Забытыя помнікі “доўбарчыкаў” у Беларусі

Jan 17, 2022 20:34


У далёкім цяпер ужо 2004 г. я ўпершыню даведаўся пра І польскі корпус і яго знаходжанне ў родным Бабруйску ў 1918 г. Тэма пачала “раскручвацца” і хутка я выйшаў на адзін з галоўных сімвалаў побыту жаўнераў ўзгаданай польскай вайсковай адзінкі ў цытадэлі на Бярэзіне, а менавіта на Курган доўбарчыкаў.



Помнік сапёрам І польскага корпуса ля в. Арабаўшчына, пастаўлены ў 1937 г. ветэранамі І польскага корпуса



У 2012 годзе атрымалася лакалізаваць месца, дзе гэты архітэктурны артэфакт знаходзіўся да моманту знішчэння яго савецкімі ўладамі. На бабруйскі курган я “выйшаў” праз яго мініяцюрную копію, якая ў 1930-я гады з’явілася на вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве. Увогуле, тэма бабруйскага кургана была адной з галоўных у мемарыяльнай дзейнасці ветэранаў І польскага корпуса на Усходзе.



Курган доўбарчыкаў на варшаўскіх вайсковых могілках Павонзкі

Курган Пілсудскага і сімвал доўбарчыкаў

Пасля смерці бацькі Другой Рэчы Паспалітай Юзафа Пілсудскага польскае грамадства пачало актыўна працаваць над захаваннем памяці пра гэтага чалавека. У гарадах з’яўляліся плошчы, вуліцы імя Пілсудскага, усталёўваліся помнікі і мемарыяльныя знакі.



"Бацька" Другой Рэчы Паспалітай маршал Юзаф Пілсудскі

У кракаўскім Савінцы было прынята рашэнне пабудаваць Курган Пілсудскага, зямлю для якога збіралі з месцаў баёў у якіх удзельнічалі розныя падраздзяленні Войска Польскага. У сакавіку 1936 г. Хаўрус жаўнераў І усходняга польскага корпуса правёў агульнае паседжанне на якім, сярод іншага было прынята рашэнне пра выраб урны для збору зямлі з месцаў баёў І польскага корпуса.



Лагатып і адрас ветэранскай арганізацыі І польскага корпуса

У конкурсе прац перамагла ўрна ў выглядзе…бабруйскага кургана.



Урна, вырабленая ветэранамі І польскага корпуса



Курган І польскага корпуса ў Бабруйскай крэпасці



Будаўніцтва кургану І полськага корпуса



Курган доўбарчыкаў знаходзіўся адразу за Слуцкай брамай Бабруйскай крэпасці



Камандуючы І польскім корпусам генерал Ю. Доўбар-Мусніцкі падчас будаўніцтва кургану ў Бабрускай крэпасці, 1918 г.

Зразумела, што паехаць у Бабруйск, Магілёў, Рагачоў, ці Мінск ветэраны-доўбарчыкі не маглі. Нават калі б яны праехалі “рыжскую мяжу” савецкія ўлады не дазволілі б ім свабодна рухацца па тэрыторыі памежнай рэспублікі. У гэтай сувязі заставаліся месцы баёў на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай. 10 траўня 1936 г. члены Галоўнага ўпраўлення Хаўрусу жаўнераў І усходняга польскага корпуса выехалі на машыне з Вільні ў бок мястэчка Краснае, дзе знаходзілася пахаванне жаўнераў корпуса.



Мініятура бабруйскага кургану на вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве, 1930-я гады



Шыльды на мініятуры курганы доўбарчыкаў на вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве





Справа ў тым, што ў студзені 1918 г. праз узгаданае мястэчка рухаліся эшалоны з жаўнерамі 5-га польскага стралковага палка, якія кіраваліся з мястэчка Зубцоў Цвярской губерні ў бок Бабруйскай крэпасці. Цягнікі рухаліся праз Вялікія Лукі, Невель, Полацк, Маладзечна. Бальшавікі вырашылі не прапускаць польскія часці.



Жаўнеры І польскага корпуса ў баі супраць бальшавікоў

У Полацку “чырвоныя” паспрабавалі раззброіць палякаў, аднак ім гэта не атрымалася зрабіць. Доўбарчыкам прыйшлося прабівацца праз Маладзечна.

У раёне Краснага “чырвоныя” разабралі чыгуначныя шляхі. На пагорках ля станцыі, а таксама на вежы касцёла бальшавікі ўстанавілі кулямёты. Першы польскі эшалон спрабаваў адразу праехаць станцыю. На поўным хаду цягнік сыйшоў з рэек. Тут жа “чырвоныя” пачалі абстрэльваць склад з кулямётаў. Хутка пад’ехаў другі польскі эшалон з якога пачалі выскокваць польскія жаўнеры, якія спрабавалі дапамагчысваім калегам, якія трапілі ў бальшавіцкую засаду.



У Бабруйскай крэпасці

Калі палякі зразумелі, што яны ў атачэнні, то паспрабавалі адступіць, аднак шлях на Маладзечна быў зачынены савецкім бронецягніком. Пасля кравапралітнага бою польскія жаўнеры пачалі здавацца. Палонных рабавалі і збівалі. У выніку бою загінулі два афіцеры і больш за дзесяць радавых доўбарчыкаў. Іх абрабаваныя целы пахавалі ля чыгуначнай станцыі.



Ветэраны І польскага корпуса на магіле сваіх аднапаўчан ля чыгуначнай станцыі Краснае

У міжваенны час на месцы пахавання з’явіўся сціплы крыж. Менавіта да яго і прыехалі ў траўні 1936 года ветэраны І польскага корпуса. У суправаджэнні аркестра 86-га палка Мінскіх стральцоў Войска Польскага з Маладзечна, які выканаў польскіх дзяржаўны гімн былыя жаўнеры-доўбарчыкі ўзялі зямлю з гэтай сціплай жаўнерскай магілы. На наступны дзень ветэраны наведалі мястэчка Ілья, дзе ўзялі зямлю з магілы паўстанцаў 1863 года. Пазней зямля з гэтых заходнебеларускіх мястэчак апынулася ў Кракаве, на кургане ў гонар Юзафа Пілсудскага.



Ветэраны І польскага корпуса ў Савінцы падчас складання зямлі з месца баёў І польскага корпуса на курган Юзафа Пілсудскага

“Тры крыжы” ля ДАКаў

У тым жа 1937 годзе кіраўніцтва Навагрудскай акругі ветэранскай арганізацыі І польскага корпуса прыняло рашэнне ўрачыста асвяціць і адчыніць помнік у памяць польскіх сапёраў Рускага імператарскага войска, узведзены паміж вёскамі Арабаўшчына і Торчыцы. Асаблівасцю гэтага раёна было тое, што там знаходзіліся палявыя доўгатэрміновыя ўмацаванні Войска Польскага.



Так помнік "Тры крыжы" выглядаў у 1937 г.

Ля помніку знаходзіўся т.зв. “Балотны пагорак” ля якога падчас Вялікай вайны 1914-1918 гг. нямецкія войскі пабудавалі некалькі бункераў, якія ў 1930-я гады польскія вайскоўцы мадэрнізавалі і ператварылі ў агнявую групу спалучаную паміж сабой патэрнамі. Акрамя таго, што помнік “Тры крыжы” быў пастаўлены на месцы баёў Першай сусветнай, ён размяшчаўся ў месцы дыслакацыі 20-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага, то бок, па сутнасці ў вайсковым гарадку.



Так помнік у гонар сапёраў І польскага корпуса ля в. Арабаўшчына выглядае зараз

Знаходжанне “помніка з арлом” ля былых кайзераўскіх умацаванняў нарадзіла вялікую колькасць легенд звязаных з манументам. Некаторыя “краязнаўцы” абаранялі ідэю аб германскім радаводзе помніку, іншыя адстойвалі легенду пра сімвал “трох польскіх паходаў на Усход”, трэція верылі ў прыгожую легенду пра ўратаванне Пілсудскага падчас вайны з бальшавікамі.



Помнік сапёрам І польскага корпуса ля в. Арабаўшчына

Аднак праўда ў тым, што ветэраны-доўбарчыкі вырашылі гэтым велічным манументам ушанаваць памяць і гераізм сваіх калег-аднапаўчан.

Помнік у Красным

У 1938 г. ветэраны-доўбарчыкі прынялі рашэнне перапахаваць парэшткі жаўнераў І польскага корпуса, пахаваных ля станцыі “Краснае”. 22 красавіка 1939 г. адбылася эксгумацыя парэшткаў загінуўшчых у 1918 г. доўбарчыкаў.



Эксгумацыя парэшткаў жаўнераў І польскага корпуса ў Красным у 1939 г.

Перапахаванне адбылося на новым месцы, у цэнтры мястэчка Краснае, насупраць касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. На новай магіле жаўнераў І польскага корпуса быў пастаўлены шыкоўны помнік, аўтарам якога быў вядомы польскі скульптар Горна-Паплаўскі. Манумент вянчаў Крыж доўбарчыкаў - сімвал І польскага корпуса.



Помнік доўбарчыкам, пастаўлены ў Красным у 1939 г.



Перапахаванне жаўнераў І польскага корпуса ў Красным



Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі к Красным



Перапахаванне жаўнераў І польскага корпуса ў Красным, 1939 г. Цікавай асаблівасцю з'яўляецца тое, што жаўнеры Войска Польскага, якія ўдзельнічаюць у перапахаванні, маюць на галовах каскі wz. 31. Гэта своеасаблівы знак таго, што набліжалася Другая сусветная вайна

На вялікі жаль, узгаданыя помнікі чакаў лёс польскага кургану, пабудаванага ў 1918 г. у Бабруйскай крэпасці, які быў знішчаны савецкімі ўладамі. У 1940 г. бальшавікі разабралі манумент у Красным. У той жа час савецкія вайсковыя інжынеры вывучалі і ўзрывалі польскія ўмацаванні ля Баранавічаў. З помніка “Тры крыжы” былі збітыя надпісы і мячы (сімвал “Грунвальду” - барацьбы супраць немцаў), але сам манумент перажыў Другую сусветную вайну і захаваўся да нашых дзён.



Месца, дзе знаходзіўся помнік жаўнерам І польскага корпуса ў Красным

Застаецца адзначыць, што ўзгаданыя помнікі з’яўляюцца сімваламі агульнай беларуска-польскай гісторыі. Акрамя гэтага, яны (нават у сённяшнім стане) з’яўляюцца важным элементам турыстычнай прывабнасці Беларусі. Гісторыя І польскага корпуса заслугоўвае больш глыбокага даследавання ў нашай краіне, а гістарычная спадчына доўбарчыкаў - гэта неад’емны элемент гісторыі Беларусі.

Ігар Мельнікаў,

Кандыдат гістарычных навук

16-01-2022

Помнік Тры крыжы ля Арабаўшчыны, pomnik dowborczykom w krasnem, Польскія ўмацаванні ля Баранавічаў, arabowszczyzna, pomnik trzy krzyrze obok arabowszczyzny, Болотный холм, Балотны пагорак, Памятник довборчиком в Красном, Курган у Бабруйскай крэпасці, historiapobach, Польские доты под Барановичами, Другі польскі корпус, Курган у Бабруйску, Памятник Три креста у Арабовщины, Красное, Арабаўшчына, polskie schrony pod branowiczami, Юзаф Доўбар-Мусніцкі, ihar melnikau

Previous post Next post
Up