Sep 22, 2010 18:53
Ці мы баронімся ў сценах бацькоўскіх
Ці на дзядоўскіх магілах...
Крывакрыж
Вельмі важны момант з гісторыі верасня 1939 года:
Падчас абароны Гродна ўвечары 20 верасня некаторыя атрады абаронцаў горада былі скіраваныя займаць абарончую пазіцыю на старых гарадскіх могілках. Гэтым днём саветы справабалі правесці танкавы наступ на горад праз мост Пілсудскага (зараз Стары мост), але спроба апынулася марнай - танкі былі знішчаныя на вуліцах горада, і савецкія войскі змушаныя былі адыйсці за раку. Цалкам лагічна было чакаць спробы наступа праз чыгуначны мост, альбо пераправы праз найбольш зручны ўчастак Нёмна, які таксама знаходзіўся каля старых могілак.
На могілкі быў скіраваны атрад харцэраў пад кіраўніцтвам Брунона Глебовіча, да якога ўжо на пачатку начы падыйшло літаральна некалькі жандармаў.
Колькі словаў пра самі могілкі. Калісьці на гэтым месцы падчас Паўночнай Вайны быў пабудаваны абарончы рэдут. Пасля ён страціў сваё стратэгічнае значэнне, і гарадскі магістрат вырашыў зрабіць на тым месцы могілкі (у сярэдзіне XVIII ст). На тых могілках ляжаць Эліза Ажэшка са сваім мужам, першы прэзыдэнт miasta Grodno Эдвард Лістоўскі, палеглыя ў польска-савецкай вайне 1919-1921 году жаўнеры Літоўска-Беларускай дывізіі. У верасні 1939 да гісторыі могілак дадалася яшчэ адная вельмі значная старонка.
Як і чакалася, прыкладна а чацьвертай гадзіне ночы саветы рушылі на могілкі. Па прыкладны падліках, колькасць савецкіх жаўнераў, што ўдзельнічалі ў той начной атаке, пераважала колькасць абаронцаў ў 3-4 разы. Гродзенскія харцэры мелі колькі цэкаэмаў (кулямётаў), але ў начной цемры яны фактычна не адыгралі аніякай ролі, і саветы вельмі хутка здолелі ўвайсці на могілкі. Пачалася жудасная, крывавая масакра. 14-15 гадовыя гродзенскія хлопцы ў мёртвай цемры багнетамі, нажамі ды й проста рукамі біліся з ворагам, стаячы між крыжоў і магілаў сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў.
На світанку саветы былі змушаныя адыйсці з могілак, праз страту ў баі амаль усех накіраваных туды жаўнераў.
Не гледзячы на ўсе цяжкасці, аніхто з харцэраў не пакінуў сваіх пастоў. Яны засталіся пераможцамі. Жывымі ці мёртвымі
Той ноччу могілкі зноўку сталі цвержаю.
***
У 1942 годзе, падчас інспецыі Арміі Андэрса, Уладзіславу Сікорскаму выпала магчымасць паразмаўляць з некалькімі ацалелымі абаронцамі Гродна. Ім былі сказаныя гэтыя словы:
"Jesteście nowymi Orlętami. Postaram się zrobić wszystko, żeby wasze miasto otrzymało Virtuti Militari i tytuł Zawsze Wiernego."
Dixi.