Нармальныя агароднікі, добра напрацаваўшыся ў сэзон, узімку пэўна ж адпачываюць ад сваіх агародных справаў. Ну а ненармальныя гаротнікі агароднікі, якія ў сэзон нічога добрага вырасьціць ня ўмеюць, працягваюць свае практыкаваньні ўзімку - і цешацца надзеяй, што штосьці ды атрымаецца з гэтага вычварэнства.
Мае таматы, кінутыя на лецішчы без нагляду ў пачатку верасьня, бо я легкадумна паехала адпачываць у Баўгарыю, засумавалі безь мяне і з гора пачарнелі... І чым я магла тады пахваліцца перад сваім віртуальным сябрам araty, які перадаў мне насеньне самаапыляльных таматаў? Што сказаць пра ўраджай? А нічога не сказаць, толькі вытрымаць доўгую зімовую паўзу... І тады нягеглыя расьлінкі ператвараюцца... ператвараюцца расьлінкі... у сапраўдныя памідоры! І нічога, што гэта адбываецца на падваконьні і што за вокнамі ляжыць сьнег - па-мойму, гэта надае нават большае пікантнасьці. Ці ня так?