Апошнім часам “ятвягі” набылі незвычайную папулярнасць сярод людзей, якія цікавяцца ўласнай гісторыяй. Дастаткова зазірнуць у Internet, каб пабачыць вялізную колькасць сайтаў, прысвечаных гэтай тэматыцы. Аднак гэткая разнастайнасць нясе і пэўную небяспеку для непадрыхтаванага чытача. Сапраўды, бывае досыць цяжка адрозніць карэктную і абгрунтаваную інфармацыю ад чарговых міфаў і тэзаў, выдуманых хворай фантазіяй аўтара, які да таго ж выдае свае ідэі за адзіныя верныя ў свеце. Такі стан рэчаў нельга лічыць натуральным, у сувязі з чым я паспрабую сфармуляваць сваё бачанне гэтай праблемы, абапіраючыся на наяўныя крыніцы і звычайную логіку.
Бадай што ўпершыню ятвягі выйшлі на міжнародную арэну ў 2 стагоддзя н.э. дзякуючы твору александрыйскага географа Пталемея, які вылучаў судзінаў і галіндаў (пазнейшыя судзін і голядзь). У рускіх крыніцах ятвягі з’яўляюцца ў 10 стагоддзі. Так, сярод паслоў ад Русі да Візантыі ў 944 годзе ўзгадваецца “Ятвяг Гунарев”, што шэрагам даследчыкаў трактуецца як паказчык залежных адносін часткі ятвягаў ад Русі. Шчыра кажучы, гіпотэз на гэты конт можна прыдумаць шмат, прычым самых розных (напрыклад, гэты ятвяг мог проста ўваходзіць у дружыну Гунара), аднак усе яны з’яўляюцца бездоказнымі. Наступным разам ятвягі ўзгадваюцца ў сувязі з паходам на іх Уладзіміра, які адбыўся ў 983 г. Узгадка аб гэтым паходзе, як і аб шэрагу іншых, утрымліваецца ў Аповесці мінулых гадоў. Больш цікавая інфармацыя змяшчаецца ў Кіеўскім летапісу, які з’яўляецца састаўной часткай Іпацьеўскага летапіснага зводу. Так, пад 1196 годам летапісец занатоўвае, што галіцка-валынскі князь Раман Мсціславіч пайшоў на ятвягаў, каб адпомсціць за напад на яго воласць. Адсюль робіцца выснова, што ятвягі ўжо ў канцы 12 стагоддзя здзяйснялі паходы на Валынь. Аднак, як мне падаецца, гэтая тэза памылковая, бо не паддаецца лагічнаму тлумачэнню. Справа ў тым, што сэнсу ятвягам ісці на Валынь, каб спаліць толькі адну воласць (а летапісец выкарыстоўвае менавіта адзіночны лік), не было, асабліва калі звярнуць увагу, што межы Галіцка-Валынскага княства ў той час дасягалі Нёмана (узгадайце хаця б Камянецкую вежу, заснаваную валынскім князем Уладзімірам). Сапраўды, у Ваўкавыскім раёне ў 12-13 стагоддзях існаваў прыватнаўласніцкі замак ля сучаснай вёскі Мсцібогава. А ў крыніцах, якія адносяцца да Галіцка-Валынскага княства, пад 1202 годам узгадваецца баярын Мсцібог. Тэзіс аб тым, што паход 1196 года абмяжоўваўся тэрыторыяй Панямоння, ускосна падцвярджаецца і звесткамі Галіцка-Валынскага летапісу, які сцвярджае, што ў 1205 годзе літва і ятвягі спустошылі ваколіцы Турыйска, які лакалізуецца ля аднайменнай вёскі Шчучынскага раёна. З цягам часу ятвяжская экспансія набывае большы памер (альбо проста больш адлюстроўваецца ў пісьмовых крыніцах). Так, пад 1227-1228 гг. ятвягі пустошылі ваколіцы Брэста, аднак былі разбіты, у выніку чаго загінулі ятвяжскія князі Шутр Мандуніч і Сцегут Зібровіч. У 1248 г. ятвягі ваявалі ваколіцы польскіх гарадоў Ахожа і Бусоўна, аднак былі разбіты братам Данілы Галіцкага Васількам. Дарэчы, ён жа знішчыў ятвяжскіх князёў Барута і Соманда, якія пустошылі пешшу Палескую зямлю.
Такім чынам, можна падтрымаць выснову Г. Штыхава аб тым, што ў 12-13 стагоддзях тэрыторыя Верхняга Панямоння належала Галіцка-Валынскаму княству і не магла насяляцца ятвягамі, бо тыя ўспрымалі яе як варожую тэрыторыю і адзін са сродкаў ваеннай здабычы. Сапраўды, Панямонскія гарады (Гродна, Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск і іншыя) паводле пісьмовых крыніц належалі славянскім князям, якія падпарадкоўваліся галіцка-валынскім князям, альбо самі адносіліся да гэтага дому. Пры гэтым, пісьмовыя крыніцы досыць добра падмацоўваюцца археалагічнымі дадзенымі з раскопак панямонскіх гарадоў, дзе да 13 стагоддзя дамінуюць славянскія рэчы. Прыводзіць тут гэтыя матэрыялы не бачу сэнсу, бо каму цікава - паглядзіць адпаведныя працы, насычаныя вялікай колькасцю факталагічнага матэрыяла. (Я. Звяруга. Верхнее Понёманье в IX-XIII вв. Мн., 1989; Ф. Гуревич. Древний Новогрудок. Л.,1981; Ф. Гуревич. Древности белорусского Понёманья. М.,Л., 1962.).
Цяпер варта звярнуцца да археалагічных помнікаў, застаўленых ятвяжскім насельніцтвам. На поўначы Беластокскага і ў Сувалкскім ваяводстве (сучасная Польшча) знаходзіцца большасць населеных пунктаў, узгаданых у Галіцка-Валынскім летапісу і польскіх хроніках, пад час паходаў рускіх і польскіх князёў на тэрыторыю ятвягаў (падрабязнее гл. Г.Штыхов. Ятвяги по Ипатьевскому летописному своду. Lietuvos Arhealogija. Т.21.). На гэтых жа абшарах адбылося ўтварэнне саміх ятвягаў і станаўленне іх культуры. Менавіта тут ў 5-6 стагоддзяў з’яўляюцца характэрныя для ятвягаў каменныя курганы. Цяпер зірнём на тэрыторыю беларусскага Панямоння.
Сапраўды, на тэрыторыі беларусскага Панямоння даследчыкамі выяўлена і даследавана вялікая колькасць каменных курганоў і грунтовых каменных могільнікаў (з 13 ст. адбываецца змена курганоў грунтовымі магіламі). Варта прывесці трохі статыстычных дадзеных (Фактура для аналізу ўзята з кнігі “Квяткоўская А. Ятвяжские могильники Беларуси. Вильнюс, 1998.”). Шчучынскі раён - 21 могільнік, Камянецкі - 16, Воранаўскі - 15, Зэльвенскі - 15, Іўеўскі - 11, Слонімскі - 10, Ваўкавыскі - 8, Лідскі - 6, Свіслацкі - 4, Дятлаўскі - 3. Аднак, самы сярод іх няма ні аднаго могільніка, які датаваўся б ранней, чым канцом 11 стагодзя! Больш за тое, пераважная колькасць могільнікаў мае значна больш познюю датыроўку. Археалагічны матэрыял могільніка Апонаўцы (Воранаўскі раён) датуецца к.12 - пач.15 стст.; у Беліцы (лідскі раён) - к.14 - 16 стст.; Вензаўшчызна (Шчучынскі раён) - к.12 - 16 стст.; Вараб’і (Шчучынскі раён) 14-16 стст.; Дварчаны (Воранаўскі раён) - к.12 - пач.15 стст.; Куклі (Воранаўскі раён) - 13 - 15 стст.; Клепачы (Слонімскі раён) - 14-16 стст.; Навасёлкі (Зэльвенскі раён) - 16 ст.; Першамайскае (Шчучынскі раён) - 15-16 стст; Падрось (Ваўкавыскі раён) - 11- 12 стст.; Пузелі (Воранаўскі раён) - к.12-пач.15 стст.
Відавочна, што дамінуюць больш познія могільнікі. А нават самыя раннія (11-12 стст.) з’явіліся на 6 стагоддзяў пазней, за ятвяжскія ж могільнікі, але з тэрыторыі Польшчы. Відавочна, што ятвяжскія археалагічныя помнікі на тэрыторыі беларускага Панямоння заставіла не аўтахтоннае насельніцтва, бо зусім не назіраецца пераемнасць. Тут варта нагаць, што большасць помнікаў культуры ўсходнелітоўскіх курганоў на тэрыторыі Беларусі ўзніклі яшчэ ў 5-7 стст. І працягвалі функцыянаваць да 12-13 стагоддзяў. Тое ж тычыцца і помнікаў, застаўленых аўкштотай. Большасць з іх (Пакальнішкяй, Крэмала, Абяляй і дзесяткі іншых) існавалі на працягу 1000 гадоў (5-15 стагоддзі), а ў некаторых выпадках і пазней.
Цікава, што археалагічныя крыніцы добра падцвярджаюцца пісьмовымі. Сапраўды, пасля ўтварэння ў прыбалтыкі Нямецкага ордэна, цэнтралізацыі польскіх княстваў, ятвягі і прусы былі вымушаны перасяляцца з сваёй радзімы на Усход. Так, паводле Галіцка-Валынскага летапісу ў 1276 г. Трайдзен прыняў прусскіх перасяленцаў і пасяліў іх у ваколіцах Гродна і Слоніма.
Пётр Дузбург таксама ілюструе ў сваёй хроніцы такую ж сітуацыю. Магутны нобіль Скумант з воласці Красіма вёў доўгую і ўпартую барацьбу з немцамі, аднак быў вымушаны разам з усёй чэляддзю, слугамі і васаламі пайсці на Русь, адкуль ён, праўда, праз некаторы час з’ехаў назад і прыніўшы хрысціянства, даў пачатак прусскаму роду Скумандаў, нашчадак якога - Дзітрых Скуманд валодаў вёскай Дзітрыхсдорф.
Вялікі князь Вітаўт таксама заахвочваў перасяленне нашчадкаў заходнебалцкіх плямёнаў. Так, пасля вайны 1409-1410 гг. ён перадаў прусам ва ўладанне Радуньскую воласць. Аб гэтым жа сведчыць і існаванне нават у канцы 18 стагоддзя Барцянскага староства, якое было заселена прускімі і барцянскімі каланістамі.
Аднак, наўрад ці ўсе перасяленні былі дабравольнымі. Ускосна пра гэта сведчаць пісьмовыя ўзгадкі. Так, у ваколіцах Радуні існавала пруская калонія Сколва, якая магла ўтварыцца, хутчэй за ўсё, у выніку паходу Кейстута і Альгерда на Скаловію ў 1365 годзе. Напэўна, нешта падобнае адбывалася і ў эпоху паходаў на ятвягаў галіцка-валынскіх і літоўскіх князёў. На карысць гэтай гіпотызы ўскосна сведаць дадзеныя археалогіі. Так, з вышэйпералічаных могільнікаў толькі тры маюць багаты інвентар (вялікі % займаюць рэчы са срэбра, часам нават з элементамі залачэння,), характэрны для прускага і ятвяжскага набілітэту. Гэта могільнікі Вензаўшчызна (Шчучынскага раёна), Куклі (Воранаўскі раён), Пузелі (Воранаўскі раён). Падобная сітуацыя праглядаецца, але ў значна больш яскравым выглядзе, на тэрыторыі сучаснай Літвы. Так, застаўленныя прускімі перасяленцамі могільнікі Павілкйіс, Барінэ, Марвэле, Мастейкяй, Тулпякеміс адрозніваюцца надзвычай вялікім % пахаванняў, дзе сустракаюцца срэбныя рэчы і зброя, што сведчыць аб прывілеяваным паходжаннем перасяленцаў. Большая ж частка ятвяжскіх могільнікаў на тэрыторыі беларускага Панямоння досыць бедныя (асабліва гэта тычыцца пахаванняў 12-13 стагоддзяў), што дазваляе зрабіць выснову аб нізкім сацыяльным статусе перасяленцаў. Пры гэтым усе 3 багатыя могільніка ўзніклі ў канцы 12 ці пачатку 13 стст. І кампактна месцяцца на правябярэжжы Нёмана, непадалёку ад мяжы першапачатковага арэала ятвягаў і ўласналітоўцаў. У той жа час большасць бедных могільнікаў канцэнтруюцца вакол крупных адміністратыўных і ваенных цэнтраў Панямоння, такіх як Слонім, Гродна, Шчучын, Ваўкавыск, Камянец. Паміж гэтымі арэаламі застаюцца вялізныя пусткі, дзе археалагічны матэрыял, звязаны з ятвягамі, не прагледжваецца, што наводзіць на думку на адміністратыўным характары перасялення (месца абіралі не самі перасяленцы, а ўладары гэтых тэрыторый).
Падсумоўваючы, хацелася б адзначыць, што сучасны стан крыніц дазваляе сцвярджаць, што ятвяжскае насельніцтва на тэрыторыі беларусскага Панямоння нельга лічыць аўтахтонным, што падцвярджаюць пісьмовыя і археалагічныя дадзеныя. Гэтыя помнікі трэба звязваць з перасяленцамі з уласна ятвяжскай тэрыторыі (поўнач Беласточчыны і Сувалкаўскае ваяводства сучаснай Польшчы). Перасяленне магло быць як дабраахвотнае, так і прымусовае. Найбольшая хваля ятвяжскіх перасяленцаў прыпадае на 13 стагоддзе, калі ўзмацняецца ціск з боку Нямецкага ордэна, польскіх і рускіх княстваў. На Усходзе гэтая хваля, ідучы ўздоўж Нёмана і Бярэзіны дасягае ваколіц Радашковічаў, Валожына, Івянца, дзе прысутнасць ятвяжскага насельніцтва падцвярджаецца наяўнасцю адпаведнай тапанімікі (Кукелі, Пузелі, Вазгелы, Дзікшняны, Вайтэлі, Дайнова, Ятвезь, Бакшты і іншыя).