(no subject)

Jun 11, 2016 14:22

Міхась Южык

ЛіМаразм-209




Магія словазлучэння

Лірычная паэзія - гэта заўсёды адкрыццё, калі з вядомых тысяч слоў і са, здавалася б, зведаных кожным чалавекам пачуццяў нараджаецца нешта небывала кранальнае. І нарадзіць тое няпроста. Менавіта таму аўтары, што завуць сябе паэтамі, найчасцей выкарыстоўваюць напрацоўкі папярэднікаў, выдаючы за ўласныя.

Бо што такое яркая метафара? Гэта найперш навізна. А па-другое - выразнасць. А па-трэцяе, нязмушанасць, натуральнасць, адсутнасць какецтва і позы. Выконвай гэтыя тры пункты - і ты паэт. Але адкуль, з якіх глыбінь мовы і чалавечай свядомасці выняць такія словазлучэнні? Якія токі праміж нейронамі мусяць прабегчы ў мозгу? Таямніца. І на паверку аказваецца, што ўсе тры пункты выканаць страшэнна цяжка. І таму паэтаў - якія ўласна робяць адкрыцці - настолькі мала ў народзе.

Аднак пачнём здаля. У №77 “Дзеяслова” змешчаны вершы Рагнеда Малахоўскага. У беларускамоўнай тусоўцы хто Рагнеда не знае? І таму кепска, што пры канцы часопіса, у біяграфічных звестках, чытачу падаецца няпраўда:

Малахоўскі Рагнед - паэт. Аўтар зборнікаў вершаў «Беражніца», «У дзённай мітусні», «Жыві!». Нарадзіўся ў 1984 годзе ў пасёлку Сяймчан Магаданскай вобласці (Расія). Жыве ў вёсцы Нарач.

Дакладней, падносіцца хлусня, схаваная за недагаворанасцю. Як жыве ў вёсцы Рагнед, калі ён пастаянны і актыўны чыннік працэсу сталічнага? Пра тое выразна кажа Вікіпедыя. А каб не згодны быў Малахоўскі, то паправіў бы той артыкул.
Чытаем:

Нарадзіўся ў сям'і мастака. Паводле нацыянальнасці - беларус. У 1987 разам з бацькамі і старэйшым братам вярнуўся ў Беларусь у Нарачанскі край (Мінская вобласць). Скончыў факультэт фінансаў і банкаўскай справы БДЭУ (2009). Працаваў грузчыкам, прадаўцом-кансультантам, выхавацелем у інтэрнаце, ахоўнікам гандлёвага цэнтра, фасадчыкам на будоўлі. Быў рэдактарам аддзела публіцыстыкі, крытыкі і літаратуразнаўства рэдакцыі часопіса «Полымя». У 2011 годзе з'яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара, выконваючым абавязкі галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка». У 2012 годзе - адказны сакратар часопіса «Маладосць». У 2013 годзе - рэдактар аддзела рэдакцыі часопіса «Вожык», адказны сакратар часопіса «Белая вежа», галоўны спецыяліст Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». З 2014 года - рэдактар аддзела публіцыстыкі рэдакцыі часопіса «Полымя».

Зноў ідзе ігнараванне дзяржаўнага СПБ, на які працуе Рагнед шмат гадоў. Нібы цураюцца ў незалежным “Дзеяслове” гэтага факта. А чаго бянтэжыцца, калі ўсе тут свае? Хто не ведае, што Гапееў сноўдае паміж суполкамі, мяняючы білеты, а творы носячы туды і сюды? І па дабрыні чалавечай яго прымаюць і там і тут. І ніхто не цкуе, не гоніць, як хацелася б некаторым літаратарам сябе выставіць. Наадварот, абдымаюцца, рукаюцца, цалуюцца - што Ўладзімір Сцяпан у розных рэдакцыях, што Рагнед Малахоўскі, што… і далей па спісе - нямала. Бо ўсе там сябры, кумы, хросныя бацькі, рэальныя бацькі, дзядзькі, колішнія мужы і цяперашнія палюбоўнікі.
Зрэшты, наша рубрыка пра творы.
Уступны верш Малахоўскага:

* * *
Абдымкі маленства сціскаюць душу…
На ўзлеску жадана сарвецца ажына.
Вярніся! Вярніся! Адчайна прашу.
І босыя ногі пазнае сцяжына…

Сустрэнемся там, дзе блукае жыццё,
Дзе лёгкасцю дзіўнай напоўняцца грудзі,
Дзе ззяннем вясны маладзее лісцё,
Дзе штосьці было і чагосьці не будзе.

І стане блакітным сівы далягляд,
І снегам пухнатым вітаюць таполі…
Няхай на імгненне - сустрэўся пагляд,
Што ў сэрцы жыве, што не вернеш ніколі.

Я правёў гадоў 10 пад кустом ажыны, можна сказаць, - у Асіповічах летнімі месяцамі, менавіта побач з ажыннікам было маё працоўнае месца. Бачыў, як спелі ягады. Але не заўважыў, каб “зрываліся” з галін. Хіба што сам іх зрываў.
Пра абдымкі маленства, якія задушліва сціскаюць лірычнага героя, - атрымалася грубавата.
У цэлым першая страфа няўдалая. Хай аўтар даруе, нічога асабістага і быць не можа - Рагнед чалавек добры, прыемны. Проста гамбургскі рахунак таго патрабуе.
У другой страфе неўразумелае - “ззяннем… маладзее лісцё”, пачынаеш выварочваць глузды, а гэта балючы працэс.
У апошніх радках “штосьці”, “чагосьці” - аж два непаэтычныя словы туляцца побач. Замнога. Плюс “было” і “будзе”. Нюансы, з якіх і складаецца высокая лірыка.

Далягляд спачатку ў Малахоўскага “стане… сівы”, і тады “таполі” - “вітаюць… снегам пухнатым”. Парушэнне па часе. Калі яшчэ толькі стане, то таполі і будуць вітаць, або павітаюць, а не “вітаюць”. Законы граматыкі.
“Далягляд” і “пагляд”, што стаяць пад рыфмаю, - аднакарэнныя словы. Нядобра.
Апошні радок - “што ў сэрцы жыве” ёсць выразам, які стаўся паэтычным лякалам. Так піша ў сваіх лозунгах Міхась Пазнякоў, ускосны ці прамы начальнік Рагнеда.
Два разы ў апошняй страфе нелірычнае “што” выпустошвае твор, ставячы яму адпаведную ацэнку. Усіх гэтых “што”, “чаго”, таго”, “чаму”, “таму” ў лірычным вершы трэба пазбягаць. Па магчымасці, зразумела. Іншым разам яны могуць быць апраўданы кантэкстам. У гэтым і майстэрства паэта - ставіць словы дарэчы, па месцы.

Далейшыя вершы напісаны ў такім жа кірунку. Гэта лірыка, безумоўна. І душа ў паэта светлая і чуллівая. Не хапае паэтычнага тэмпераменту. Менавіта тэмперамент і нараджае рэдкія метафары, прыцягвае пагляд чытача да верша. А слабы ці сярэдні тэмпераменты да такога не здольныя. Яны карыстаюцца ўжо вынайдзенымі словазлучэннямі, з невялікімі ўласнымі варыяцыямі ды змяненнямі.

Вось мы крытыкавалі тут Жыбуля. А між тым у яго даволі моцны паэтычны тэмперамент. Толькі скіраваны ў згубны і разбуральны бок. Рагнед жа імкнецца да хараства, а па энергетыцы не ўражвае. Памерлы Сыс Анатоль уражвае. І палітык Някляеў жывы і порсткі ў колішніх вершах. Тэмперамент, мяркую, немагчыма развіць з гадамі. Як і памяняць псіхатып. Ён закладзены генетычна. Плюс фарміраванне бацькамі да ўзросту, пакуль з галавою заходзіш пад стол.

Нездарма ж маці Пушкіна - псіхапатка, якая завязвала яму рукі назад у маленстве за любую правіну. А Талстой - бязбацькавіч. Як і Лермантаў, выхаваны дэспатычнай бабуляй. А ў Дастаеўскага бацька - тыповы эпілептоідны псіхапат, тыран, што душыў сабою ўсіх навокал. Як і ў Чэхава. Усё гэта запамінае дзіцячы мозг. Пераварвае. Крыўды растуць, душаць знутры, і калісьці - мажліва - выліваюцца ў магутную творчасць. Хто ж з маленства як сыр у масле перабывае, ахінуты любоўю, дык і пратэсту ўнутранага ў такога чалавека няма. Адна пяшчота навокал, чаго нервавацца?

Зрэшты, таямніцу творчасці разгадваць - справа няўдзячная. Рагнед жа многа сілаў душэўных паклаў на тое, каб замацавацца ў эліце рэдактарскай. Аднак не дасягнуў і праз два дзесяцігоддзі “ўзроўню”, каб шчоўкаць свае кнігі за дзяржаўныя грошы, быццам яйкі аб край патэльні. Ён сціпла цягне свой гуж. Што выклікае павагу. Як павернецца далейшы лёс рэдактара Малахоўскага - не станем гадаць. Жыццёвым жа вобразам сваім і вершамі ён нясе дабрыню, а гэта заўсёды нямала.

ЛіМаразм, ЛітРЭФлексіі, Словам па "Дзеяслове"

Previous post Next post
Up