Вядомы швейцарскі пісьменнік Лукас Бэрфус 23-24 кастрычніка наведае Беларусь па запрашэнні Інстытута імя Гётэ ў Мінску. Візіт прымеркаваны да выхаду беларускага перакладу рамана “Каала”, што пабачыць свет у выдавецтве “Паперус”. У чытаннях, якія адбудуцца ў Брэсце і Мінску, бяруць удзел аўтар Лукас Бэрфус і перакладчыца Ірына Герасімовіч. У Брэсце тэкст па-беларуску прагучыць у выкананні актора тэатра імя Янкі Купалы Максіма Карасцялёва. У Мінску сустрэча пройдзе пад мадэрацыяй перакладчыцы і псіхатэрапеўта Ірыны Глухавай.
Пра кнігу:
Лукасу Бэрфусу стае мужнасці выправіцца на тэрыторыю вусцішу і нематы, што расхінаецца ў яго ўласнай свядомасці пасля самагубства брата. Спрабуючы спасцігнуць гэты ўчынак, робячы крок за крокам углыб братавага жыцця, даследуючы ўласную - і не толькі - маўчанку, раскручваючы ўсе сэнсавыя клубкі, што трапляюцца на шляху, аўтар стварае ўнікальны шматмерны тэкст, у якім пад покрывам штодзённасці пульсуе тое, што мае дачыненне да самага ядра жыцця, чалавечага і не толькі.
Кніга пра самагубства і паразы, яна напаўняе энергіяй і аптымізмам ад усведамлення велічы чалавека, які, зазірнуўшы ў самую бездань, здолеў пра гэта распавесці.
Усіх, каго кранае экзістэнцыйная праблематыка, хто ўспрымае пошукі сэнсу як асабістую задачу, мы запрашаем на чытанне з удзелам Лукаса Бэрфуса, пісьменніка, якога на яго радзіме у Швейцарыі называюць Максам Фрышам сённяшняга дня. Вы зможаце далучыцца да прасторы самых галоўных і самых чалавечых пытанняў - пра жыццё, смерць і сэнс.
Дзе і калі:
Брэст: 23 кастрычніка, 16.00, Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага (бульвар Касманаўтаў, 48)
Мінск: 24 кастрычніка, 18.00, Інстытут імя Гётэ, 4-ы паверх (вул. Веры Харужай, 25/3)
Біяграфічная даведка:
Лукас Бэрфус (Lukas Bärfuss) нарадзіўся ў 1971 годзе ў горадзе Тун (Швейцарыя). Пакінуўшы школу пасля дзевятага класа, спрабаваў сябе ў самых розных прафесіях. З 1997 года - вольны драматург і празаік. На сённяшні Лукас Бэрфус - дзень адзін з найбольш паспяховых нямецкамоўных драматургаў. Яго п’есы ставяцца па ўсім свеце. Вялікі поспех прынёс яму і дэбютны раман “Сто дзён”. Творчасць Лукаса Бэрфуса была адзначана цэлым шэрагам прэмій і ўзнагарод. За свой раман “Каала” Лукас Бэрфус быў узнагароджаны ў 2014 годзе Швейцарскай кніжнай прэміяй. Найноўшоўшая кніга пісьменніка “Стыль і мараль” пабачыла свет у 2015 годзе. Лукас Бэрфус жыве і працуе ў Цюрыху.
Кантактная інфармацыя:
Аляксандр Назарчук, кіраўнік інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Інстытута імя Гётэ ў Мінску
Тэл :. (+375 17) 237 71 19 / 237 71 26 bibl@minsk.goethe.org / www.goethe.de/belarus
Фота: © Frederic Meyer