Аб першых днях “вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь”.
Вайна ля Заслаўя
Ужо ў 0-00 18 верасня 1939 года савецкія памежныя войскі былі выведзеныя з-пад падпарадкавання камандавання РСЧА. “Зялёным фуражкам” загадвалася ахоўваць лінію даваеннай мяжы, а таксама ўдзельнічаць у “баявых аперацыях” на лініі кардона.
Стражніца польскага КАП
Між тым, крававыя баі разгарнуліся не толькі на поўначы Беларусі, але ў цэнтры і на поўдні. Так, жаўнерам батальёна КАП “Краснае” давялося супрацьстаяць падраздзяленням 100-й стралковай дывізіі, 36-й кавалерыйскай дывізіі РСЧА і памежнікам 15-га Заслаўскага памежнага атрада.
У 5-30 17 верасня 1939 года войскі савецкай памежнай аховы атакавалі стражніцу “Лаўцэвічы”. Бой там працягваўся амаль две гадзіны, пры гэтым былі забітыя 3 польскія памежнікі, а яшчэ 9 трапіла ў палон. З савецкага боку загінуў адзін памежнік. У гэты ж час бальшавікі атакавалі 3-ю памежную роту “Малыя Бакшты”, у склад якой уваходзілі стражніцы “Будзькі”, “Кліманты”, “Радашковічы” і “Вялікія Бакшты”. Пра абарону апошняй з іх варта ўзгадаць падрабязней. 17 верасня 1939 года а 5-й гадзіне раніцы тут даваенную мяжу перайшлі падраздзяленні 100-й “крапасной” дывізіі Чырвонай Арміі, а таксама памежнікі 15-га атрада з Заслаўя. На момант нападу ў будынку стражніцы знаходзіўся ўзвод прыкрыцця і штаб 3-й памежнай роты “Малыя Бакшты”. У распараджэнні польскіх памежнікаў былі кулямёты, стралковая зброя, французскія гранаты. Польскія жаўнеры занялі кругавую абарону. Бой працягваўся каля дзвюх гадзін. У выніку два польскія афіцэры загінулі, а яшчэ пяць былі цяжка паранененыя. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, пасля боя савецкія памежнікі забаранялі хаваць забітых абаронцаў стражніцы. Хутка з’явіліся марадзёры, якія сцягвалі з забітых боты. 25 жаўнераў Корпуса аховы памежжа, якія трапілі ў бальшавіцкі палон, пад аховай былі дастаўленыя ў Заслаўе, дзе быў створаны часовы пункт канцэнтрацыі польскіх вайсковапалонных.
Гарнізон КАП у Красным
Вось як падзеі на ўчастку савецка-польскай мяжы ля Краснага ў першы дзень уварвання савецкіх войскаў апісваў плутановы эскадрона КАП “Краснае” Вінцэнт Сурынт: “Каля 3 гадзіны раніцай 17 верасня зазваніў тэлефон. Я думаў, што гэта да нас (кавалерыйскі эскадрон КАП “Краснае” - І.М.), аднак гэта была размова паміж камандаваннем з Вілейкі і Х батальёнам КАП. Я пачуў, што саветы пераходзяць мяжу і ёсць загад стрымаць іх усімі сіламі. Адразу пасля гэтага я падняў узвод па трывозе. [...] Камандзір эскадрона вызначыў тры патрулі, якія адразу раз’ехаліся. Капрал Скрунц выехаў на тракт да Радашковічаў і даехаў да вёскі Папоўшчына, адначасова ў патруль выехалі два капралы, браты Вараксы з Маладзечна. Адзін пайшоў у накірунку на Дуброву, дзе знаходзілася рота КАП, а другі ўлева, дзе таксама была рота КАП у Малых Бакштах. Абодва браты Вараксы так і не вярнуліся [...]. Калі капрал Скрунц вярнуўся і даклаў, што чуў танкі пад вёскай Папоўшчына, каля 10 км ад Краснага, паручнік адразу вызначыў другі ўзвод паручніка Санока для патрулявання тракту на Радашковічы. Мы паехалі на чале гэтага атрада. Даехалі да вёскі Плябань. [...] Па правым баку за 200 м была вёска Ласі, па левым - вёска Красоўшчына. Калі я даехаў да паварота, убачыў бальшавіцкія танкі, якія стаялі ў два шэрагі на дарозе. Іх экіпажы, без баявой аховы, проста снедалі. [...] На вежы аднаго з іх сядзеў савецкі жаўнер з газетай у руках, а калі ўбачыў нашых, пачаў махаць Савіцкаму, каб той пад’ехаў. Старшы ўлан Савіцкі падняў вінтоўку і стрэліў у танкіста. Газета імгненна пачала чырванець.
Я закрычаў “Вяртайся!”, але ў той жа момант па нас пачалі страляць два кулямёты. Наш атрад паскакаў у вёску Плябань. Быў загад: пасля выведкі адразу вяртацца і не прымаць бой. [...] У пэўны момант адзін з уланаў падае з каня. Калі пад’язджаем да вёскі, там стаіць шмат грамадзянскага насельніцтва. Конь Савіцкага спатыкаецца, і гэты ўлан таксама падае і не падае прыкметаў жыцця. [...] Калі паручнік Санок даведаўся, што двое ўланаў засталося ў вёсцы, паехаў туды, каб забраць параненых. Людзі яму сказалі, што абодва ўжо памерлі. Відавочна іх забілі кулі, выпушчаныя бальшавікамі з кулямётаў, а конская збруя не давала ім упасці. [...] Гэтае здарэнне мела трагічны эпілог. Калі савецкія танкі даехалі да вёскі і бальшавіцкі танкіст убачыў цела Савіцкага, то спецыяльна наехаў на парэшткі і цалкам іх раздушыў. [...] Пазней маці забітага на працягу некалькіх тыдняў прыходзіла на гэтае месца, збірала зямлю ў мяшкі і насіла ў зробленую ў сваёй вёсцы магілу. Пра лёс парэшткаў другога ўлана я нічога не ведаю”. Сёння пра пахаванні згаданых вышэй польскіх кавалерыстаў нічога не вядома.
Польскія ўмацаванні на мяжы з СССР
Падчас баёў на стражніцы КАП “Будзькі” загінулі ўраджэнец Харкаўскай вобласці Украіны, чырвонаармеец 15-га Заслаўскага памежнага атрада Мітрафан Бескаравайны і стралок таго ж атрада, ураджэнец Днепрапятроўскай вобласці Украіны Аляксей Даніленка. Абодва пахаваныя ў вёсцы Трусавічы Лагойскага раёна Мінскай вобласці.
Кровапралітныя баі адбываліся ў раёне памежнай роты КАП “Дуброва”, у якую ўваходзілі стражніцы “Павязынь”, “Гурновічы”, “Вязынка”, “Пялікшты” і “Шапавалы”. Увечары 16 верасня 1939 года камандзір апошняй з узгаданых застаў, капрал Нядзельскі, разглядаючы ў бінокль вёску Вендзелева, якая ляжала на савецкім баку мяжы, убачыў велізарную колькасць жаўнераў РСЧА. Ужо праз некалькі гадзін усе гэтыя часці рушылі на Захад. Савецкія памежнікі спрабавалі падысці да стражніцы “Шапавалы” незаўважна, аднак іх пачуў службовы сабака, які напаў на аднаго з савецкіх памежнікаў. Польскія вартавыя мяжы паспелі заняць кругавую абарону. Бой працягваўся некалькі гадзін. Польскі супраціў удалося зламаць толькі тады, калі з савецкага боку падцягнулі артылерыю. Падчас штурму стражніцы загінулі тры (па іншых звестках, чатыры) польскія памежнікі, а яшчэ 10 трапіла ў палон. Параненага капрала Нядзельскага прывезлі ў камендатуру ў Заслаўі, дзе неўзабаве той і памёр. Падчас штурму загінулі два чырвонаармейцы. Мясцовыя жыхары ўзгадвалі, што забітых польскіх жаўнераў і чырвонаармейцаў пахавалі побач са стражніцай. У 1960-я гады ў раён стражніцы прыязджалі нейкія людзі, якія забралі парэшткі чырвонаармейцаў, а вось магіла польскіх памежнікаў згубілася. Варта адзначыць, што адным з тых, хто загінуў падчас штурму стражніцы “Шапавалы”, быў чырвонаармеец 15-га Заслаўскага атрада, ураджэнец Варонежскай вобласці Расіі Мікалай Панцялееў.
Стражніца КАП "Коласава"
Жорсткі бой адбыўся на стражніцы КАП “Коласава”, якая ўваходзіла ў склад батальёна “Стоўбцы” палка “Сноў”. Як вядома, да вайны гэта быў галоўны чыгуначны калідор з СССР у Польшчу. Польская памежная інфраструктура тут была дастаткова разбудаваная. Стражніца ўяўляла з сябе вялікі цагляны будынак. Вось як той бой апісваўся ў савецкай газеце: “Рота старшага лейтэнанта Кашлакова атрымала баявы загад - дзейнічаць у галаўной паходнай заставе і перайсці мяжу ў раёне памежслупа 777. Наперад накіраваліся танкі. Пад’ехалі камандуючы фронтам камандарм 2-га рангу тав. Кавалёў, члены Вайсковага савета. Тав. Кашлакоў далажыў камандуючаму абстаноўку. Паследаваў загад прасоўваць роту. Кулямёты адкрылі агонь па польскіх памежніках. Польская стражніца спрабавала аказаць супраціў. З яе вышкі застрачыў кулямёт. Нашая артылерыя двума-трыма стрэламі разнесла вышку на трэскі. Палякі заселі ў памяшканні стражніцы. Нашыя артылерысты знайшлі іх і там”.
Факты з гэтай справаздачы пацвярджаюць і апытаныя аўтарам жыхары Коласава, якія адзначалі, што раніцай 17 верасня 1939 года савецкія памежнікі, якія перайшлі мяжу, забілі польскага вартавога на назіральнай вышцы і атакавалі стражніцу КАП. Капаўцы аказалі супраціў, і будынак удалося ўзяць толькі пасля таго, як на дапамогу падраздзяленням савецкіх памежнікаў падышла артылерыя. Пры гэтым падчас штурму быў смяротна паранены савецкі памежнік, капітан Ермакоў.
Адзін з аўтараў савецкай газеты “Красная Звезда” так апісваў свае ўражанні ад убачанага на “рыжскай” мяжы: “Побач з чыгуначнымі шляхамі ляжаў павалены ў вільготную зямлю польскі памежны слуп. Сарваны з яго жалезны аднагаловы арол валяўся ў бруднай лужыне. Тут была савецка-польская мяжа. Дарога ўся перакапаная гусеніцамі танкаў, капытамі коней, коламі аўтамабіляў. След магутнай Чырвонай Арміі сыходзіць удалечыню па палях, па пясчаных звілістых дарогах. [...] Раптам з’яўляецца дом пад жалезным яркафарбаваным дахам, абнесены высокім плотам. Ён самотна стаіць сярод вялікага зямельнага масіву. Гэта хутар асадніка. [...] Сяляне называюць асаднікаў псамі. Калі пры першай сутычцы на мяжы быў забіты асаднік, яго труп доўга ляжаў незакапаным. Сяляне падыходзілі і адварочваліся. “Сабаку сабачая смерць”, - казалі яны”, - адзначалася ў матэрыяле.
Баі на поўдні “рыжскай мяжы”
Не менш цяжкія боесутыкненні паміж польскімі і савецкімі памежнікамі адбываліся ў раёне дыслакацыі 17-га Цімкавіцкага атрада памежных войскаў НКУС БССР. “У ноч на 17 верасня нас паднялі па трывозе. Атрымаўшы поўны камплект боепрыпасаў, мы селі ў машыны і на вялікай хуткасці паімчалі да самай далёкай заставы. Па дарозе з цяжкасцю абганялі калоны часцей Чырвонай Арміі, якія накіроўваліся да мяжы. Перад світаннем мяне выклікалі ў канцылярыю начальніка заставы. На стале ляжала велізарная карта ўчастка - на сумежны бок вялі дакладныя чырвоныя стрэлы. Начальнік штаба атрада паглядзеў на гадзіннік, устаў, выпростваючы гімнасцёрку: “Слухайце баявы загад”. Памежнікам ставілася задача: расчысціць шлях для падраздзяленняў савецкіх войскаў, заняць масты, пераправы, умацаваныя стражніцы. Пры гэтым усю аперацыю трэба было правесці хутка. [...] А чацвёртай гадзіне раніцы на ўсім савецка-польскім участку мяжы ўдарныя групы памежнікаў прыступілі да выканання баявога задання. Яны дзейнічалі аператыўна”, - узгадваў былы інструктар фізічнай падрыхтоўкі Цімкавіцкага памежатрада лейтэнант А. Сяргееў. З ліку памежнікаў атрада, а таксама папаўнення, якое атрымалі ў выглядзе курсантаў памежных вайсковых школ і вучылішчаў, былі створаныя 15 баявых груп агульнай колькасцю больш за 800 байцоў.
Савецкія памежнікі знішчаюць польскі памежны слуп, верасень 1939 г.
На гэтым участку савецкім памежнікам супрацьстаялі жаўнеры КАП з батальёна “Клецк”, які ўваходзіў у структуру палка “Сноў”, брыгады “Навагрудак”. Савецкія “зялёныя фуражкі” закідалі гранатамі стражніцу “Свярынава” і спалілі будынак. Вось як той штурм апісваўся ў адной з савецкіх газет: “Перайшлі мяжу. Ціха, без усялякага вэрхалу перарэзалі дротавую загароду. Прайшлі яе. Хутка паказалася польская стражніца, якая знаходзілася на ўзвышшы. Вартавы прыкмеціў нас, але не паспеў падняць трывогу - быў знішчаны. Цішыню прарэзаў брэх вартавога сабакі. У стражніцы заварушыліся. Пачалася стральба. Мы хутка і энергічна прасунуліся наперад, на стражніцу накіравалі кулямёты. З вышкі двое польскіх афіцэраў адкрылі па нас кулямётны агонь. Мы адказалі тым жа. Камандзір часці загадаў нам кінуць гранаты. Ад выбуху гранат кулямётчыкі-афіцэры былі знішчаныя. Мне як аддзялённаму камандзіру было загадана ўварвацца ў сярэдзіну стражніцы і знішчыць ацалелых ворагаў. Я, капітан Грэкаў і баец Князеў уварваліся ў памяшканне. 12 польскіх салдат адкрылі па нас стральбу, але са спалоху стралялі без цэлі. Я дастаў гранату і загадаў польскім салдатам здацца. Яны кінулі зброю і паднялі рукі. Не паспелі мы вывесці палонных, як насустрач нам з лесу вышаў польскі нарад у складзе 7 чалавек. Мы ўступілі з імі ў бой. У гэтым баі я быў лёгка паранены. Камандаванне аддзяленнем не кінуў, працягваў біць ворага”.
Могілкі савецкіх памежнікаў у м. Цімкавічы
У 7-35 савецкія памежнікі з 17-га памежнага атрада з Цімкавічаў захапілі стражніцы КАП “Вялікая Балвань”, “Кажэнеўшчына”, “Цецеравец”, “Любенец”, “Геленава”, “Палоўкавічы”. Пасля кровапралітных баёў на лініі мяжы польскія памежнікі вымушаныя былі адступіць у накірунку Лунінца. Падчас аднаго з баёў супраць польскіх капаўцаў загінуў савецкі памежнік Рыгор Кафанаў. Ён нарадзіўся ў Белгародскай вобласці, быў трактарыстам. У 1937 годзе мабілізаваны ў Чырвоную Армію, а пазней трапіў у памежныя войскі на тэрыторыю БССР. У кастрычніку 1938 года ўдзельнічаў у затрыманні добраўзброенных дыверсантаў. На мяжы тады адбыўся сапраўдны бой. У выніку парушальнікі былі знішчаныя, за што Кафанаў і яго напарнік Фядот Найдзёнаў былі ўзнагароджаныя ордэнам Чырвонай Зоркі.
17 верасня 1939 года “ардэнаносец” быў у першых шэрагах тых, хто пайшоў на Захад “выконваць загад савецкага ўрада”. З падраздзяленняў памежнікаў 17-га Цімкавіцкага атрада былі створаныя дзве штурмавыя групы і дзве групы прыкрыцця. Штурмавая група, у якую ўваходзіў Рыгор Кафанаў, знішчыла польскі памежны нарад на лініі мяжы. Калі “зялёныя фуражкі” былі ля стражніцы, у будынак паляцелі гранаты. Адным з першых у польскую заставу ўварваўся “ардэнаносец” Кафанаў, аднак адразу быў забіты польскім кулямётчыкам, які з апошніх сілаў вёў агонь па нападніках. Пазней цела забітага было пахаванае ў брацкай магіле ў Цімкавічах.
27 сакавіка 1940 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага савета СССР 5-й памежнай заставе, якая ўсё яшчэ знаходзілася на “старой” мяжы, былога 17-га Цімкавіцкага Чырвонасцяжнага атрада памежных войскаў НКУС БССР (пасля падзей верасня 1939 года 17-ты атрад быў пераведзены на службу на новую мяжу з Германіяй, а частку яго асабовага складу на даваеннай лініі мяжы перадалі ў распараджэнне 16-га Дзяржынскага памежнага атрада - аўт.) было прысвоена імя Рыгора Кафанава. Будынак даваеннай заставы быў знішчаны падчас баёў чэрвеня 1941 года, але зараз на месцы заставы знаходзіцца памятны знак. Адзначу, што акрамя Кафанава, у баях супраць жаўнераў польскага КАП на савецка-польскай мяжы 17 верасня 1939 года загінулі і іншыя савецкія памежнікі 17-га памежнага атрада ў Цімкавічах.
Шыльда ў памяць Р. Кафанава ў Цімкавічах
Не менш крывавыя баі адбывалія і ў раёне, які ахоўваў батальён КАП “Давыд-Гарадок”. “Стражніцу ў Колках абаранялі толькі чатыры жаўнеры-рэзервісты і жаўнер звыштэрміновай службы, плутановы Францішак Квапіш. Казармы ў Колках занятыя раніцай 17 верасня 1939 года. Жаўнер на вышцы абараняўся вучэбнымі гранатамі. Яго забілі, калі ў яго скончыліся патроны. Пасля захопу казармаў ля сцяны застрэлілі чатырох аўчарак і іх гаспадароў, жаўнераў тэрміновай службы. Яны сваімі целамі хацелі абараніць чатырохногіх гадаванцаў, і пасля некалькіх загадаў адысці ад сабак прагучала каманда: “Собакам и вам собачья смерть”. Так загінулі два капаўцы і іх сабакі”, - узгадваў тыя жудасныя дні сын польскага памежніка Эдвард Пасечны.
Увечары 17 верасня 1939 года камбрыг Іван Багданаў дакладваў камандаванню Беларускага фронта пра падзеі на савецка-польскай мяжы. У Мінск, у прыватнасці, паведамлялася, што падраздзяленні 17-га памежнага атрада вялі бой за стражніцу “Пяшчанка” супраць прыбыўшых з захаду падраздзяленняў польскага войска. Варта адзначыць, што ніякіх польскіх падраздзяленняў на дапамогу польскім памежнікам не падыходзіла. Супраць нападаючых змагаўся гарнізон стражніцы. Гераічна, да апошняга. У савецкім дакуменце адзначалася: “1. Страты непрыяцеля: забіта восем афіцэраў, восем падафіцэраў, 137 радавых, сем асаднікаў; узятыя ў палон сем афіцэраў, 28 падафіцэраў, 425 радавых, сярод якіх было параненых пяць падафіцэраў і сорак чатыры радавых. 2. Нашыя страты: загінулі тры чалавекі з вышэйшага каманднага складу. [...] З 14-га вылучанага аддзела - лейтэнант Пятроў, камандзір 17-й заставы 17-га вылучанага атрада лейтэнант Шындраеў, палітрук 9-й заставы 17-га вылучанага атрада - палітрук Арлоў. Малодшых камандзіраў - адзін чалавек. Чырвонаармейцаў - трынаццаць. Агулам сямнаццаць чалавек. Патанула падчас фарсіравання Дзвіны ў раёне мястэчка Дрыса - адзін малодшы камандзір і адзінаццаць чырвонаармейцаў з 12-га вылучанага атрада. Цяжка параненыя: з сярэдняга камандзірскага складу - 6, малодшых камандзіраў - 4, чырвонаармейцаў - 10, лёгка параненыя: з камандзірскага складу - 12, малодшых камандзіраў - 9, чырвонаармейцаў - 70. Усяго - сто адзінаццаць. Вайсковыя трафеі: ручных кулямётаў - 27, вінтовак - 394, пісталетаў - 40, гранат - 5, баявых патронаў - 75 000, супрацьгазаў - 291, бінокляў - 24, тэлефонных апаратаў - 10, аўтамабіляў - 2, матацыклаў - 3, ровараў - 20, коней - 16, вазоў - 7”. Варта адзначыць, што раніцай 17 верасня 1939 года ў баях на “рыжскай мяжы” загінулі наступныя вайскоўцы 13-га Бярэзінскага памежнага атрада: чырвонаармеец Аляксей Стрэпехаў (нарадзіўся ў 1918 годзе ў г. Серпухаў Маскоўскай вобласці, Расія); чырвонаармеец Мітрафан Багун (нарадзіўся ў Кіраваградскай вобласці Украіны); чырвонаармеец Фёдар Варывончык (беларус, нарадзіўся ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці); чырвонаармеец, курсант школы малодшых камандзіраў 13-га Бярэзінскага памежнага атрада Рыгор Кардаш (нарадзіўся ў 1918 годзе ў Чарнігаўскай вобласці Украіны); намеснік палітрука 13-га памежатрада Сямён Вілюноў (нарадзіўся ў 1916 г. у Арлоўскай вобласці, Расія). Гэтыя памежнікі пахаваныя ў в. Заполле, але магіла не захавалася. “За вайсковыя адзнакі пры вызваленні Заходняй Беларусі і Украіны” нампалітрук С. Вілюноў, чырвонаармейцы М. Багун, А. Стрэпехаў былі пасмяротна ўзнагароджаныя ордэнам баявога Чырвонага Сцягу. Чырвонаармеец Р. Кардаш быў прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам Чырвонай Зоркі, але ва Указе ад 26 красавіка 1940 года аб узнагародзе памежнікаў прозвішча гэтага “вартавога мяжы” адсутнічала.
14-ты Плешчаніцкі памежны атрад раніцай 17 верасня 1939 года страціў лейтэнанта Васіля Пятрова (нарадзіўся ў Пскоўскай вобласці Расіі), які на момант пачатку “вызвольнага паходу” выконваў абавязкі малодшага памочніка 5-га аддзела штаба 14-га памежтарада.
Савецкія жаўнеры нішчаць польскія памежныя ўмацаванні
У сувязі з гібеллю ў баях супраць польскіх памежнікаў з асабовага складу 16-га Дзяржынскага памежнага атрада былі выключаныя: чырвонаармеец Аляксей Чабатароў (ураджэнец Варонежскай вобласці Расіі); капітан Аляксандр Ермакоў, камендант 3-га ўчастка 16-га Дзяржынскага памежатрада (загінуў пры штурме стражніцы КАП “Коласава”); чырвонаармеец Уладзімір Кандраццеў (нарадзіўся ў 1914 годзе ў Варонежскай вобласці Расіі, загінуў у баі супраць польскіх памежнікаў у Рубяжэвічах).
Раніцай 17 верасня 1939 года на савецка-польскай мяжы загінулі наступныя вайскоўцы 22-й асобнай Ветрынскай камендатуры: чырвонаармеец Міхаіл Дворнікаў (ураджэнец Валагодскай вобласці Расіі) і чырвонаармеец Яўген Іваноў (нарадзіўся ў 1914 годзе ў Валагодскай вобласці Расіі).
Ігар Мельнікаў,
Доктар гісторыі,
Ад’юнкт Гістарычнага інстытута
Уроцлаўскага ўніверсітэта
17-09-2022