ЧАС МАЙСТРОЎ ВЫДАВЕЦКАЙ СПРАВЫ

Jul 14, 2017 16:11



14.07.2017
Ларыса Міхальчук | www.goethe.de/belarus

Што адбываецца ў выдавецкай справе і на кніжным рынку ў Германіі, Беларусі, Украіне: меркаванні прафесіяналаў пра цікавае, важнае і карыснае

Беларускія і ўкраінскія выдаўцы на мінулым тыдні прынялі ўдзел у трохдзённай канферэнцыі ў межах праграмы павышэння кваліфікацыі для выдаўцоў і супрацоўнікаў незалежных і малых выдавецтваў, якая была арганізавана Інстытутам імя Гётэ ў Мінску ў супрацоўніцтве з Інстытутам імя Гётэ ў Кіеве і школай кнігавыдавецкага бізнесу “Медыякампус Франкфурт” (Франкфурт-на-Майне). Праграма складаецца з двух частак: установачнай канферэнцыі ў Мінску і адукацыйнай паездкі на Франкфурцкі кніжны кірмаш у Германію ў кастрычніку.

Праграма павышэння кваліфікацыі для малых і незалежных выдавецтваў з Беларусі і Украіны фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Германіі ў межах праграмы «Пашырэнне супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю ў краінах Усходняга партнёрства і Расіяй».

На працягу трох дзён удзельнікам канферэнцыі пра кніжна-выдавецкую галіну Германіі распавядалі эксперты Моніка Кольб-Клаўш (Медыякампус Франкфурт / Біржавы саюз нямецкага кніжнага гандлю), Аксэль фон Эрнст (выдавецтва “Ліліенфельд” // Фонд імя Курта Вольфа / Аб’яднанне Хотліст), Юрген Хорбах (выдавецтвы KV&H і “Клёпфер & Маер” // Біржавы саюз нямецкага кніжнага гандлю) і Штэфан Дыцман (выдавецтва “Вальштайн”).

Чым была карыснай гэта сустрэча нямецкіх, беларускіх і ўкраінскіх калегаў? Чаго чакаюць беларускія і ўкраінскія выдаўцы ад восеньскай праграмы ў Франкфурце? Што думаюць выдаўцы пра кніжную справу і ўвогуле культурную прастору Беларусі? Пра гэта - у водгуках удзельнікаў з Беларусі і Украіны.

Генадзь Вінярскі, выдавецтва “Кнігазбор” (Беларусь)

Параўноўваць сітуацыю ў Германіі і Беларусі нельга. Але пэўныя прынцыпы арганізацыі выдавецкай справы можна выкарыстаць і ў нас.

Семінары заўжды цікавыя, калі яны профільныя. Па свайму зместу ён больш даведачны. Параўноўваць сітуацыю ў Германіі і Беларусі ні ў якім разе нельга. Канешне, іх эканамічныя ўмовы зусім іншыя, аб некаторых нам нават і марыць пакуль не выпадае. Але пэўныя прынцыпы арганізацыі выдавецкай справы можна выкарыстаць і ў нас, нават калі некаторыя гавораць, што гэта нам не пасуе, гэта не наш менталітэт, эканамічная палітыка іншая і г. д. Заўжды ў досведу чужой справы рацыянальнае зерне ты знойдзеш і для сябе. Канешне, гэта цікава. І тым больш, калі ўсё ж мы стараемся кантактаваць больш з Еўропай, дык мы павінны крышку ведаць і іншых. Мы павінны ведаць правілы гульні пры заключэнні аўтарскіх дамоваў, пра непарушэнне аўтарскага права. Я лічу гэты семінар карысным.

Беларусы, можа, эканамічна знаходзяцца нават у лепшым становішчы, але ўкраінцы маюць свабоду дзеяння.

Што датычыць украінскіх калег, то я са спецыфікай украінскага рынку знаёмы і, ведаеце, троху зайздрошчу: якія ў іх умовы, якія - у нас. У эканамічных варунках мы, можа, знаходзімся амаль што ў адной сітуацыі, і нават мы - у лепшым становішчы, але яны маюць свабоду дзеяння.

Богдан Завітій, выдавецтва “Родовід” (Украіна)

Інфармацыя, што рынак электронных кніг у Германіі пайшоў на спад, для нас новая і дае падставу задумацца.

Мне было цікава даведацца, як працуе кніжны рынак у Германіі, якія зараз трэнды. Для нас новая інфармацыя, што рынак электронных кніг пайшоў на спад, бо ва Украіне ён яшчэ не надта развіты. І гэта інфармацыя дае падставу задумацца і зрабіць пэўныя высновы. Для нашага выдавецтва электронная кніга не настолькі актуальна, бо ў нас мастацкае выдавецтва, але трэба ведаць пра тэндэнцыі на рынку.

Пакуль дзяржава не будзе апекаваць беларускую кніжку, расійская кніжка будзе панаваць у Беларусі.

Я някепска ведаю беларускую выдавецкую справу, цікаўлюся і багата купляю беларускіх кніг, калі бываю ў Беларусі. Але як бы гэта ні гучала песімістычна, я раблю некаторыя сумныя адкрыцці на падставе таго, што я бачыў у мінскіх кнігарнях. Напрыклад, раней у кнігарні на праспекце Незалежнасці быў такі стэлажык, на якім было напісана “Книги на белорусском языке”. Такая вялікая кнігарня, і такі невялічкі сегментык!

З таго разу крыху палепшала, але зноў жа відавочна абсалютнае засілле расійскай кніжкі; фактычна яна пануе ў Беларусі. Пакуль дзяржава не будзе апекаваць беларускую кніжку, расійская кніжка і будзе панаваць у вашай краіне. Беларуская кніжка ў Беларусі ў загоне, як і беларуская мова, дарэчы. І гэта ўсё звязана, бо не будзе носьбітаў беларускай мовы, не будзе і пакупнікоў беларускіх кніжак. Тут павінна быць стратэгічнае мысленне. Бо калі працягваць размываць ідэнтычнасці краіны, то тут будзе, можа, трошкі і іншая, але Расія.

Андрэй Янушкевіч, выдавец (Беларусь)

Тое, што нам распавялі нямецкія калегі, - гарызонт, да якога трэба імкнуцца.

Чым больш стасункаў і чым больш яны разнастайныя, тым лепш. Любая камунікацыя - справа надзвычай карысная. Тое, што нам распавялі нямецкія калегі пра выдавецкую і кніжна-гандлёвую справу ў Германіі, - гэта гарызонт, да якога трэба імкнуцца. Адна з высноў пасля праслухвання лекцый - у плане развіцця кніжнага рынку мы адстаём прыкладна гадоў на 15. І трэба асэнсаваць, што мы нічога новага не надумаем; не трэба марна траціць час і вынаходзіць ровар. Мы павінны прызнаць сваё адставанне і вучыцца, вучыцца і вучыцца. Нам трэба засвойваць нямецкі досвед і з улікам сваёй спецыфікі ўкараняць яго ў нашай краіне. Пазней ці раней мы ўсё роўна прыйдзем да гэтага.

Прысутнасць украінскіх калег, блізкіх нам і геаграфічна, і ментальна, прыносіць неацэнны вопыт.

Прысутнасць на семінарах украінскіх калег, блізкіх нам і геаграфічна, і ментальна, прыносіць таксама неацэнны вопыт. Нягледзячы на тое, што мы мелі агульнае мінулае і стартавыя ўмовы развіцця былі амаль аднолькавымі, зараз Украіна развіваецца па-іншаму і сітуацыя на кніжным рынку адрознівацца ад нашай. І гэта вельмі цікава.

Алег Сіманенка, выдавецтва «Час майстрів» (Украіна)

Гэтая канферэнцыя - адзін са шляхоў фарміравання ўнутранай культуры. Зараз надышоў час майстроў.

Мы разумеем, што лекцыі, якія мы праслухалі, не дадуць імгненнага эфекту і мы не заробім мільёны грошай толькі таму, што пабывалі тут. Але ж дзеяннямі людзей кіруе думка, а думка - гэта пэўная культура. І культура фарміруецца ў асяроддзі. І вось гэтая канферэнцыя - адзін са шляхоў фарміравання ўнутранай культуры. Я лічу, што зараз надышоў час майстроў, як і называецца наша выдавецтва. І надышоў час знікнення межаў, якія фізічна спыняюць цябе і затрымліваюць цябе ў эканамічным росце.

Пра пераклады: перш за ўсё, мы не ўкраінцы і беларусы, а людзі. І кнігі мы робім для людзей. Калі беларус напісаў добрую кнігу, то ўкраінец яе з задавальненнем выдасць.

Хачу дадаць пра пераклады з адной мовы на іншую. Перш за ўсё, мы не ўкраінцы і беларусы, а людзі. І кнігі мы робім для людзей. Якая розніца, хто напісаў кнігу - беларус ці ўкраінец? Калі кніга добрая, і яе напісаў беларус, то ўкраінец яе з задавальненнем выдасць. Напрыклад, Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, і яе кнігі адразу ж выдалі на ўкраінскай мове. Іншая справа, што не так ужо проста знайсці годныя кнігі. Нацыянальны выдавец проста павінен прасоўваць за межы сваёй краіны такія нацыянальныя здабыткі, і сустрэчы накшталт гэтай таму спрыяюць.

Васіль Карпюк, літаратурная агенцыя Discursus

PR, работа з медыя, электронная кніга - усё гэта ва Украіне на ўзроўні станаўлення. Такія рэчы мы свядома пераймаем.

Без сумневу, тое, што мы пачулі, вельмі карысна для нас. Наш кніжны рынак зараз знаходзіцца ў працэсе станаўлення, а досвед нямецкіх выдавецтваў - за ім стаіць багатая традыцыя. У нас, ва Украіне, пэўныя этапы ужо пройдзены, напрыклад, што датычыць тэхнічнага боку падрыхтоўкі і выдання кнігі. Але такія рэчы, як PR, работа з медыя, электронная кніга - гэта ўсё на ўзроўні станаўлення. Такія рэчы мы свядома пераймаем і, вярнуўшыся дадому, зможам іх у некаторай ступені выкарыстаць. І яшчэ адно. Мы слухаем спікераў з вельмі вялікім досведам, і гэта для нас вельмі карысна.

Зміцер Вішнеў, выдавецтва “Галіяфы” (Беларусь)

У Беларусі няма кніжнага рынку. І яго трэба неяк ствараць. Гледзячы, як працуюць нямецкія выдавецтвы, разумееш, што займаешся не бізнесам, а хобі.

Для нас вельмі важна прасоўванне сваіх кніжак, але ж у нас цяжка гэта рабіць, таму што ў нас ёсць “правільныя” літаратары і “няправільныя”, “фарматныя” і “нефарматныя”. Гэта нонсэнс, і гэта вельмі сумна. Тым не менш, дзеля таго, каб арыентавацца ў свеце і ўсё ж такі рабіць сваю справу кваліфікавана, патрэбны такія семінары, на якім мы зараз прысутнічаем. Нам не хапае ведаў па маркетынгу.

Пазалетась мы пазнаёміліся з выдавецтвамі Мюнхена, і на практыцы ўбачылі, што сабою ўяўляе, што з сябе ўяўляе “кухня” менавіта нямецкіх выдавецтваў. Нам пра гэта толькі марыць. Таму што ў Германіі зусім іншыя маштабы, рынак працуе як механізм. Так мы працаваць, напэўна, ніколі не будзем. У нас, па сутнасці, няма кніжнага рынку. І яго трэба нейкім чынам ствараць. Гледзячы, як працуюць нямецкія выдавецтвы, ты разумееш, што займаешся не бізнесам, а хобі. Тое, чым мы займаемся, цяжка назваць камерцыяй.

Марыя Курачкіна, выдавецтва “Артбукс” (Україна)

Вельмі хацелася б, каб у Франкфурце нам больш расказалі пра маркетынг і PR.

Наша выдавецтва маладое, нам усяго 1,5 гады. Мы займаемся дзіцячымі кніжкамі і стварылі выдавецтва з мэтай выдаваць такія кніжкі, якія мы з задавальненнем будзем чытаць нашым дзеткам. Але ж ні ў кога з нас няма профільнай адукацыі, і мы, асабліва спачатку так было, дзейнічаем у нейкай ступені па натхненню. І з гэтай нагоды для мяне асабіста такая канферэнцыя мегакарысна.

Вельмі хацелася б, каб у Франкфурце нам больш расказалі пра маркетынг і PR. Гэтыя тэмы цікавяць не толькі мяне, але і маіх калег, з якімі мы толькі што абмяркоўвалі, як у нас ідуць продажы кніг, якія з’яўляюцца выданні, хто займаецца кнігамі і г. д.

Валер Булгакаў, Arche

Беларускіх выдаўцоў турбуюць, як правіла, вельмі канкрэтныя рэчы. Мы б хацелі пачуць, што мы робім не так. Адказ не дадзены, зацікаўлены дыялог працягваецца.

Я хачу некалькі крытычна выказацца наконт таго, што тут адбываецца. Мы зараз праслухалі шматаспектныя прэзентацыі нашых нямецкіх сяброў, нам расказалі, як развіваецца выдавецкая справа ў Германіі, і гэта цікава. Але беларускіх выдаўцоў турбуюць, як правіла, вельмі канкрэтныя рэчы. Мы б хацелі пачуць, што мы робім не так. Адказ на гэтае пытанне не дадзены, зацікаўлены дыялог з нашымі трэнерамі працягваецца.

Безумоўна, нямецкая статыстыка цікавая. Яна паказвае, што разрыў паміж Беларуссю і Германіяй вымяраецца не толькі культурнымі велічынямі, але і камерцыйнымі паказчыкамі. Ёмістасць беларускага рынку, я думаю, у 100, а можа, і ў 200 разоў меншая. Мы як бы на розных планетах.

У Беларусі фактычна існуе дзве культурныя традыцыі, і гэта не сакрэт. Дыскусія на сустрэчы з удзелам нямецкіх кнігавыдаўцоў у нейкі момант пачала кружляць вакол гэтага пытання. Нашы нямецкія сябры задалі пытанне, якім чынам функцыянуе беларуская культурная прастора, якім чынам функцыянуюць літаратурныя прэміі, і я ў адказ паспрабаваў паказаць, як Беларусь у гэтым плане адрозніваецца ад Германіі.

Беларускамоўная культура і выдавецкая справа - гэта мінарытарная культурная ініцыятыва, і перш за ўсё яна працуе на ўласны спажытак, на спажытак досыць нешматлікіх беларускамоўных беларусаў.

Германія ў вялікай ступені, нягледзячы на прысутнасць нацыянальных меншасцяў, монаэтнічная краіна. У Беларусі свая спецыфіка. Тут мы маем дзве супольнасці - беларускамоўную і рускамоўную. Прамыя параўнанні паміж Беларуссю і Германіяй у гэтым сэнсе не працуюць, бо калі ў Германіі насельніцтва ўмее і можа чытаць па-нямецку, то ў Беларусі, паводле сацыялагічных даследаванняў, па-беларуску чытае 20-25 % ад усяго грамадства. Калі выразіць у абсалютных лічбах, то гэта каля 2-2,5 мільёнаў. Таму беларускамоўная культура і беларускамоўная выдавецкая справа - гэта справа меншасці. Гэта мінарытарная культурная ініцыятыва, і, паколькі сапраўды існуе такая сітуацыя гета, цяжка думаць, што, напрыклад, гэтая стыгматызаваная меншасць будзе сама прадукаваць нейкія культурныя ўзоры, напрыклад, белетрыстыку, нейкія эканамічныя даследаванні, здольныя зацікавіць чытача, напрыклад, у Заходняй Еўропе. Перш за ўсё гэтая культурная традыцыя працуе на ўласны спажытак, на спажытак гэтых досыць нешматлікіх беларускамоўных беларусаў.

Для нямецкіх выдавецтваў вялікую ролю мае продаж правоў на іх кніжныя выданні замежным выдаўцам. Для нармальнага нямецкага выдавецтва гэта дзясяткі, сотні, нават тысячы ліцэнзій. У год на нямецкай мове з’яўляецца амаль 80 тысяч новых выданняў. А ў Беларусі гэтым не могуць выдаўцы пахваліцца. Колькасць ліцэнзій вымяраецца адзінкамі. Я папросту шукаю прычыны гэтага. Мой адказ - беларускамоўная культура скіравана ўсярэдзіну, а не навонкі, яна займаецца перш за ўсё абслугоўваннем нейкіх бягучых, вельмі практычных патрэб.

Тыя творцы, якія здолелі стварыць сабе імя на Захадзе, - Быкаў, Марціновіч, Алексіевіч - дзякуючы сінтэзу ўласнага і агульнага культурнага, літаратурнага коду, пэўнаму касмапалітызму, выхаду за жорсткія нацыянальныя рамкі змаглі быць цікавымі і ў краіне, і навонкі.

Літаратурныя творцы, якія здолелі стварыць сабе імя на Захадзе, гэта Васіль Быкаў, Віктар Марціновіч, Святлана Алексіевіч, яны выйшлі не з гэтага гетаізаванага культурнага асяроддзя; яны выкарыстоўвалі іншыя наратыўныя тэхнікі, і ўвогуле іх генезіс як творцаў немагчыма зразумець без уплыву найлепшых узораў рускай літаратуры. Усё ж такі тут адбылося сінтэзаванне нейкага ўласнага і агульнага культурнага, літаратурнага коду, праз што і ўзніклі гэтыя зоркі на літаратурным даляглядзе. Таму і Марціновіча, і Алексіевіч, у меншай ступені - Васіля Быкава немагчыма тлумачыць толькі ў кантэксце беларускай нацыянальнай традыцыі, у такой жорсткай нацыяналістычнай фармулёцы, як Францішка Багушэвіча, Янку Купалу ці Якуба Коласа. Гэта ўжо нешта іншае. І дзякуючы такому своеасабліваму статусу, пэўнаму касмапалітызму, пэўнаму выхаду за жорсткія нацыянальныя рамкі яны змаглі быць цікавымі і ў краіне, і навонкі. Яны распрацоўваюць такія тэмы, яны пішуць так, каб быць цікавым не толькі для нашай мікраскапічнай нацыянальнай супольнасці, а сапраўды пішуць для шырэйшай постсавецкай прасторы, якая ў пэўным сэнсе роўная еўрапейскай прасторы.

У Беларусі вельмі важная здольнасць крытычна настроеных інтэлектуалаў разгортваць для грамадства цікавыя тэмы, якія дзяржава не можа пакінуць па-за ўвагай.

Мы, выдаўцы, можам лабіраваць свае мэты, але мы залежым ад дзяржаўнай ідэалагічнай лініі, дзяржаўнага палітычнага курсу. А гэты курс вельмі нестабільны. Перыяды паслаблення чаргуюцца з перыядамі замаразкаў і, так бы мовіць, пагромаў. Ну, а як інакш назваць крымінальны пераслед беларускіх кнігавыдаўцоў, арышт Алеся Яўдахі ці поўнасцю фантастычны штраф Ігару Логвінаву - 60 тысяч долараў? Безумоўна, гэта мела нейкі палітычны падтэкст.

Наша роля як гульцоў культурнага поля ў актуалізацыі пэўных тэм, якія могуць быць цікавы дзяржаве ў рамках бягучай палітычнай кан’юнктуры. Вазьміце тэматыку Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Раней гэта была забароненая тэма, цяпер Лукашэнка ў час апошняга свайго публічнага выступу з нагоды Дня беларускай незалежнасці кажа, што БНР стварылі мужныя духоўныя людзі. Гэта, безумоўна, уплыў незалежных выдаўцоў, незалежных культурных асяродкаў, бо дзяржава не прадукуе на гэту тэму ніякіх даследаванняў. А незалежнае культурнае поле выдае кнігі і архівы, дзясяткі, сотні публікацый на гэту тэму з’явіліся. Нават кіраўнік беларускай дзяржавы не можа прайсці міма, ён змушаны прызнаць відавочныя рэчы.

Стратэгічнае пытанне, якое стаіць перад намі, - наяўнасць добрай волі, каб нейкім чынам згладжваць падзелы паміж культурнымі прасторамі ў Беларусі ў імя добрай супольнай будучыні.

Беларусь - гэта краіна культурных ды ідэалагічных дысбалансаў. Краіна пэўных паралельных культурных сусветаў, прастораў. Гэта ненармальная сітуацыя, яна, безумоўна, нам больш шкодзіць, чым спрыяе. І проста стратэгічнае пытанне, якое стаіць перад намі, - наяўнасць добрай волі, каб гэтыя падзелы ў імя добрай супольнай будучыні нейкім чынам згладжваць, бо іначай скіраваны рух наперад будзе немагчымы. Я хачу сказаць, што гэтых падзелаў ствараецца ўсё меней, бо мы становімся ў культурным сэнсе, нягледзячы на ўсю рыторыку, русіфікацыю і г. д., усё больш уніфікаванай нацыяй, бо акрамя мовы нас яднае гістарычная памяць, якой не было яшчэ 15-20 гадоў таму назад. Нас яднае і ўспрыманне беларускай незалежнасці як пэўнай вартасці. Але пэўныя падзелы, тым не менш, застаюцца. Больш за тое, ёсць палітыкі, якія паразітуюць на іх, якія спрабуюць сабе ствараць палітычны капітал, нас раздзяляючы, а не збліжаючы. Таму вельмі важная здольнасць крытычна настроеных інтэлектуалаў разгортваць для грамадства цікавыя тэмы, якія дзяржава не можа пакінуць па-за ўвагай.

Фота: © Goethe-Institut/Viktoryja Kharytonava

канферэнцыя, выдавецкая справа, семінар

Previous post Next post
Up