Алег Мінкін

Apr 05, 2012 16:05

... Паэзія Алега Мінкіна напоўніцу ад-былася, калі Каралеўства Беларусь у выніку пэўнага энэргетычнага перанасычэння прасторы раптоўна матэрыялізавалася з сваёй маўклівай посткаляніяльнай рэальнасці руінаў у а-рэальнасць тэкстаў.

Мінкін прадаставіў гэтаму Каралеўству некалькі мэтафар, якія апынуліся істотнымі: «старая хата» хіба самая сярод іх заўважная. Беларускі праект вызвалення, з ягонай энэргетыкай сацыяльнага і культурнага аптымізму, атрымаў, у выніку дапасавання гэтай мэтафары, мэтафізічнае «кароткае замыканне». Куды б мы не выпраўляліся ў пошуках свабоды, нам наканавана заўсёды прачынацца ў «старой хаце» (Багушэвіча?), якая можа быць убачаная як «стары катух», а можа (у выніку пэўнага містычнага прасвятлення) як Каралеўства.

Сам Мінкін стаўся часткай Каралеўства на пераломе сваёй творчасці. «Нацыянальны», самотны і адносна кароткі пэрыяд распачынаецца (і сканчаецца) першым зборнікам «Сурма», у якім некаторыя пабачылі працяг лініі Багдановіча, а некаторыя - яе паспяховае завяршэнне. Адрэдагаваная савецкай рэдактурай, «Сурма» захавала тым не менш свой магічны код, натуральную магію мовы і свету, і ўжо пазначыла агульнае памкненне вычарпаць гэтую магію ў акце радыкальнае пастаноўкі пад пытанне свету як такога. Гэтае памкненне было выяўленае ў другім зборніку, «Расколіна», які распачынаецца з цверджаньня пра тое, што паэт «ужо іншы» і замацаванае трэцім («Пэнаты»), у якім Мінкіна як такога ўжо няма, -- прынамсі структура зборніка, выбудаванага як старая кітайская «рэч», дазваляе менавіта такое прачытанне.

У «Пэнатах» «свет цэлы», у які так імкнуліся вырвацца героі Купалы, раптам напоўніцу супадае з мовай і абнаружвае сябе трансцэндэнтальнай ілюзіяй, фантомам, на пазбаўленне ад якога і скіраваная паэзія «позняга» Мінкіна.

На дыстанцаванне ад сьвету ў акце паэтычнага прамаўленьня абапіраецца метафізычная паэзыя. Што гэта такое, пакінем без яснага адказу. Сам Мінкін апісвае сваё мейсца ў радках «Я варушу губамі, як быццам завадны / Але зь іх не зьлятае ніводны гук зямны». Альбо: Пустэльня навокал, хоць справа/ І зьлева - паўсюль барацьба./ І ў тлуме ўсіх ісьцін яскрава/ Адно толькі сьвеціць - журба:/ Якія б ня бухалі маршы,/ І што б не ўслаўлялі ўзахлёб,/ Яна ацалее і ляжа/ Пасьмертнаю маскай на лоб.

Верш Мінкіна тым ня менш, пры гэтым заставаўся класічным і ішоў у бок наратывізацыі сэнсу, апавядальнасці. Менавіта ў акце расповяду раптоўна адчуваецца асалода ад прамаўлення, збой рэчаіснасці, а таксама форма/рыфма як момант рытмічнай арганізацыі свету. Менавіта кантэкст расповяду дазваляе Мінкіну ўводзіць у нібыта рэальны лашдшафт разнастайныя транснатуральныя аб’екты (Так, лаўка ў старым парку, якая сталася тэмай аднайменнага верша, дазваляе здзяйсняць апрычонае мэтафізічнае падарожжа і адчуць, хаця б на момант, тоеснасьць сансары і нірваны).

Асобна мы вылучым фантастычную прозу Мінкіна: Праўдзівую гісторыю краіны Хлудаў і некалькі апавяданняў (Карова, Мяне тут ня было, Стары дом), якія ўвайшлі ў ягоны зборнік прозы. Разам з корпусам перакладаў (Лесьмян, Стаф, Норвід, украінскія паэты, Эдгар По) проза Мінкіна ёсьць дасканалым самакаментарам да ягонага паэтычнага кону.

У Архіве Клакоцкага захоўваецца невялікая калекцыя сноў Мінкіна, пад агульнай назвай «Маё жыццё», перададзеная нашым героем Архіву напрыканцы дзевяностых. На жаль, ужо сёння доступ да гэтай калекцыі абмежаваны, а з цягам часу яна мае тэндэнцыю да ўсё большага і большага заімглення.

З эсэ "Алег Мінкін і Каралеўства Беларусь"
Previous post Next post
Up