Дарэчы пра cinaedus

Aug 09, 2011 14:05

У асобных выпадках Катулаў зварот cinaede (пасіўны гамасэксуаліст, з пэўнымі сэнсавымі акцэнтамі) можна перакласці досыць, здаецца, удала.

Вось нумар 29: Катул звяртаецца да Цэзара (а ў канцы і да ягонага цесця Пампея) з пытаннямі, нашто яны даюць высокія пасады пэўнаму Мамуры (гэта акурат той самы Ялдак, Mentula, якому Катул прысвяціў нямала, скажам так, непрыязных вершаў). Да Цэзара ён звяртаецца пры гэтым "cinaede Romule", намякаючы на чуткі, што Цэзар быў у юнацтве пасіўным бокам у сувязі з бітынскім царам Нікамедам, і кантрастуючы гэтыя чуткі з Цэзаравымі палітычнымі амбіцыямі. Паехалі:

29.
Хто ў сілах гэта бачыць, гэта вытрываць,
Апроч гульца, хапугі, бессаромніка?
Мамура ўсё займеў, што мела Дальняя
Брытанія ды Галія Калматая.
Давалка Ромул, ці знясеш і тое ты?
Цяпер ён сыты, важны, перапоўнены,
Цяпер па ўсіх пасцелях з урачыстасцю
Як белы голуб, як Адоніс пойдзе ён.
Давалка Ромул, ці знясеш і тое ты?
Ды што гульцу, хапузе, бессаромніку?
Ці для таго ты, важны заваёўніча,
Дайшоў ажно да царстваў найзаходнейшых,
Каб той ялдак нацапаў найпахабнейшы
Па дзвесці ды па трыста ў долю ўласную?
Такая шчодрасць у тваёй, бач, левіцы.
Ці мала ён пражэр ды праблудзіў яшчэ?
Ён айцавізну размантачыў подаўна,
Пасля - багацці Понту; ды Гіберыю -
Туды ж, аб тым залатаносны помніць Таг;
Цяпер трымцяць і Галія з Брытаніяй.
Што ж песціце вы злодзея? Што можа ён,
Апроч як жэрці спадчыны багатыя?
Вы, цесцю й зяцю, ў Горадзе магутныя, -
Ці для такога ўсё дазвання губіце?

вершы, catullus, пераклады

Previous post Next post
Up