Трагедыя беларусаў на “мяжы цывілізацый”

Jan 01, 2022 17:55





Архіўныя справы беларусаў, агентаў польскай выведкі

Падчас працы над архіўнымі матэрыяламі па гісторыі даваеннай савецка-польскай мяжы і польскіх доўгатэрміновых умацаванняў на кардоне з БССР мне часта трапляюцца трагічныя гісторыі звычайных жыхароў Беларусі, вымушаных жыць у міжваеннае дваццацігоддзе на “мяжы цывілізацый”. Канешне, трэба вывучаць знешнепалітычны фон, загады вайскоўцаў і ўлад, дакументы розных структур улады па два бакі кардона (што я, зразумела, раблю), але вельмі жадаю, каб за ўсімі гэтымі, так бы мовіць, “канцэлярызмамі” не гублялася гісторыя звычайнага чалавека. Простага, такога, як мы. Просты беларус, паляк, расіян, ці ўкраінец. Ён не быў палітыкам, чыноўнікам, дзяржаўным, ці вайсковым дзеячамю Проста жыў і працаваў на сваёй зямлі. Калі аналізуеш архіўныя дакументы, пачынаеш разумець, што людзі ў тыя часы прайшлі праз жудасныя выпрабаванні, а іх лёс - папярэджанне для сённяшніх жыхароў Беларусі, якія па сёння не ведаюць гісторыю сваёй краіны.

З Грамады ў камуністы



Праваслаўны беларус Марк Іванавіч Рак нарадзіўся ў 1908 г.у в. Бабровічы Косаўскага павета (сёння Целяханскі раён Берасцейскай вобласці). Яго бацькі мелі ўласную гаспадарку, якая складалася з 12 дзесяцін зямлі разам з будынкамі (трошкі больш за 13 га). У 1926 г. 18 гадовы беларус апынуўся пад уплывам бальшавіцкіх агітатараў. На працягу двух гадоў Марк актыўна распаўсюджваў улёткі і займаўся пракамуністычнай дзейнасцю, пакуль на яго след не натрапіла польская дзяржаўная паліцыя. “У 1927 г. з дапамогай Горбана Пятра я запісаўся ў Беларускую Грамаду (гурток), а пасля ліквідацыі гэтай арганізацыі, уступіў у камуністычную ячэйку ў Баброўніках”, - пісаў у аўтабіяграфіі, складзенай у аддзеле польскай выведкі ў Пінску, Марк Рак. У 1928 г. польская паліцыя арыштавала хлопца. Следства працягвалася два гады. У 1930 г. акружны суд у Горадне прысудзіў 22 гадовага беларуса да 4 гадоў турмы і 10 гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў. Марк Іванавіч адсядзеў “ад званка да званка”. Разумеючы, што на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай яго нічога добрага не чакае, у 1934 г. Рак, разам з сябрамі Ярутай і Клімавым накіраваліся ў БССР. Пасля нелегальнага пераходу мяжы хлопцы трапілі ў рукі савецкай памежнай аховы і знаходзіліся ў ізалятары савецкай памежнай аховы. А потым, савецкія ўлады…вярнулі іх у Польшчу.

“Марк Рак да моманту ад’езду у Савецкую Расію быў камуністам і ў сваёй камуністычнай дзейнасці ўтрымліваў кантакт з падазронымі асобамі. Аднак знаходзячыся ў Расіі ён змяніў свой пункт гледжання. Ён разлічваў, што там атрымае добрае становішча. Аднак разчараваўся ў сітуацыі ў Саветах і пасля вяртання ў Польшчу з мясцовымі дзеячамі кампартыі кантакты разарваў. Зараз ён хваліць сітуацыю ў Польшчы, а бальшавізм крытыкуе. Сёння на трыторыі вёскі Бабровічы ён лічыцца адным з найбольш багатых і матэрыяльна незалежных сялян”, - адзначалася ў дакуменце польскай выведкі. Вось такія метамарфозы адбыліся з простым беларускім хлопцам. Чаму? Сваю ролю, безумоўна, адыграў бальшавіцкі “прыём” заходнебеларускага камуніста. Марк ішоў у БССР, як на Радзіму, да братоў, да “сваіх”, а апынуўся ў памежным ізалятары. Тады былому грамадоўцу пашчасціла, што бальшавікі вырашылі вярнуць яго ў Польшчу.

Агент “двуйкі”, які не хацеў працаваць

У лістападзе 1934 г. Марк Рак стаў агентам-інфарматарам польскай выведкі. “Сцвярджаю ўласнаручным подпісам, што дабраахвотна прымаю на сябе абавязак працы на карысць выведвальнага аддзела і абавязваюся сумленная выконваць усе заданні, якія атрымаю ад вышэйстаячых улад”, - адзначалася ў дэкларацыі аб супрацы, падпісанай Ракам у Пінску. Пры гэтым новы агент атрымаў псеўданім “Марк Цімашэвіч”. Якія заданні выконваў новы “саксуп” “Двуйкі”? Перш за ўсё, ён даў падрабязныя паказанні па дзейнасці камуністаў Сцяпана Яруты, Івана Барысевіча, Аляксандра Пазняка ды іншых. У якасці “пад’ёмных” Марк атрымаў тады 17 злотых. Далей, праўда, Рак-Цімашэвіч імкнуўся пазбягаць кантактаў з польскай выведкай і напрацягу 1935 г. увогуле не выходзіў на сувязь з куратарам. Відавочна, на агента “націснулі” і прымусілі “назіраць” за Сцяпанам Ярутай, які, як і Рак быў камуністам, паспеў пасядзець у польскай турме і быў пазбаўлены грамадзянскіх правоў на 8 гадоў. Пасля таго, як савецкія ўлады вяртнулі Яруту ў Польшчу, ён, працягваў выказваць сімпатыі да дзейнасці КПЗБ. “У бягучым годзе агент быў выкліканы на кантакт, аднак не прыбыў і жадае яго зусім скончыць. […] Агент не прадуктыўны і пажадана было б яго звальненне”, - адзначалася ў рэзалюцыі за 1936 год, напісанай супрацоўнікам польскай выведкі. Адзначым, што за гэты час Марк Іванавіч паспеў ажаніцца.

У лютым 1937 года польская выведка звольніла беларуса са сваёй службы. Здавалася, жыццё хлопца пачало наладжвацца, аднак праз два гады пачалася Другая сусветная вайна, а хутка былыя паўночна-усходнія ваяводствы Другой Рэчы Паспалітай апынуліся ў межах БССР. Супрацоўнікі НКУС прышлі за Маркам Ракам 20 чэрвеня 1941 г., то бок, за два дні да нападу Германіі на СССР. Хлопца арыштавалі. Потым была савецкая турма, этап. Праз год пасля арышту, у чэрвені 1942 года, “асаблівая нарада” НКУС абвінаваціла Марка Іванавіча Рака ў супрацы з польскай выведкай і прысудзіла да “вышэйшай меры сацыяльнай абароны” - растрэлу. Прысуд быў прыведзены ў выкананне 21 ліпеня 1942 г. У жніўні 1989 г. Пракуратура Берасцейскай вобласці пасмяротна рэабілітавала гэтага чалавека. У чым яго віна? У тым, што нарадзіўся на “мяжы цывілізацый”? У тым, што проста хацеў нармальна жыць на сваёй зямлі? Яго выкарысталі сістэмы, якія знаходзіліся ў стане вайны паміж сабой. І нават у гэтых умовах Марк Рак спрабаваў выжыць. Не атрымалася. Сталінскія каты знішчылі беларуса. Загадкай застаецца і тое, чаму гэты чалавек не быў вызвалены ў 1941 г., калі была падпісана дамова Сікорскі-Майскі і савецкія ўлады пачалі вызваляць былых польскіх грамадзян са сваіх турмаў.

На франтах Вялікай вайны

Падобная, трагічная гісторыя і ў беларуса Васіля Цімафеевіча Зубко. Ён нарадзіўся ў в. Рудавін Пінскага павету ў 1898 г. Яго бацька быў кадравым падафіцэрам Рускага імператараскага войска. Васіль скончыў пачатковую школу, а потым паехаў у Кіеў, дзе вучыўся ў Рэальным вучылішчы № 2. У ліпені 1915 г. Зубко дабравольна ўступіў у Рускае імператарскае войска і трапіў у 92-гі запасны пяхотны полк, які размяшчаўся ў Уфімскай губерніі. У кастрычніку 1915 г. Васіль быў накіраваны на руска-германскі фронт у раён Парахоньска. Служыў у якасці выведніка ў складзе 330-га пяхотнага палка. 17 лістапада 1915 г. у баі ля мястэчка Лагішын быў паранены ў правую нагу. Пасля лекавання ў шпіталі Зубко вярнуўся на фронт. Удзельнічаў у “Брусілаўскім прарыве” падчас якога трапіў у нямецкі палон у якім знаходзіўся да кастрычніка 1919 г. Пазней, праз Мальту і Чорнае мора, беларус трапіў на Крым, дзе уступіў у “белае” Добраахвотніцкае войска пад камандаваннем генерала Антона Дзянікіна. У ліпені 1920 г. Зубко апынуўся ў бальшавіцкім палоне і некалькі месяцаў знаходзіўся у турме ЧК у Мікалаеве.

Трагедыя “агента”

У 1922 г. Васіль вярнуўся на Піншчыну, якая на той час была ўжо ў межах Другой Рэчы Паспалітай. Пасля ранення і хвароб праца давалася цяжка цяжка, але беларус працаваў у маёнтку, які належыў Жыгімонту Скірмунту. У 1923 г. Васіль пераехаў у Пінск. Прайшоў службу ў Войску Польскі, пасля якой быў пераведзены ў рэзерв. У 1927 г. ён атрымаў працу ў Упраўленні водных шляхоў. Праўда, у 1932 г. Васіль страціў працу. Потым працаваў у Упраўленні дарожнага будаўніцтва, пасля чаго вярнуўся у Упраўленне водных шляхоў. У траўні 1933 г. беларус пайшоў на супрацу з польскай выведкай і атрымаў псеўданім “Сцяпан Крушынскі”. Цікава, што ў анкеце, якую складалі супрацоўнікі польскай выведвальнай Экспазітуры ў Пінску, пазначана, што Зубко валодае беларускай, расейскай, кітайскай мовамі, але польскую ведае слаба. У задачу “агента” уваходзіла адсочванне прасавецкіх элементаў сярод працоўных Упраўлення водных шляхоў.

Пасля падзей верасня 1939 года Васіль Зубко працягваў працаваць на Сударамонтным заводзе ў Пінску. Там жа ён працаваў і падчас нямецкай акупацыі ў 1941-1944 г. У верасні 1944 года савецкія спецорганы арыштавалі гэтага чалавека і абвінавацілі ў здрадзе Радзіме. Мы дакладна не ведаем, пра што ішла гутарка. Магчыма, пра перыяд нацысцкай акупацыі, а магчыма пра даваенны час. 3 кастрычніка 1945 г. беларус быў прысуджаны да 10 гадовай катаркі, якую адбываў у Печлагу. Пасля смерці Сталіна, у ліпені 1954 г. гэты чалавек быў вызвалены, што сведчыць пра тое, што “здрада Радзіме”, была, хутчэй за ўсё, “высмактаная з пальца”. У лістападзе 1992 г. Пракуратура Беласцейскай вобласці рэабілітавала гэтага чалавека.

Вось такія дзве трагічныя гісторыі беларусаў, якія проста хацелі жыць на сваёй зямлі, але сталі ахвярамі палітычных гульняў і  канкурэнцыі паміж дзяржавамі. Сучасныя беларусы павінны разумець, што без ведання ўласнай гісторыі, яны рызыкуюць раз за разам паўтараць памылкі мінулага, праходзіць той цяжкі шлях, праз які прышлося прайсці жыхарам Беларусі ў 1930-я гады. Пры гэтым вывучэнне і даследаванне айчыннай гісторыі павінна адбывацца з беларускіх, а не савецкіх пазіцый. Тады і высновы будуць карысныя для Беларусі і яе жыхароў.

Ігар Мельнікаў,

Кандыдат гістарычных навук,

Варшава, 1-01-2022

przedwojenna granica polsko-radziecka, довоенная советско-польская граница, nkwd, represje stalinowskie, НКУС, вайна выведак, Заходняя Беларусь, Беларусь, даваенная савецка-польская мяжа, Dwójka, гісторыя Беларусі, Марк Рак, Васіль Зубко, міжваенны час, сталінскія рэпрэсіі, wrzesień 1939 r., wywiad polski na kresach, Двуйка

Previous post Next post
Up