“Зубраня” - беларускі Артэк. Так называлі ці не галоўную ідэалагічную ўстанову па працы з дзецьмі і моладдзю. Летнік працаваў круглы год, процьма дзяцей праходзіла праз тысячы мерапрыемстваў, конкурсаў, канцэртаў… Што было падчас змены - не магу ўзгадаць, але добра памятаю вечары ля вогнішча.
Спявалі блатняк і дурацкія савецкія. Але адна з песняў уразіла. Яна была пра вайну, але нейкая зусім іншая, не падобная на тыя песні, што мы чулі з дня ў дзень па радыёкропках. Цяжкія словы пра здраду каханай і несправядлівасць лёсу, пра маладога хлопца што вымушаны загінуць ні за што…
Мы пачалі пытацца, што гэта за песня, а хлопец:
- Гэта песня тых салдат, каго паслалі паміраць у Афганістан.
Гэта выклікала толькі процьму новых пытанняў, але ён адклаў гітару і дадаў:
- Я вам і так зашмат расказаў. За ўсё, што вы зараз пачулі, мяне могуць пасадзіць!
Так я ўпершыню пачуў пра вайну ў Афганістане. А СССР ваяваў ужо шэсць гадоў!
Мал. і тэкст тут:
http://hrodna.life/blogs/150-slovau-pra-eseseser-narodnaya-palitinfarmatsyiya/#150праСэСэСэР #эСэСэСэР