Верасень 1939-га. Магілы неаб'яўленай вайны. Памятаць кожнага...

Sep 07, 2018 11:45


Ужо хутка будзе чарговая важная дата беларускай гісторыі. 17 верасня 1939 года Савецкі Саюз, парушаючы міжнародныя пагадненні, увёў свае войскі на тэрыторыю Польшчы і тым самым уступіў у Другую сусветную вайну. Аднак сёння беларусы павінны разумець, што галоўным вынікам той «міратворчай» аперацыі стала далучэнне да БССР тэрыторыі Заходняй Беларусі. Сталін, зразумела, не марыў пра ажыццяўленне гістарычнай справядлівасці ў дачыненні беларусаў. Ён дзяліў Еўропу разам з Гітлерам. І беларусы разам з украінцамі аказаліся ў цэнтры гэтых геапалітычных гульняў дыктатараў.



Але, як бы тое не было, у выніку падзей 17 верасня 1939 года тэрыторыя нашай краіны ўзбуйнілася, і гэта ключавым чынам паўплывала на фарміраванне беларускай дзяржаўнасці. Беларусь не стала часткай Расеі, ці Польшчы. Пасля Другой сусветнай БССР была адна з тых, хто падпісваў Статут ААН, а ў 1991 годзе менавіта з БССР з'явілася і незалежная Беларусь.



Але ў кантэксце верасня 1939 года трэба заўсёды памятаць, якім чынам адбылося тое ўз'яднанне і колькі людзей заплаціла жыццё за тое, каб Беларусь  злучылася. Колькі жыхароў Заходняй Беларусі сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій (не залежна ад нацыянальнасці). Палякі памятаюць тую трагедыю. А як можна забыць, калі да цябе ў хату заходзяць узброеныя людзі і растрэльваюць твайго бацьку. Калі без суда і следства растрэльваюць польскіх вайскоўцаў і паліцыянтаў. Калі за тое, што ты добры гаспадар «улада працоўных і сялян» высылае цябе ў ГУЛАГ, ці ў ссылку. Беларусам доўгі час уводзілі ў вушы, што савецкая ўлада прынесла ў Заходнюю Беларусь дабрабыт і пакой. Аднак разам з савецкімі штыкамі ў гэты рэгіён прыйшла і русіфікацыя, знішчэнне рэлігіі, рэпрэсіі супраць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Усё гэта трэба ўлічваць, калі мы сёння разглядаем падзеі верасня 1939 года. А яшчэ трэба ўлічваць, што тая «міратворчая аперацыя» была кравапралітным выпрабаваннем для РСЧА. Ніжэй фільмы, зробленыя ГВГР «Беларусы ў Войску Польскім» на месцах жаўнерскіх пахаванняў з верасня 1939-га на тэрыторыі Беларусі.

image Click to view


image Click to view



Тыя падзеі варта памятаць, рабіць высновы і шанаваць незалежнасць Беларусі!

Ігар Мельнікаў,

кандыдат гістарычных навук,

07-09-2018

Зараз адбываецца збор сродкаў на выданне альбома «Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава». Падтрымаць выданне можна па спасылцы: https://ulej.by/project?id=808658

Трэба ўвайсці па ёй, выбраць справа суму ахвяраванняў і падтрымаць выданне з дапамогай банкаўскай карты, ці АРЫП. Лічыцца кожны рубель. Трэба абавязкова выдаць гэтую кнігу. Гэта крок да перамогі гістарычнай праўды ў Беларусі.

Верасень 1939-га. Магілы, Ігар Мельнікаў, белорусский историк Игорь Мельников, 17 сентября 1939 года, Заходняя Беларусь, 17 верасня 1939 года, Западная Беларусь, Альбом Другая сусветная вайна на здымках

Previous post Next post
Up