(no subject)

May 21, 2019 16:59

Міхась Южык

ЛіМаразм-272



Любоў натуральная

Сёння прыспела пара разбавіць штодзёншчыну рубрыкі і пагаварыць на вечна важную тэму - лібіда, палавую любоў. Бо нармальная, а не савецкая мастацкая творчасць, заўсёды прасякнутая эрасам. Ад Гамера да пахабніка Віктара Ерафеева.

Рэч у тым, што чалавек увогуле істота неўратычная, як і ўвесь соцыум. І чым больш ён развіты і цывілізаваны - тым горай. Сістэмы табу, што атачаюць нас з ранняга дзяцінства, пастаянна гнятуць, падаўляюць. І здаровыя прыродныя жаданні ў тым ліку. Тут адразу агаворымся, што без табу не будзе чалавека і чалавецтва, таму наша нервовасць - плата за гонар быць “царамі прыроды”.

Не стану ўдавацца ў глыбіні псіхааналізу, бо ён патрабуе мінімум кнігу. Скажу толькі пра самае істотнае - эрас.
Чалавек пры добрым кармленні, якое забяспечвае цывілізацыя, выспявае ў палавых функцыях гадам к дванаццаці. І пачынае нежартоўна хацець процілеглы пол у самым прамым, плоцевым сэнсе. А ў чатырнаццаць падлетку нават сярэдняга тэмпераменту не проста патрэбны секс, а выконваць гэтае фізіялагічнае адпраўленне неабходна штодня. Аднак, самі разумееце, што ажыццявіць такое дужа цяжка. І вось чаму. Выспець той падлетак выспеў для спаравання, а вось не тое каб для кармлення і гадавання нашчадкаў не гатовы, а сядзіць яшчэ на бацькоўскай шыі трывала. Бо не можа нават сябе пракарміць. Яго толькі вучаць гэтаму. І абучэнне працяглае, паколькі соцыум цывілізаваны дужа складаны. І раней за дваццаць гадоў не можа гадаваць маладзён наш нашчадкаў - гэтых непазбежных крыклівых і патрабавальных прадуктаў салодкага сексу.
Уявіце сабе, каб дазволіў соцыум прышчаваму падлетку вольна ажыццяўляць свае эратычныя мары. Колькі б напладзілася чалавекаў. І што б з імі рабіць?

Таму асноўнае і галоўнае табу цывілізаваных людзей - на секс. Менавіта з меркантыльных прычынаў. Бо сама па сабе палавая любоў - вельмі неабходная рэч ва ўсіх планах. Пачынаючы ад здароўя цела да псіхікі.
Такім чынам, выспеўшы цалкам у 12 гадоў, юнак мусіць пражыць у сярэднім да дваццаці двух, не ажыццяўляючы асноўнага інстынкту, падаўляючы адно з самых натуральных жаданняў. І толькі, ажаніўшыся ў 22-30 гадоў, ён можа нарэшце сябе не мучыць.

Сумная, нібыта грэх, паненка,
Быццам бы туман, на ёй сукенка.
Ты за ёй ідзеш, нібы сабака,
Прад табой, як рай, паненкі срака.
Думаеш сабачымі мазгамі:
Заваліць паненку б пад кустамі.
(Віктар Шніп, з кнігі “Чырвоны ліхтар”)

І вось тут чалавецтва прыдумляе хітрыкі  - як абысці, падмануць здаровае жаданне сексу. Загрузіць вучобай, шахматамі, спортам, паходамі так, каб 1) стаміць; 2) было мозгу цікава. Зацікаўлены мозг, зрэшты, забывае на секс толькі часова. І як толькі не заняты абавязкамі ці гульнямі - тут жа ўспамінае з усёй тамлівасцю пра асноўную асалоду жыцця, другі пол.
Музыка і паэзія, і ўвогуле мастацтва найлепей падманваюць палавую любоў. Бо сексуальны аб’ект, асабліва жаночага полу, чалавеку ўласціва паэтызаваць, фантазіруючы. Вось тут і падсоўваюць нам прыгажосць, толькі іншую - прыроды, подзвігу, патрыятызму. То бок падманваюць і адцягваюць час.

Гэта вельмі складаныя гады: калі юнак марыць усёй істотаю пра адно, а яго прымушаць нагружацца і азадачвацца іншым. Не ўсе бязбольна перажываюць гэтае дзесяцігоддзе. Бо працэсы ў арганізме ідуць, гармоны вылучаюцца. А юнак можа адно глядзець на жанчын, нюхаць іх, толькі распаляючыся. Ёсць пах ежы. Няма працэсу абеду. Прычым за сам абед яму пагражаюць пакараннем, страшаць. А страх у пэўнай ступені - прыцягвае.

З кучаравым сытым афрыканцам
Ты жывеш у цесным інтэрнаце.
На мяне глядзіш, як на паганца,
Для якога тут не ў джынсах шчасце.
(Віктар Шніп)

І ўжо няможна наталяцца аднымі фантазіямі, а таму маладзён задавальняе лібіда ненатуральнымі спосабамі, мастурбіруючы. Што таксама псіхіку не аздараўляе. Або падварочваецца адзінокая фігурыстая цёця, маміна сястра, і абучае сексу маладое нагаладалае цела. Або сястра старэйшая трэніруе таемна. І добра, калі стрыечная хаця б, а не родная. Але гэта толькі часовая палёгка ў плане здароўя. Бо над актам такім нязменна вісіць пагроза, пакаранне, пачуццё віны, якое ўнушае соцыум. А галоўнае - непазбежныя дзеці палохаюць, якія раз-пораз такі нараджаюцца, нягледзячы на ўсе меры перасцярогі. Лезуць нахабна на свет.

То бок і стрымліваць сябе кепска аскезаю - узрываецца мозг. І мастурбіраваць пагана. І наталяцца незаконна - не вельмі. За ўсё вісіць над чалавекам меч пакарання. А між тым жаданне самае натуральнае, прыроднае, як абедаць. За ноч мужчына і жанчына перажываюць у сне (дзе няма табу) некалькі эрэкцый, выявілі вучоныя. То бок сама прырода крычыць - хачу жыць! А не будзеш слухаць мяне - станеш пакутаваць.

Але пры добрым выхаванні, правільным і своечасовым тлумачэнні тонкасцяў, пры сублімацыі інстынкту ў мастацкую творчасць - многім і многім удаецца адносна бязбольна мінуць гэты перыяд. І рана ажаніцца з дзяўчынкай, з якой сябраваў у студыі маладых скрыпачоў. Ну а далей - нармальная сям’я, вернасць, дзеці, і сексуальны дыскамфорт праходзіць, бо базавыя інстынкты задаволены. Таму можна і музыкай пазаймацца. Калі ж цябе курчыць ад голаду, а перад тварам трымаюць духмяны абед - не памузіцыруеш неяк.

У пятнаццаць гадоў ты жанчынаю стала,
А магла ты і сёння дзяўчынкаю быць.
Ты на вуліцах мінскіх начамі гуляла
I любіла ты ў джынсавай міні хадзіць.
I цяпер ты гадуеш смаркатага сына,
I не ходзіш з сяброўкамі ў школу даўно.
А твой першы, табе невядомы, мужчына
З прастытуткамі п’е ў рэстаранах віно.
(Віктар Шніп)

Таму ўсё наша мастацтва - гэта кангламерат разнастайных неўрозаў чалавечых адзінак і соцыуму. Паколькі, нават ажаніўшыся, трэба няспынна думаць, каб не зацяжарыць. Бо і адзін, і два дзіцяці ўжо ёсць. Навошта пладзіць галадранцаў? То бок зноў палавы акт з асалоды перарастае ў насцярогу, атручваецца ёй, бо гэта меч над галавою суровы. А калі засцерагаешся ад цяжарнасці - парушаеш яшчэ і здароўе фізічнае, і выплывае праз колькі гадоў анкалогія. Або жывеш пад страхам яе.

Часта здзіўляўся шчасцю ў вачах шматдзетных маці, бацькоў. Поўная хата ратоў, няма ні хвіліны прадухі - а яны з усім спраўляюцца лёгка, бо здаровыя, не парушаюць ніякіх законаў. Сілкуюцца сустрэчнай любоўю ад неразбэшчаных дзяцей. І дзяржава дапамагае, і добрыя людзі. А галоўнае, сумленне чыстае - не забіваў жывых душ праз аборты.

Гэта што тычыцца творчых людзей. У люмпенаў нашмат прасцей будзе. Не адарвеш іх з 12 гадоў ад палавога жадання ні скрыпкаю, ні малюнкамі. Таму рана і груба, і без сораму спазнаюць яны секс недзе пад плотам, у дрывотнях, на блатных хатах са шлюхамі. Жэняцца рана, ці сужыцельствуюць без комплексаў. Грубае быдла. Ды адзін плюс - неўрозаў, якія адымаюць сілы і само жыццё, у іх не бывае.

Ну а ты салдатаў паважаеш.
Колькі з імі правяла ты ночак!
Хутка ты ўжо бруха нагуляеш.
Ну а замуж браць - ніхто не хоча.
(Віктар Шніп)

Так ужо стварыла прырода людзей - як батарэйкі. Ёсць плюс і мінус - павінен быць ток. А няма току - выкідай батарэйку, не жыве. Мужчыны памятаюць гэтую акрыленасць душы, калі спазнаеш першы пожад нават. Не кажучы пра акт палавы. І зусім ужо добра - пры ўступленні ў сталую сувязь. Інтарэсы твае і другога чалавека раптам поўнасцю супадаюць па асноўным кірунку - эратычным, за якім стаіць не жарт, а працяг чалавечага роду. То бок не трэба асабліва ўжо таіцца, і ніхто не асуджае, калі табе за 17, а нават глядзяць паважліва. І рэчы паўсядзённыя, якія да гэтага не былі паэтычнымі, - ажываюць. Так дзейнічае натуральны наркотык палавой любові - самы моцны і верны, і карысны з наркотыкаў. Бо адзін ён, апроч ежы, і ёсць канструктыўным. Заўзятарства, шахматы, рыбалка, спачатку завабіўшы, потым неўратызуюць, атручваюць, а выбавіцца ад іх цяжка. Займаешся глупствам, тады як мог жыць каханнем і сексам, і выхаваннем нашчадкаў. І мець устойлівы, амаль эдэмскі камфорт.

Ну а яна на нас і не глядзела,
Былі ў яе другія жаніхі,
Якім яна сваё спяліла цела
I сніла несусветныя грахі.
Ды час ляцеў і ляснуліся мары -
Не стала ў камсамолкі жаніхоў
I нас таксама - мы ўжо грэлі нары,
Дзе ўспаміналі першую любоў,
Спартсмэнку, прыгажуню, камсамолку,
Што ў нашым доме з мамачкай жыла,
Што ад самоты села на іголку
I мамачку ў магілу завяла.
(Віктар Шніп)

Прыроду не падманеш. І любоў да процілеглага полу не заменіш нічым. Таму з дзесяцігоддзя падаўлення гэтага здаровага жадання многія выходзяць калекамі - імпатэнтамі, гомасексуалістамі, або распуснікамі і нават ман’якамі, псіхамі. Доўгае ўтрыманне ад палавога жыцця Фёдара Дастаеўскага, па-першае, спарадзіла ўнікальную, сексуальна напружаную творчасць. А па-другое, прывяло яго блізу 40-годдзя да неўтаймоўнага, хваравітага эратызму і фатальнай жанчыны. Правобразам яна стала для ўсіх фатальных гераінь яго позніх раманаў. А супакоіла пісьменніка зноў жа - нармальная палавая любоў і сям’я. Нават прыпадкі эпілепсіі максімальна зменшыліся.

Куды пайсці? Куды падацца?
Каго любіць? Каму аддацца?
Адвечныя, як пыл, пытанні
Зноў ажылі на сонцы ўранні…
(Віктар Шніп)

І тым не менш - чалавецтва не было б самім сабой, каб не мела неўротыкаў - навукоўцаў геніяльных, мастакоў, музыкантаў, паэтаў. Патрэбныя яны ці не - рытарычнае даволі пытанне. Бо каб існаваў Эдэм - лёгкадаступны секс і трывалая любоў, і плады на дрэвах, то для шчасця не патрэбныя паэзія і пошукі сэнсу. А паколькі чалавек быў спакушаны сэнсам, то страціў спакой, і мае тое, што мае, Пакуль што міні-Эдэмам ёсць здаровая шматдзетная сям’я, дзе нашчадкі не толькі раты, а руплівыя памочнікі з самага малога ўзросту.
 

ЛіМаразм, ЛітРЭФлексіі, філасофія

Previous post Next post
Up