У міжваеннае дваццацігоддзе на тэрыторыі Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай дзейнічала разгалінаваная сетка польскай выведкі, якая не толькі змагалася супраць бальшавіцкіх агентаў і дыверсантаў, але і збірала інфармацыю пра патэнцыйнага ворага на Усходзе.
Небяспечнае суседства
Увесну 1939 года значная частка польскіх выведнікаў з усходніх ваяводстваў была накіравана на Захад, каб “працаваць” супраць нацыстаў. Аднак савецкі накірунак працягвагваў заставацца вельмі небяспечным. Не трэба лічыць, што выведнікі польскага Корпуса аховы памежжа (КАП) накіроўвалі ў Варшаву заспакаяльныя дэпешы.
Напярэдадні Другой сусветнай вайны памежнікі з Валожына, Вілейкі, Вільні інфармавалі Другі адзел Генштаба Войска Польскага пра тое, што на тэрыторыі БССР не толькі не назіралася памяншэнне колькасці падраздзяленняў і буйных злучэнняў РСЧА, а наадварот з іншых акругоў у савецкую Беларусь прыбывалі новыя вайсковыя часткі.
Верасень 1939-га. Чырвоная Армія рыхтавалася да кідку на Захад
Пагрозлівым выглядала перакідка вялікай колькасці бронетанкавых войскаў непасрэдна на мяжу з Другой Рэччу Паспалітай. Летам 1939 года савецкае вайсковае камандаванне адмяняла адпачынкі для афіцэраў і пераводзіла некаторыя гарнізоны на паўваеннае становішча.
Непасрэдна на лініі “рыжскай” мяжы з савецкага боку ўвесь час праводзіліся манёўры, пры гэтым, як падкрэслівалі выведнікі КАП, чырвонаармейцы вучыліся пераадольваць дротавыя загароды і дзейнічаць сумесна з танкавымі часткамі.
Крэмль збліжаецца з нацыстамі
Асабліва трывожным сігналам стала інфармацыя аб тым, што ў ліпені 1939 года у Маскве безвынікова скончыліся перамовы савецкага боку з вялікай ганлёвай дэлегацыяй з ЗША. Амерыканцы пакінулі сталіцу СССР, а на іх месца прыехалі “бізнэс-колы” (чатыры канцэрны і прадстаўнікі ўраду) Трэццяга Рэйху.
Немцаў у Маскве прымалі з ушанаваннямі, як сапраўдных хаўруснікаў. Гэтая інфармацыя была з трывогай успрынята ў Варшаве. Яшчэ нядаўна бальшавікі называлі нацыстаў найгоршымі ворагамі працоўнага люда, а тут сустракаюць іх як лепшых сяброў.
Між тым у верасні 1939 года СССР фактычна стаў хаўруснікам Трэцяга Рэйху
Хутка пасля гэтага ў Ленінград прыбыло некалькі нямецкіх гандлёвых судоў, якія прывезлі абсталяванне для заводаў абарончага характара.
І ўсё ж вайна
Пасля нападу Германіі на Польшчу выведка КАП на тэрыторыі паўночна-усходніх ваяводстваў вымушана была змяніць накірунак сваёй дзейнасці. Увесь цяжар выведвальнай працы пераносіўся на вывучэнне тэрыторыі Усходняй Прусіі і Літвы. Варта адзначыць, што на працягу міжваеннага дваццацігоддзя паміж Польшчай і Літвой адсутнічалі дыпламатычныя адносіны. Звязана гэта было з захопам Віленшчыны польскімі войскамі ў 1920 годзе.
Стражніца польскага Корпуса аховы памежжа
Савецкі накірунак працягвалі лічыць небяспечным, аднак другасным па важнасці вывучэння. Сітуацыя змянілася 5 верасня 1939 года, калі камандаванне КАП вымушана было эвакуіравацца з Варшавы ў заходнебеларускі Пінск. Пры гэтым камандаванне Другога (выведвальнага) аддзела Генеральнага штаба Войска Польскага эвакуіравалася ў Берасце-на-Бугу.
Савецкі бок падцягваў бронетэхніку на мяжу з Польшчай. 17 верасня 1939 года сотні савецкіх танкаў перайшлі "рыжскі кардон"
У гэты ж час праца выведкі КАП была непасрэдна падпарадкавана “Двуйцы”. Кіраўнік памежнай выведкі маёр Ян Гурбскі выдаў загад аб арганізацыі ў Лунінцы цэнтра сувязі, які б звязваў дзве Экспазітуры выведкі КАП у Вільні і Львове паміж сабой і штабам КАП. Варта адзначыць, што ў склад першай з іх уваходзілі: выведвальны адзел №1 у Горадні; выведвальны адзел КАП 2 у Вільні, выведвальны адзел 3 у Глыбокім, выведвальны адзел 4 у Маладзечне; выведвальны адзел 5 у Стоўбцах і выведвальны адзел №5 у Лунінцы.
Хутка з’явілася праблема арганізацыі контрвыведвальнай дзейнасці. Звязана гэта было з вялікай колькасцю бежанцаў, якія з’явіліся на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў. Сярод гэтых людзей маглі быць агенты нямецкай і савецкай выведкі. Іх дзейнасць, накіраваную супраць польскай дзяржавы, павінен быў адсочваць контрвыведвальны адзел КАП, які быў створаны ў гэты час у Пінску.
Цікавым з’яўляецца тое, што ў гэты час сярод іншых у рукі польскіх выведнікаў трапіў нямецкі пілот, якога збілі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Палонны “асудзіў дзейнасць нямецкай авіяцыі, знішчэнне цывільнага насельніцтва і інфраструктуры”. Акрамя гэтага, нямецкі капітан дакладна выклаў дадзеныя аб сваім вайсковым падраздзяленні.
Вайна прыходзіць на “крэсы”
13 верасня 1939 года немцы пачалі штурм Берасцейскай крэпасці. Да абароны рыхтавалася Горадня і іншыя заходнебеларускія гарады. Штаб памежнай выведкі пераехаў з Пінска ў Лунінец. Тады ж упершыню кіраўніцтва выведкі КАП пачало разглядаць магчымасць савецкага ўварвання на тэрыторыю Польшчы. У дадзеным выпадку Экспазітура №1 Другога аддзела Генштаба Войска Польскага ў Вільні, пасля знішчэння архіва павінна была эвакуіравацца ў Латвію, а Экспазітура № 5 у Румынію.
Напярэдадні перахода Чырвонай Арміі польска-савецкай мяжы ў Штаб КАП і камандаванне карпусных акруг ад польскіх памежнікаў пачалі прыходзіць дэпешы аб тым, што “Саветы здымаюць дротавыя загароды, ці робяць у іх праходы”. “Капісты” на мяжы з БССР назіралі ў біноклі, як у памежныя вёскі прыбывалі буйныя бронетанкавыя, артэлерыйскія і кавалерыйскія злучэнні Чырвонай Арміі. “Да чаго яны рыхтуюцца? Няўжо так спужаліся немцаў, што сцягваюць свае войскі на лінію мяжы”, - разважалі камандзіры польскіх стражніц “на мяжы цывілізацый”.
“Sowieci wkroczyli”
У 5 гадзін раніцы ў штабе Галоўнакамандуючага Войскам Польскім у Каламыі зазваніў тэлефон. “Бальшавікі перайшлі мяжу. Нашыя стражніцы вядуць бой. Але сілы не роўныя. Наступаюць танкі і артылерыя”, - пачулася на тым канцы провада. У дадзенай сітуацыі польскім вайсковым і цывільным уладам не заставалася нічога, як пачаць эвакуацыю.
Аднак супрацоўнікі польскай выведкі КАП спрабавалі да канца выконваць свае абавязкі: яны збіралі інфармацыю аб просоўванні на польскую тэрыторыю Чырвонай Арміі. Як гэта рабілася? Польскія афіцэры ў цывільнай вопратцы ўступалі ў кантакт з савецкімі камандзірамі і салдатамі, выдаючы сябе за “прасавецкі настроеныя элементы” і даведваліся пра напрамак руху савецкіх падраздзяленняў. Аднак сітуацыю ўратаваць было не магчыма.
19 верасня 1939 года. Чырвоная Армія ўваходзіць у заходнебераускае мястэчка
У 22 гадзіны 17 верасня 1939 года Галоўнакамандуючы Войскам Польскім выдаў загад: “Не змагацца супраць Саветаў”. Гэта ўнесла сумятню ў дзейнасць польскіх войскаў. Пачалася агульная эвакуацыя. Там, дзе гэта было магчыма, польскія жаўнеры давалі адпор агрэсару з усходу. Аднак, значная колькасць жаўнераў у рагатыўках трапіла ў савецкі палон. Тычылася гэта, у тым ліку і выведнікаў КАП. Лёс гэтых людзей, у сваёй большасці, быў трагічным: афіцэраў і малодшых камандзіраў у 1940 годзе растралялі ў Катыні, Медным і іншых месцах.
Што ж тычыцца таго, чаму польская выведка недаацэніла савецкія прыгатаванні напярэдадні ўварвання, то звязана гэта было з тым, што вялікая ўвага была надана заходняму тэатру вайсковых дзеянняў.
Справаздачы КАП аб вайсковых прыгатаваннях савецкага боку не было каму аналізаваць. У выніку, раніцай 17 верасня 1939 года кожны вымушаны быў сам зрабіць выбар: астацца верным прысязе і загінуць у няроўным баі з ворагам, здацца ў палон, ці паспрабаваць эвакуіравацца. Такі выбар прыйшлося зрабіць і выведнікам польскага КАП, якія выконвалі свае абавязкі да апошняга моманту.
Забыты архіў
Увесну 1940 года ў рукі НКУС трапілі сакрэтныя дакументы польскай выведкі. Тады ў адным з прыватных маёнткаў ля Беластока саветы выпадкова трапілі на скрыні з надпісам “Ściśle tajne” (асабліва сакрэтна). Так у руках НКУС аказалася 250 кілаграмаў найкаштоўнейшых дакументаў Другога аддзелу Генштаба Войска Польскага. Сярод дакументаў былі персанальныя справы не толькі супрацоўнікаў польскай выведкі, але і “канфідэнтаў” - цывільных агентаў польскіх спецслужбаў, у тым ліку і жыхароў былых паўночна-усходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай. Напярэдадні нападу нацыстаў на Польшчу архіў быў вывезены з Варшавы на Усход.
Ужо 20 сакавіка 1940 года ў Беласток, Баранавічы, Брэст, Пінск, Вілейку накіроўваюцца спецыяльныя групы НКУС, у задачу якіх уваходзіла выяўленне былых супрацоўнікаў польскіх дзяржаўных органаў, паліцэйскіх, вайскоўцаў і “канфідэнтаў” польскіх спецслужбаў. Можна дапусціць, што важную ролю ў дзейнасці гэтых савецкіх “айнзацгруп” адыгрывалі і дакументы польскай выведкі, якія падчас Вераснёўскай кампаніі 1939 года палякі “забылі” у Заходняй Беларусі. Гэтыя групы “працавалі” каля двух месяцаў, а вынікам іх працы сталі сотні расстраляных грамадзян даваеннай Польшчы.
Ігар Мельнікаў,
Кандыдат гістарычных навук
09-09-2018
Зараз адбываецца збор сродкаў на выданне альбома «Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава». Падтрымаць выданне можна па спасылцы:
https://ulej.by/project?id=808658 Трэба ўвайсці па ёй, выбраць справа суму ахвяраванняў і падтрымаць выданне з дапамогай банкаўскай карты, ці АРЫП. Лічыцца кожны рубель. Трэба абавязкова выдаць гэтую кнігу. Гэта крок да перамогі гістарычнай праўды ў Беларусі.