца яе сьцёгны.
Ты пачынаеш думаць, наколькі ж усе зоркі ў небе
зьмярцьвелі. Цела маё
з тваім целам гаворыць павольным танцам. “The Unchained Melody,”
“Stairway to Heaven,” павольны танец электрашнуру.
Я ўсё жыцьцё рабіў памылкі. Малыя
й вялікія. Складаў пляны.
Іх не зьдзяйсьняў. Еў ежу і піў віно.
Толькі павольнаму танцу ўсё роўна. Ён добры, як дзеткі
да чатырох гадоў. Як абдымкі
майго брата. У павольным танцы братоў.
Двое мужчын сярод залі. Калі я таньчу зь ім,
маёй вялікай любоўю, ён робіцца сапраўдным чалавекам,
і калі хоча схіліць мяне,
ці я наступаю яму на нагу, бо мы абодва вядзем,
я ведаю, што адзін з нас памрэ першым, і будзе тужыць другі.
Павольны танец будучыні
і павольны танец бяссоньня
разьліваецца па падлозе мыльнай вадой.
Калі жанчына, зь якой я сплю,
стаіць голая ў ваннай
і чысьціць зубы, павольны танец рытуалу пляўком
ляціць у ракавіну. Няма каму ратаваць нас,
бо й ратавацца ня трэба.
Я крыўдзіў цябе. Я кахаў цябе. Я касіў
наш газон. Калі незнаёмка ў кароткай белай сукенцы
зь мільёнам блёстак
наблізіцца да мяне нібы зьнянацку ажыўшая пажадлівая жырандоля,
я вазьму яе руку ў сваю. Я закружу яе.
Я разьвярну яе. Міндалевым садам
у цёмным павольным танцы.
Вось што павінны мы зараз рабіць. Біцца
за шчасьце. Хайку й халва. Аранжык і арангутанг.

Тут ёсьць арыгінал.

пераклад, matthew dickman

Previous post Next post
Up