Памылка прыроды

Jul 15, 2014 13:30

Колькі гадоў таму прачытаў тоўстую кнігу пра Рудольфа Нурээва, зоркі сусветнага балета. Нядаўна глядзеў па расейскім тэлебачанні праграму пра Барышнікава, Гадунова, Нурэева - майстроў рускага балета, якія перабеглі за савецкім часам на Захад і былі пракляты дзяржавай і замоўчаны іх імёны.
Успомніў біяграфію Нурэева. Цяжкае пасляваеннае жыццё ва Ўфе. Суровы бацька. Вечна заклапочаная маці. Сястра… ці сёстры, дакладна не памятаю. Бацька партыйны работнік. А сына пацягнула да мастацтва, да танцаў. Пад прыгнётам бацькі, пад яго забаронай бегаў на рэпетыцыі. Неяк у лазні, калі мыліся з бацькам, у Нурээва ўстаў палавы член. На мужыкоў. Бацька за гэта моцна пабіў.
Ірвучыся ад ціску і прыгнёту жыцця, жадаючы самаразвіцця, Рудольф дабіраецца да Ленінграда, паступае ў балетную вучэльню. Там прасцей ставіліся да гомасексуалізму, у балеруноў ён быў распаўсюджаны. І тым не менш - яго ўсё хацелі перарабіць, пасяліўшы, напрыклад, у адной кватэры з маладой балерынай. Марна. Хлапца цягнула да мужыкоў. Прыроду не ашукаеш.
А потым уцёкі за мяжу. Бліскучая кар’ера ў Парыжу, Лондане, ЗША. Вялікія грошы. Лаяльнае стаўленне да яго гомасексуалізму з боку грамадства. Любоў і захапленне мільёнаў. Мноства купленых кватэр па ўсім свеце. Пустых кватэр, у якіх ён амаль не жыў. Рэдкія палюбоўнікі. А ўсё больш - выпадковыя сувязі ў шынках, з матросамі, з алкашамі - абы з кім.
Ці быў Нурэеў шчаслівы?
Яшчэ ён таіў доўгую крыўду на Савецкі Саюз. Калі яго нарэшце ўпусцілі, каб развітаўся з паралізаванай маці, то, сеўшы ў аэрапорце ў машыну, першае, што Рудольф зрабіў, - зашмаргнуў шторы. Каб не бачыць Радзіму.
Бліскучая кар’ера. Знешні бляск, пастаянныя людзі вакол яго - і, падобна, глыбокая адзінота. І комплексы, ад якіх збягаеш да сабратаў па арыентацыі, ці ў алкаголь. А то перабываеш у атачэнні адданых сябровак-жанчын, чулых, спагадлівых. Але толькі сябровак.
І вось прырода, якая нарадзіла Нурэева як анамалію, сама ж прыдумала хваробу, каб заражаць ёй і забіваць такіх, як ён. СНІД. А Бог, які выпусціў душу Нурэева, каб той спраўдзіўся балетным геніем - ці тоесны Ён з прыродаю?
Няшчасны шчаслівы геній. Бо рэалізаваны. Запатрабаваны. Зацкаваны бацькам і савецкай ідэалогіяй гомасексуаліст, які тым не менш вырваўся на волю і спраўдзіў свае сексуальныя жаданні, якія былі яму непадуладнымі, якія прыдумаў не ён, задушыць якія было - значыць зачахнуць. Бо эрас магутны рухавік творчасці. А Нурэеў і быў увасобленай творчасцю.
Урэшце рэшт, усё мастацтва так ці інакш трымаецца на анамаліях, геніях, непадобных да іншых. Матэрыяліст скажа: крыніца мастацтва, творчасці - сексуальныя комплексы, сацыяльныя комплексы. Ідэаліст скажа: у ім гарэла Божая іскра. Дык тоесныя Бог і прырода, якая выпраўляе свае памылкі, як тое праз СНІД, якая забівае анамаліі свае, а таксама і не анамаліі, заадно, дзейнічаючы як бомба? Дух творыць матэрыю. Дух дзейнічае праз матэрыю. Дух нараджае. Дух спраўджвае. Дух забівае. (Ці - бяздушная прырода?)
Зрэшты, вечных людзей няма. І самы правільны і шчаслівы па агульначалавечых мерках пойдзе ў нябыт. Прынёс ён чалавецтву карысць узроўню генія Нурэева? Як правіла - не. А быў ён шчаслівейшы за гомасексуальнага балеруна? А няма такой меркі ў нас - вымяраць душы.

філасофія

Previous post Next post
Up