(no subject)

May 21, 2019 16:59

Міхась Южык

ЛіМаразм-271



Няштучная сутнасць

Раблю спробы пранікнення ў вершаваную частку бібліятэкі “Камунікат”. І становіцца страшна, бо на сённяшні момант гэтая электронная бібліятэка і ёсць найбольшая Беларусь з усіх магчымых. Даступная ўсім па зямным шары. І максімальна не фальшывая. Бо часопісы тоўстыя скажае асоба галоўнага рэдактара, як тое адбылося з “Дзеясловам”, напрыклад. Рэдактар навязвае свой суб’ектыў, як бы ён ні хацеў быць справядлівым. На “Камунікаце” асаблівай палітыкі і любімчыкаў няма, тут усе роўныя перад Гісторыяй і Беларуссю. Захадзі - і жыві на роднай мове, колькі заўгодна. Пішы - і сам папаўняй бібліятэку.

Аднак за мітуснёю штодзённай і славалюбнымі амбіцыямі мы мала цікавімся - давайце па шчырасці - творамі сабратаў па пяры. У прынцыпе, гэта дапушчальна для творцы, бо ён мусіць быць чалавекам самадастатковым. Начытаўся ў маладосці - і хопіць. А далей твары сам. Гэтым чытаннем і аналізам павінны займацца крытыкі і літаратуразнаўцы. А такіх у Беларусі або замала, або яны ніяк не праяўляюцца ў перыёдыцы. Таму наша нацыянальная творчасць у галіне літаратуры (нават самых крыклівых - Глобуса, Бахарэвіча, рускамоўнага Марціновіча…) аказваецца не прааналізаванай. Імёны ведаюць. А што ёсць іх творчасць - думай сам, дылетант.

У раздзеле “Мастацкая літаратура” натрапіў я на кнігу паэзіі 2013 года Анатоля Брусевіча. Серыя “Кнігарня пісьменніка”, выпуск 32, здзейсніў Саюз Беларускіх Пісьменнікаў. І калі СБП сапраўды сам фінансуе  гэтую серыю, то гонар яму і хвала. Бо ў “Мастацкай літаратуры” і холдынгу “Звязда” - на 90 адсоткаў друкуюцца старадаўнія псеўдакласікі ды самі работнікі гэтых устаноў.

Анатоля Брусевіча мы разглядалі на старонках рубрыкі паводле вершаванай публікацыі ў “Дзеяслове”. Ён творыць якраз у той плыні, якую ваш крытык паважае і любіць - строгая класіка. Сцісласць, філіграннасць. Прынамсі імкненне да гэтага. Бо паэт, як ніхто, мусіць быць максімальна аддалены ад пустой балбатні.

З асаблівасцяў рубрыкі, паколькі мы ажыццяўляем у адзіночку разгляд усёй паэзіі перыёдыкі краіны, немагчыма яшчэ і прачытваць наскрозь аўтарскія кнігі паэзіі. Няма ні сілаў, ні часу.
Таму вершы для аналізу ўзятыя літаральна наўздагад, мернымі адрэзкамі па масіве зборніка. Каб выключыць прадузятасць.

Верш №1

* * *
Нашто чакаць?
Смяецца чэрап поўні.
Навокал - ноч, і ўсім даўно ўсё роўна,
Нашто чакаць.

Куды ісці?
Дарога люстраная,
Таму ніхто з вандроўнікаў не знае,
Куды ісці.

Хто ты такі? -
Пыталіся ў паэта.
Паэт, як ноч, маўчаў усмешкай светлай.
Ён быў глухі…

Дацэнт гродзенскага БДУ, філолаг Брусевіч вельмі патрабавальны да формы. Разнастайны і не гоніць вечны аповед пра Гаўрылу ў адным строі.

Але гэта толькі адзін бок высокай паэзіі - умець з формаю ладзіць. Другі - унутранае напаўненне, сапраўдныя, а не падробныя буры ў душы, прыродны творчы тэмперамент, а таксама ўсталяваная арыгінальная філасофія. З другім бокам, такім чынам, у Брусевіча горш. Ён больш пазіруе формай, чым перадае нутраную сутнасць.
Паэт у гэтым творы паўстае нейкім гарэзам - змрочным, “як ноч”, ды са “светлай усмешкаю”. А яшчэ і “глухі”. Не прывядзі Божа такія паэты.

Ёсць і стылістычныя хібы. ...“і ўсім даўно ўсё роўна” - досыць каравы для лірыкі выраз.
Злучэнне “не знаю” ў дадзеным выпадку русізм. У нас - “не ведае” будзе правільна.
 І тым не менш, менавіта праз адпрацаваную форму верш глядзіцца нашмат мацнейшым, чым мнагаслоўнасць, напрыклад, Шніпа ці Камейшы. І нават перасягае часам неахайную цеплыню такога ж выкладчыка літаратуры Міколы Шабовіча. Шчырасці ды цеплыні ў Шабовіча часта больш, але з формай - болей разбэрсанае.
Параўнанні прывёў толькі таму, каб не думалі, быццам пад адзін грэбень усіх падстрыгаем.

Верш №2:

* * *
І дзень і ноч на дол спадае
З нябёсаў чорная лістота.
Глядзяць з пакорлівым пытаннем
Уверх двухногія істоты.

І дзень і ноч не бачна свету
За чорным лісцем і пытаннем,
І тонуць моўчкі сілуэты
На дне сухога акіяна.

І дзень і ноч крычаць да болю
У сне паэты, а паяцы
Амаль не чуюць іхніх словаў:
«Эдэм засох. Куды вяртацца?»

Тут аўтар абвінавачвае нябёсы ў “чорным лісці” і, трэба меркаваць, у нягодах людзей. Тады як гэтыя нябёсы дакладна зла чалавеку не жадаюць, бо населены сонмам анёлаў і святых. Негатыў струменіць з іншых месцаў - падземных, вобразна кажучы, а таксама сілкуецца самім чалавекам з часоў грэхападзення.

Тут праявілася ўжо ўзгаданая мной няўстойлівасць, неўгрунтаванасць філасофіі аўтара. Ён толкам не ведае, што дабро, а што зло. А, напрыклад, Талстой вельмі патрабаваў гэта ад аўтараў. Хоць сам і заблытаўся ў выніку.
Хібы кшталту “не бачна свету…за пытаннем” - вылучаны. Напрыклад, “іхніх словаў” - “іхніх” форма гутарковая, а “словаў” - няправільная, бо трэба “слоў”.

Акіян сухога лісця - коўзкая метафара. Хоць можна, напружыўшыся, і дапяць, што не вадой жывой пояць людзей гэтыя заганныя, паводле паэта, “нябёсы” - а паражняком.
Праз гіблую філасофію і верш аказаўся бяскрылы.

Верш №3:

ШЧАСЦЕ

Вось яно, шчасце, - прачнуцца ранкам
(Бо можна было б зусім не прачнуцца)
І глядзець, як аблокі будуюць старанна
За акном тваім сотні цікавых канструкцый.

Вось яно, шчасце, - летам халодным
Адчуваць цяпло жаночага цела,
Адчуваць на вуснах гарачы подых
І ў кіпені жарсцяў тануць звар’яцела.

Вось яно, шчасце, - апошнія грошы
Аддаць на віно і напіцца да трасцы,
А потым сядзець з тварам паношаным
І думаць: «Няма ніякага шчасця».

Вартасці першых двух твораў тут прысутнічаюць, але ў меншай прапорцыі да агрэхаў. Бо слоў стала зашмат.
“Бо можна было б зусім не” - нягожа, каструбавата для лірыкі.
Як і выраз “вось яно”, што паўтараецца тройчы.
Недагляд, неахайнасць праявілася тут: “кіпень жарсцяў” - залішне, бо жарсці і так кіпучыя. А яшчэ калі дадае Брусевіч “звар’яцела”, то гэта трайная празмернасць. Школьная памылка.
Шкрабанула мяне тое, што паэт лічыць найвышэйшай вартасцю аддаць апошнія грошы “на віно”. А хацелася б, каб жабраку нейкаму. Ну ды гэта  таксама было б дысанансам, няпраўдаю, позай.

Пафас твора, згадзіцеся, таксама не вельмі высокі. Паўтаруся, што вершы я выбіраў наўздагад.

Твор №4:

* * *
Недапітую пляшку сусвету
Я пакіну цвярозым нашчадкам.
Нехта вып’е і стане паэтам -
Памяняе душу на асадку.

Хтосьці вып’е і стане свабодным,
Ашукае і час, і прастору,
І на беразе Буга ці Нёмна
Адбудуе Садом і Гамору.

Нехта вып’е і будзе шчаслівым,
Бо адменіць усе эталоны.
Ну а нехта з нашчадкаў не вып’е
І не скоціцца ў Лету з адхону.

Верш, у прынцыпе, прывабны. Тут ужо пафас падвышаны. Але запыняе агульную светлую плынь такое: “Памяняе душу на асадку” - гэта як разумець? Пачаўшы пісаць, прадаешся нячыстаму? Бывае, канешне, але толькі як падсядзеш на разнастайныя гранты і пачнеш даляры пяром выбіваць. Ці рублі, як у “Мастацкай літаратуры”. Не думаю, што Лермантаў душу размяняў некалі. Ці Багдановіч. Няўдалае месца выдумаў Анатоль Брусевіч.

У другой страфе: “Ашукае і час, і прастору” - добрае месца. А за ім раптам нехта збудуе прытон - Садом і Гамору.
З логікай праблемы і ў апошняй страфе: нехта не вып’е яго паэзіі, а таму не скоціцца ў Лету. Ніякая філасофія.

Не будзем, канешне ж, прэтэндаваць на ўсебаковую ацэнку творчасці Анатоля Брусевіча. І тым не менш бачна, што ён ідзе правільным шляхам філіграннасці формы, але пакуль не здольны напаіць гэта глыбокім і гарачым возерам душы. Ён нашмат перасягае сярэдняе беларускае паэтычнае мнагаслоўе, але да вышынь, куды імкнецца, не даскоквае. І ў тым мы не вінавацім паэта. Бо штучна сутнасць як памяняць?

ЛіМаразм, кнігі

Previous post Next post
Up