(no subject)

Jun 11, 2016 14:30

Міхась Южык

ЛіМіразм-210



Страху вялікія вочы

Часцяком правілы і табу, па якіх жыве чалавек, фальшывыя, састарэлыя, або грунтуюцца на страху жывёльным.
Лупцуе, напрыклад, бацька сямейства гадамі ці дзесяцігоддзямі жонку, дзяцей, - а тыя лічаць, што гэта і ёсць нармальныя правілы існавання. Асабліва гэта завялося ў савецкіх людзей.

Ці, прыкладам, строяцца ўсе на лінейку ў школе, затым праводзіцца сход, дзе завуч з дырэктарам вяшчаюць піянерам аб высокіх матэрыях. Усе клянуцца ў вернасці камунізму. Але скончыўся сход. А за рагом школы нашага піянера чакае хуліган, старшакласнік, які вымагае ў яго капейкі. І апанаваны страхам піянер аддае, нават не падумаўшы, што завуч з дырэктарам павінны яго абараніць. Раз ужо распінаюцца пра высокае. Дый закон зусім не абавязвае аддаваць некаму грошы. Абавязвае страх.

А насамрэч хуліган сам баіцца завуча, які можа выправіць яго ў школу для дэфектыўных. Але дзейнічае па спаконвечных законах статку прыматаў, ведаючы амаль пэўна, хто піянер у штаны наложыць і грошы аддасць.

Тое самае і ў Войску Савецкім было - ёсць закон, статут, а ёсць дзедаўшчына, зямляцтва. Спаконвечнае. І афіцэрам было зручней, каб у казармах панаваў турэмны закон, каб дужэйшыя мучылі слабейшых. Бо па статуце жыць - тады афіцэрам трэба з казармаў не вылазіць. А яны людзі ўсё ж, любяць жонак, дзяцей, палюбоўніц, футбол, тэлевізар, рыбалку.
Але звярыныя законы хісткія ў чалавечым грамадстве. На Захадзе іх паспяхова адольваюць. Там нафіскаліць суседу на суседа, а брату на брата - што плюнуць. Затое няма хуліганаў за рагом школы. І мужы жонак апасаюцца калашмаціць.

Памятаю, на другім годзе маёй службы ў Савецкай Арміі быў такі выпадак. Паднялі стараслужачыя, чалавек шэсць, свайго аднагодка поначы, завялі ў туалет і за нешта адмалацілі. Ды не разлічылі і паламалі сківіцу. Санчасць, шпіталь, бацькі салдата настаялі, каб ён напісаў заяву і сказаў, як папраўдзе было.

І вось у суполцы, дзе кіравалі прыматы і страх, нечакана аб’явіўся закон. Аказалася раптам, што калечыць нельга людзей, што за гэта - турма. І шэсць чалавек разбойнікаў імгненна пасадзілі на гарадскую гаўпвахту. І трымалі там максімальны тэрмін, здаецца, паўтара месяца. Справа вырашалася ўжо на ўзроўні генерала, начальніка гарнізона.
Аднак большасць з пасаджаных былі са слаўнай Сярэдняй Азіі. І бацькі іх, і родзічы сабралі багаты калым і ўпалі на калені перад генералам, каб не саджаў у турму (дысбат) іхніх бандытаў. І генерал вяльможным рашэннем нягоднікаў мілаваў.
Прыйшлі яны з гаўпвахты пахудзелыя ледзь не ўдвая, сінія, бледныя, цені самі сябе. І да канца службы ўжо хадзілі ніжэй ад травы.

Во як працуюць нават намёкі на сапраўдны закон.
І так пераадольваецца першабытны страх.
Каб кожны малады салдат ведаў свае правы і, пасля гвалту, адразу ж бег да зампаліта з заяваю - то дзедаўшчыны б не існавала. І хай бы потым яго называлі “стукачом”, фіскалам, але менавіта грамадзяніна, што ведае элементарныя законы сваёй краіны, ужо б не краналі ніколі армейскія малпы.

Такую падводку я зрабіў вы ўжо здагадваецеся, для чаго: для апісання пісьменніцкіх суполак, саюзаў нашых, якія жывуць па паняццях - не па законах. І там жа - свае паханы. І там жа жывёльны страх шарагоўцаў, якія каўтаюць крыўды, бачачы, што не выдаюцца іх кнігі, а друкуюцца кнігі сакратароў і рэдактараў. І жонак рэдактараў. І сяброў іх. І дзяцей ды пляменнікаў. Па законах жывёльнага статку. Якія базіруюцца на спаконвечным страху прыматаў перад важакамі.

Важак што можа? Не надрукаваць. Або замарозіць публікацыю. Або выгнаць са статка. Па сутнасці, дзве рэчы ён цяпер зрабіць можа, перад якімі шарагоўцы трапечуць. Прыніжаюцца ўсё жыццё. Хлусяць. Звіваюцца ды выкручваюцца. Абы не тое каб важаку дагадзіць, а не выклікаць яго гнеў на сябе. Праходзіць жыццё. Шарагоўцы, разам са сваімі няспраўджанымі кнігамі, ідуць у зямлю. Важакі адпраўляюцца туды ж, трохі яшчэ пачапляўшыся за паверхню творамі, якія яны няпраўдаю ўбілі ў школьныя праграмы. Потым, праз пару дзесяцігоддзяў, імі займаюцца адно рэдкія навукоўцы, гісторыкі.

І будзем тады думаць і разважаць, што, можа, жонцы, якая ходзіць з фінгаламі на работу, варта ўсё ж напісаць заяву на бравага мужа? Каб ужо ў турме, дзе яму самае месца, яго вучыў пад дых не сам пахан нават, а паханаў шасцёрка.
І тады б, магчыма, мы паступова людзьмі станавіліся.

літРЭФлексіі, топ-запісы, ЛіМаразм, кнігі

Previous post Next post
Up