(no subject)

Nov 12, 2014 11:03

* * *
Стол. Ён вабіць да сябе і адштурхоўвае. Ён цешыць і страшыць. Але ўрэшце змушае прызнаць, што ён самае лепшае месца для мяне на зямлі. Працоўны стол. Ён крыніца энергіі і месца праявы волі. Ён палігон барацьбы дабра са злом. Ён суд, дзе вырашаюцца ўнутраныя канфлікты мае. Толькі за сталом з кволай дрыготкай істоты я раблюся асобаю. Толькі за сталом не дасягаюць мяне жахлівыя праявы жыцця. За сталом я ўладар і чараўнік, здзяйсняльнік чужых лёсаў, летуценняў і мрояў. Стол - выпрабавальнік мой на сённяшні дзень. Па маладушнасці я збаяўся стала, спрабаваў ухіліцца ад яго, схавацца ў закутках кватэры, забыцца тэлефоннымі размовамі, музыкай, тэлевізарам. Аднак стол заўжды стаяў перад унутраным вокам маім - як неймаверны дакор, як напамін пра ўпушчаны дзень. Я трымаўся днямі і нават тыднямі, але стол прыцягваў-такі мяне да сябе. Я роспачна крычаў, што ўва мне нічога няма, каб мяне адпусцілі на волю. Але стол казаў - паспрабуй і, нібы з нябыту, выцягваў з мяне тэкст за тэкстам. Але стол гаварыў, што агульная воля людская насамрэч няволя, якая заканчваецца магілай і забыццём. І толькі ён, стол, можа стаць вечнасцю. І я разумеў пакрысе, што тое падобна да праўды. Праз стол адкрываліся мне небывалыя краявіды, а таксама брама ў тонкі сусвет. Праз стол і толькі праз стол я выходзіў са смяротнага хворага цела і рабіўся бязважкім, і бачыў святло, якое насычала мяне сілай духу. Праз стол я вучыўся любіць.

АнтыРЫФМАР

Previous post Next post
Up