Памятаю, калі быў малым хлопцам, часта ездзіў з дзедам на ровары. У адной вёсцы пад Бабруйскам дзед разгаварыўся з мясцовым жыхаром. “Пра вайну вам цікава?”, - запытаў вясковец. “Вось з лева хату бачыце? Там паліцай жыў. Мы іх, тых, хто немцам служыў, яшчэ “бобікамі” называлі. Дык вось гэты тая яшчэ сволач быў. Шмат крыві на яго руках было. І габрэяў страляў і нашых палонных. З немцамі не ўцёк. Тут хаваўся. Злавілі, судзілі. Атрымаў “чацвяртак”. Больш яго тут ніхто не бачыў”. Я слухаў тую гісторыю і ўяўляў таго “здрадніка”, які служыў немцам. Што прымушала гэтых людзей ісці на супрацу з нацыстамі? Нехта люта ненавідзеў савецкую ўладу, іншыя прагнулі ўзвысіцца над аднавяскоўцамі і рэалізаваць свае нікчэмныя амбіцыі. Трэціх у паліцыю прыводзіў страх перад акупантамі і магчымай адпраўкай на працу ў Германію.
"Паліцаі-бобікі". На іх руках было шмат крыві мірных жыхароў
З міліцыі ў…паліцыю
Першапачаткова нацысты не спяшаліся “узбройваць” мясцовае насельніцтва акупаваных імі тэрыторый. Калі казаць аб колькасным складзе паліцыі, то варта адзначыць, што ў канцы 1941 г. на тэрыторыі Генеральнага акругі “Беларусь” служыла каля 3700 паліцэйскіх, а да 1943 г. у розных паліцэйскіх структурах (служба аховы парадку - OD, шуцманшафт) знаходзілася ўжо каля 50 тысяч чалавек. У акупаванай Беларусі была створана сетка спецыяльных паліцэйскіх пастоў, а сілы паліцыі зведзены ў спецыяльныя батальёны. Першапачаткова фарміраванне паліцэйскіх частак ішло на добраахвотнай аснове. Асноўным кантынгентам папаўненне шэрагаў гэтай службы былі сельскія жыхары. Былі, аднак, і выключэнні.
Паліцаі
Шэрагі мясцовай паліцыі папаўняліся, у тым ліку, і за кошт…былых савецкіх міліцыянераў. Такія людзі добра ведалі мясцовасць і жыхароў, валодалі аператыўнымі навыкамі і з’яўляліся сапраўднай “знаходкай” для нямецкіх акупантаў. Напрыклад, у паліцыі Мінска служыў былы міліцыянер з Ашмяншчыны А. Камінскі. Па некаторых дадзеных трапіў ён туды па заданні савецкага падполля. Праўда, гэты аспект мог быць дададзены ў біяграфію Камінскага пазней. Справа ў тым, што гэты чалавек удзельнічаў у неўдалым захопе бургамістра Мінска В. Іваноўскага, у выніку якога апошні быў забіты, а сам А. Камінскі сышоў да партызан.
“Новы парадак” і яго памагатыя
Кадры ў паліцыю адбіралі пасля праверкі добранадзейнасці кандыдатаў. Вось, як адзін з жыхароў Міра апісваў гэты працэс: “Гэтыя паліцыянты не былі мабілізаваны, усе яны былі добраахвотнікамі. Гадоў ім было ад 25 да 35. Асаблівай павагай сярод мясцовых жыхароў яны звычайна не карысталіся. Некаторыя былі схільныя да алкагалізму. У той час каля 25 паліцэйскіх з ліку мясцовых жыхароў і 12 жандараў адказвалі за тэрыторыю, на якой было 20-25 вёсак. Немцы не ведалі ні мясцовасці, ні мовы, і таму спадзяваліся на мясцовых паліцэйскіх”.
Памагатыя "новага парадку"
Камандавалі беларускімі паліцэйскімі нямецкія афіцэры. Адзін з іх, капітан Макс Айбнэр так апісваў працэс фарміравання мясцовай паліцыі ў акрузе Баранавічы: “Беларускае шуцманства падпарадкоўвалася мне. Я прыняў яго ад ранейшага мясцовага каменданта. У гэты момант у шуцманстве налічвалася 250 мясцовых добраахвотнікаў. Яны былі размеркаваны па ўсёй тэрыторыі”. Фармуючы мясцовую паліцыю, нацысты імкнуліся (асабліва ў Заходняй Беларусі) аслабіць уплыў палякаў у гэтай структуры. Для таго, каб высветліць нацыянальны склад паліцэйскіх, акупацыйнымі ўладамі ў снежні 1941 г. было праведзена апытанне на прадмет нацыянальнасці, неўзабаве пасля чаго ўсіх тых, хто назваўся “палякам”, звольнілі.
Прыблізна з лета 1942 г. нямецкія акупацыйныя ўлады пачалі прыходзіць да прымусовага набору ў паліцыю. Адзін з паліцэйскіх так апісваў гэты “прызыў”: “Бургамістр разаслаў лісты некаторым мужчынам з нашага мястэчка і загадаў з’явіцца ў паліцэйскі ўчастак. Там іх прымусілі паступіць у паліцыю. Затым іх агледзеў лекар, а потым адправілі ў баракі, дзе выдалі вінтоўкі і боепрыпасы”.
Узбройваліся паліцыянты ў асноўным савецкай трафейнай зброяй. Уніформа, першапачаткова, складалася з нарукаўнай павязкі, на якой акрамя надпісаў “Schutzmann” і “Polizei” указваўся асабісты нумар і месца службы. Затым паліцыянтам пачалі выдаваць спецыяльныя мундзіры. Адзін з баранавіцкіх “служыцеляў парадку” так апісваў сваю форменную вопратку: “Мундзір у нас быў чорны: салдацкая шынель з шэрымі манжэтамі, два шэрагі гузікаў з белага металу. Чорны рэмень з белай, металічнай спражкай”. Пасля паступлення на службу паліцэйскія праходзілі пачатковую страявую і стралковую падрыхтоўку. Некаторых, навабранцаў накіроўвалі на спецыяльныя падрыхтоўчыя курсы ў паліцэйскія школы.
Беларускія паліцаі
Галоўнай задачай паліцыі была ахова грамадскіх будынкаў ад нападу партызан. Таксама “паліцаі” выкарыстоўваліся для аховы гета, канваіравання габрэяў да месца працы і “спецыяльных акцый”, пад якімі, часцей за ўсё, разумелася знішчэнне розных груп мясцовага насельніцтва: габрэяў, прадстаўнікоў савецкага актыву, вайсковапалонных Чырвонай Арміі і польскай інтэлігенцыі. Па прызнанні аднаго ацалелага пасля вайны супрацоўніка паліцыі, “усе беларускія паліцыянты былі надзелены дастатковай уладай, каб арыштоўваць і расстрэльваць людзей, а начальнікі паліцыі валодалі яшчэ большай уладай”. Пры гэтым, у нямецкіх дакументах часта адзначаліся, т.зв. несанкцыянаваныя расстрэлы, калі паліцыянты забівалі людзей, кіруючыся банальнай смагай нажывы.
Варта, аднак, адзначыць, што існавала некаторае адрозненне, паміж тымі, хто добраахвотна ішоў у паліцыю ў 1941 г. і тымі, каго сталі заклікаць сілком ўжо ў 1942 г. Многія з другой катэгорыі павінны былі выбіраць паміж службай у паліцыі, згонам ў Германіі і лесам, у якім хаваліся савецкія, польскія ці украінскія партызаны. Сярод гэтых людзей было менш зацятых антысаветчыкаў, антысэмітаў і пранацысцкі настроеных асоб.
"Самаахова"
У 1942 г. на акупаванай тэрыторыі Беларусі пачынаецца стварэнне “Беларускай самаабароны”, частак, якія па задуме нямецкага камандавання, павінны былі таксама выкарыстоўвацца для антыпартызанскай барацьбы. У шэрагах гэтага фарміравання налічвалася да 15 тысяч жыхароў Беларусі. У студзені 1943 года быў сфарміраваны 13-ты беларускі паліцэйскі батальён пры СД, які пазней актыўна выкарыстоўваўся ў ахове лагераў і гетта, крывавых акцыях супраць савецкіх партызан ды знішчэнні мірнага насельніцтва. У 1944 г., пасля пачатку аперацыі “Баграціён”, значная колькасць паліцэйскіх сышло на Захад.
Селянін, які стаў забойцам
Да вайны Фёдар Мотач з вёскі Цецеравец на Гарадзеншчыне займаўся сялянскай гаспадаркай. З пачаткам нямецкай акупацыі Мотач запісаўся добраахвотнікам ў нямецкую паліцыю і ўжо праз год яму было прысвоена званне віцэ-капрала. Акрамя гэтага, былога селяніна прызначылі камандзірам групы раённай паліцыі ў Новай Мышы. У тым жа 1942 годзе паліцэйскі ўдзельнічае ў ліквідацыі габрэяў у вёсцы Палонка, Баранавіцкага раёна. Пры гэтым, ахвярамі сталі і шматлікія беларусы, якія спрабавалі хаваць сваіх суседзяў габрэйскай нацыянальнасці. У 1944 г. Фёдар Мотач сышоў на Захад. Вось, як уцёкі з Беларусі апісваў адзін з калегаў былога камандзіра паліцыі: “У канцы чэрвеня 1944 г. наш паліцэйскі ўчастак эвакуіраваўся на захад, і нас з сем’ямі яны (немцы) ўзялі з сабой. Мы ехалі на калёсах. У раёне Астраленкі (Польшча) мне з жонкай і двума іншымі сем’ямі ўдалося збегчы. Мы пераапрануліся ў грамадзянскую вопратку і выкінулі зброю. У раёне Цеханава мы спыніліся і ўладкаваліся працаваць у адным маёнтку”.
Апынуўшыся на тэрыторыі Польшчы, Мотач вырашыў пайсці на рызыку, і запісаўся ў шэрагі савецкага войска. Праўда, паваяваць пад чырвоным сцягам не давялося. Неўзабаве былы паліцэйскі дэзерціраў і вярнуўся ў вызваленую ад нацыстаў Беларусь. Незадоўга да гэтага былому паліцыянту ўдалося купіць дакументы на імя Франца Арлоўскага. Забраўшы жонку і дзіцяці з родных месцаў, ён пераехаў у Эстонію, а адтуль у Краснадар. Аднак, гэта не выратавала былога паліцэйскага і неўзабаве ён аказваецца ў руках органаў дзяржбяспекі. За злачынствы, здзейсненыя падчас акупацыі на тэрыторыі Беларусі, Фёдара Мотача прысудзілі да расстрэлу.
Крававы кат Тураўшчыны
Падчас Другой Сусветнай вайны на Тураўшчыне асаблівай жорсткасцю адзначыўся украінец Канстанцін Маркевіч. Да вайны ён не раз трапляў ў савецкую турму за крымінальныя злачынствы, таму падстаў для любові да савецкай улады ў яго не было. Пасля прыходу немцаў летам 1941-га гэты чалавек запісаўся ў паліцыю. Узімку 1942-га ён арыштаваў сям’ю Баланчук і, пасля катаванняў, забіў гэтых людзей. На сумленні паліцэйскага жыцці двух дзяўчат, якіх ён расстраляў ля адной з вёсак.
Аднойчы Маркевічу і яго людзям загадалі канваяваць двух габрэек з чатырма дзецьмі з Турава ў Жыткавічы, аднак па дарозе паліцыянты расстралялі ахвяр, паведаміўшы немцам, што палонныя, нібыта, спрабавалі бегчы. У студзені 1943 г. у вёсцы Танеж атрад паліцэйскіх пад камандаваннем Маркевіча сагнаў 259 жыхароў вёскі ў царкву і ўсіх расстраляў. Улетку таго ж года ў вёсцы Букча паліцэйскі і яго людзі “пакаралі смерцю” трох савецкіх ваеннапалонных, якія хаваліся ў вёсцы, а затым “ліквідавалі” партызана і мясцовую жыхарку, якія трапілі да іх у палон.
У тым жа годзе Маркевіч “эвакуіраваўся” у Германію, а затым у Чэхаславакію. У 1946 годзе былы паліцэйскі таемна вярнуўся ў БССР і хаваўся ў лесе, займаючыся злачынствамі. У кастрычніку ён трапіў у рукі МДБ і, назваўшыся Мікалаем Івановым, прызнаўся, што падчас вайны ... служыў радавым у Рускай вызвольнай арміі. Трыбунал прысудзіў гэтага чалавека да 10 гадоў пазбаўлення волі. У 1956 г. Маркевіч-Іваноў выйшаў на волю, але неўзабаве зноў аказаўся ў поле зроку савецкіх спецорганаў. У 1957 г. суд прыгаварыў ўкраінца да расстрэлу.
“Кулацкі сын”
Аркадзь Гапонаў нарадзіўся ў вёсцы Вараб’ёўка на Гомельшчыне ў заможнай, працавітай сялянскай сям’і. Бацькоў Аркадзя рэпрэсавалі, а самога хлопца прымусілі працаваць на лесанарыхтоўках. Пасля нападу Германіі на СССР ён здолеў пазбегнуць мабілізацыі ў Чырвоную Армію, а праз год, вясной 1942-га, паступіў на службу ў ахоўную паліцыю. Вельмі хутка Гапонаў атрымаў прызначэнне камандзірам аддзялення выведкі ў атрадзе жандармерыі.
Галоўнай задачай падраздзялення Гапонава была барацьба з савецкімі партызанамі. У дасягненні сваёй мэты, паліцыянты не спыняліся ні перад чым і часта забівалі звычайных мірных жыхароў. У студзені 1943 г. людзі Гапонава расстралялі двух жыхароў вёскі Выдрыца. Пазней былі забітыя 7 жыхароў вёскі Каменка і дзве сям’і партызан з вёскі Фундаменка. “Паліцаі” не пашкадавалі нават дзяцей.
Праз некаторы час Гапонаў трапіў у засаду і быў цяжка паранены. Пасля лячэння ў нямецкіх вайсковых шпіталях ў Гомелі, Вільні і Варшаве былы селянін, а цяпер спецыяліст-паляўнічы на партызан выехаў на Захад і апынуўся ў нямецкіх частках у Італіі. Лёс быў добразычлівы да гэтага чалавека. У чэрвені 1945 г. Гапонаў прайшоў праверку і быў прызваны ў савецкую армію. Пасля службы былы паліцэйскі з’ехаў у Башкірыю і працаваў на розных прадпрыемствах. Аднак у канцы 1950-х гадоў КДБ выйшаў на след былога паліцэйскага з Чачэрскага раёна. У 1957 г. Аркадзя Гапонава расстралялі.
…Беларусы - адзін з тых еўрапейскіх народаў, які значна пацярпеў падчас Другой Сусветнай вайны. Сёння, вывучаючы падзеі мінулага, трэба кожны гістарычны сюжэт разглядаць з шматпланавай перспектывы. Архіўныя дакументы і ўспаміны відавочцаў даказваюць, што ў 1941-1944 гг. на тэрыторыі Беларусі мясцовая беларуская паліцыя сваёй жорсткасцю часам уражвала саміх немцаў. Удзел мясцовых паліцаяў у знішчэнні беларускага, габрэйскага і польскага насельніцтва Беларусі - чорная старонка айчыннай гісторыі. Вышэй прыведзеныя гісторыі супрацоўнікаў беларускай акупацыйнай паліцыі, “бобікаў-калабарантаў”, у чарговы раз даказваюць, што злачынствы гэтых людзей бясспрэчныя і прысуд, вынесены ім аб’ектыўны.
Ігар Мельнікаў,
Доктар гісторыі
Ад’юнкт Гістарычнага інстытута
Уроцлаўскага ўніверсітэта
14-12-2022