Сёння ў Гродне адбылася
экскурсія на тэму гарадзкіх падзеяў 17-22 верасня 1939 году. Не скажу што даведаўся шмат новага, бо і дагэтуль быў досыць добра абазнаны ў гэтай тэме, але меў магчымасць не без плёну для сабе паразмаўляць з нашым "водцам" Андрэям Чарнякевічам, а таксама даведаўся ад некаторых удзельнікаў экскурсіі аб месцах жыхарства некаторых жывых яшчэ сведкаў тае абароны нашае цвержы, якія бачылі на свае вочы вельмі значныя і недаследваныя часткі тых падзеяў (напрыклад, расстрэл палонных польскіх жаўнераў каля маёнтку Друцк - савецкая прапаганда сцвярджала, што усе тыя жаўнеры былі застрэленыя снайперам). Калі наступным разам не будзе ніякіх перашкодаў, планую знайсці дыктафон і паразмаўляць з тымі людзьмі.
Але найпрыемнейшым і наймацнейшым сімвалічным момантам было іншае:
Звярніці ўвагу: мы сустракаемся ў 11 гадзін адразу ў двух месцах. Тыя, хто жадае пабачыць Гродна вачыма савецкага жаўнера ў верасні 1939 года, чакаем побач з помнікам палітруку Гарнавых каля Старога моста. Тыя ж, хто згодны адчуць сабе ў ролі польскіх абаронцаў Гродна, збіраюцца каля будынка Беларускага інстытута правазнаўства побач з фантанам. Зрабіці свой выбар і прыходце. На "савецкую" частку экскурсіі не прыйшоў аніхто. Выбар зроблены.
Jeszcze Grodno nie zgineło, kiedy my żyjemy! :)