Францішак: словы на вакне

Mar 31, 2013 20:43

***

Гэтым разам ён запісаў чырвонай асадкай.
Кітай. Тры вучэнні, якія былі побач, якія перапляліся, сталі адным у трох.
Будызм хоча, каб чалавек стаў духам, выйшаў за межы наяўнага свету, за межы чалавечага як такога. Выйшаў і больш сюды не вяртаўся. Годна і арыстакратычна.
Даосы імкнуцца патрапіць назад, у дачалавечае. У свет, яшчэ не сапсаваны свядомасцю, да птушак, драконаў і чарапахаў. Яны прагнуць несмяротнасці. Дай Бог ім здароўя.
Абедзьве сцежкі маюць на мэце пэўную нязгоду з рэальнасцю, ідэю, што нам трэба выбірацца адсюль як мага хутчэй. Пытанне толькі куды, у які бок бегчы.
І толькі Канфуцы прапануе застацца і напоўніцу зведаць тутэйшую долю. Пражыць сваё жыццё. Самому.
Самае загадкавае вучэнне.
Ён не стварае тэорыю, а расказвае пра досвед. Пра тое, што з ім адбывалася. У пятнаццаць, у трыццаць, у семдзесят год.
Ён называе гэта вучэннем.
Чалавеку трэба вучыцца быць чалавекам.

***

Ён падумаў крыху і дапісаў зялёным колерам:
Хрысціанства - мінімалізм. Яно гаворыць - пашкадуйце нас, дурняў, мы не ў стане самастойна ані вырвацца з формы, ані супасці з ёй напоўніцу. Так, каб прайсці яе наскрозь і выйсці з другога боку. Адзінае што нам застаецца - тут і цяпер - пакорліва любіць нашую ўласную недасканаласць.
І спадзявацца, што там за яе нас прабачаць.

***

Там. Там-тарам.
Previous post Next post
Up