ПРАГРАМА ПАВЫШЭННЯ КВАЛІФІКАЦЫІ
ДЛЯ НЕЗАЛЕЖНЫХ І ДРОБНЫХ ВЫДАВЕЦТВАЎ З БЕЛАРУСІ І УКРАІНЫ
Інстытут імя Гётэ ў Мінску ў супрацоўніцтве з Інстытутам імя Гётэ ў Кіеве і школай кнігавыдавецкага бізнесу mediacampus frankfurt (Франкфурт-на-Майне) праводзіць у Мінску 5-7 ліпеня 2017 года ўстановачную канферэнцыю для выдаўцоў і супрацоўнікаў незалежных і дробных выдавецтваў з Беларусі і Украіны.
Мэта канферэнцыі - абмен досведам і павышэнне кваліфікацыі для выдаўцоў і прадстаўнікоў кніжнага гандлю, кіраўнікоў парталаў і рэдактараў, што сутыкаюцца з пастаянным ускладненнем медыясістэм, у якіх яны працуюць, а таксама падрыхтоўка асноў для далейшага развіцця і ўмацавання самастойнасці гэтых выдавецтваў. Праект адначасова мусіць паспрыяць усталяванню кантактаў паміж незалежнымі выдавецтвамі ў Беларусі, Украіне і Германіі, дапамагчы наладжванню супрацоўніцтва і стратэгічных альянсаў з патэнцыйнымі партнёрамі.
«Сваёй літаратурнай разнастайнасцю Германія перш за ўсё абавязаная існаванню і дзейнасці шматлікіх невялікіх незалежных выдавецтваў. Без іх крэатыўнасці ды інавацый такая разнастайнасць была б немагчымай. Менавіта гэтыя выдавецтвы задаюць тэндэнцыі развіцця, гнутка рэагуюць на змены і адкрываюць новыя тэмы і/або аўтараў. Яны адважваюцца на незвычайныя праекты і ажыццяўляюць іх, дэманструючы багата імпэту, энтузіязму і гатоўнасці рызыкаваць» (www.boersenverein.de). У час трохднёвай канферэнцыі будуць распрацоўвацца і абмяркоўвацца аналізы, канцэпцыі, рэкамендацыі, новыя стратэгіі ды бізнес-мадэлі для такіх выдавецтваў.
Тэматыцы незалежных і дробных выдавецтваў будзе прысвечана таксама адукацыйная паездка для выдаўцоў у Германію, якая стане працягам канферэнцыі ў Мінску і адбудзецца ў межах Франкфурцкага кніжнага кірмашу з 12 па 19 кастрычніка 2017 года. Адукацыйная паездка дазволіць удзельнікам атрымаць сістэмнае ўяўленне аб нямецкім кніжным і медыярынку і сучасных напрамках яго развіцця, перадусім выкліканых дыгіталізацыяй. Наведванне Франкфурцкага кніжнага кірмашу, сустрэчы з прадстаўнікамі нямецкіх незалежных і дробных выдавецтваў і семінар на базе школы кнігавыдавецкага бізнесу mediacampus frankfurt мусяць даць новыя імпульсы і падрыхтаваць глебу для супрацоўніцтва.
Праграма павышэння кваліфікацыі для незалежных і дробных выдавецтваў з Беларусі і Украіны складаецца з установачнай канферэнцыі 05.07.-07.07.2017 у Мінску і адукацыйнай паездкі на Франкфурцкі кніжны кірмаш у Германію 12-19.10.2017. Для ўдзелу ва ўсёй праграме патрабуецца падаць заяўку. Удзельнікаў праграмы адбярэ журы. З Беларусі і Украіны будзе запрошана па сем выдаўцоў.
Умовы ўдзелу: усе выдаткі ў межах праграмы (праезд, пражыванне, харчаванне, збор за ўдзел і г. д.) бярэ на сябе арганізатар.
Заяўкі прымаюцца да 4 чэрвеня 2017 года. Калі ласка, запоўніце фармуляр заяўкі, размешчаны на нашым сайце, адскануйце яго і дашліце альбо электроннай поштай на адрас:
bibl@minsk.goethe.org, альбо па факсе (+375 17 2374679) у Інстытут імя Гётэ ў Мінску.
Праект фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германія.
Па больш падрабязныя звесткі аб прапанаванай праграме павышэння кваліфікацыі просім звяртацца да сп. Аляксандра Назарчука, кіраўніка інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Інстытута імя Гётэ ў Беларусі.
вул. Веры Харужай, 25/3
220123, Мінск / Рэспубліка Беларусь
Тэл.: +375 17 2377119, 2377126
Факс: +375 17 2374679
alexander.nasartschuk@goethe.de
www.goethe.de/belarus Фота/Foto: © Colourbox/Pressmaster