Моўныя памылкі-1

Dec 03, 2011 22:47

Вось вырашыла нарэшце пачаць рабіць занатоўкі пра моўныя памылкі сучасных беларусаў. Ніколі не плянавала рабіць гэтага, бо і безь мяне вучыцеляў дастаткова. Аднак сустракаю занадта шмат памылак настолькі пашыраных, што часам іх робяць і абазнаныя ў мове людзі. Гэткія пашыраныя памылкі буду заносіць пад цэтлік "Моўныя памылкі". Можа, камусьці гэта прынясе нейкую карысьць.

Зразумела, што мы робім памылкі збольшага праз тое, што жывем не ў беларускамоўным асяродзьдзі і таму вельмі часта проста калькуем расейскую мову. Амаль 90% нашых памылак маюць менавіта гэтую прычыну. Але гэта неістотна, зрэшты. Гэта толькі тлумачыць, чаму мы так часта памыляемся. Аднак дарогу адолее той, хто ідзе.

Абазначэньні:
рбс - расейска-беларускі(я) слоўнік(і)
брс - беларуска-расейскі(я) слоўнік(і)

1. Распаўсюдзіць/пашырыць
Рбс даюць для "распространить" два словы: распаўсюдзіць і пашырыць, асабліва не тлумачачы нюансаў ужываньня, і чамусьці бальшыня амаль ва ўсіх выпадках выкарыстоўвае слова распаўсюдзіць - хутчэй за ўсё, таму што яно першым прыходзіць на цям. Між тым сэнс часта патрабуе слова пашырыць., а часам - і іншых словаў.
Улічваючы, што "распространить" мае шмат сэнсаў, разгледзім выбар патрэбнага адпаведніка на прыкладах.
1. Сделать больше, увеличить пределы чего-л.
Пашырыць сад на ўсю тэрыторыю.
2. Расширить круг действия, применения чего-л.
Пашырыць свой уплыў. Пашырыць ільготы на пэнсіянэраў. Пашырыць законы прыроды на чалавецтва.
3. Сделать что-л. широко известным, доступным многим, познакомить с чем-л. многих.
Распаўсюдзіць веды. Распаўсюдзіць газэту. Распаўсюдзіць новую тэхналёгію. Распаўсюдзіць новую навуковую тэорыю. Распаўсюдзіць плётку.
4. Рассеять вокруг себя. 
Разьнесьці пах парфюму. Разьнесьці хваробу. Пасеяць вакол сябе нуду. Ружы пахнуць на ўсю вуліцу (пераклад для: Розы распространили своё благоухание на всю улицу). Печка абагрэла ўсю хату (пераклад для: Печь распространила тепло по всему дому).
5. Сделать более обширным, пространным, подробным.
Удакладніць сьпіс прадуктаў. Удакладніць апісаньне зьявы.

2. Абаперціся/угрунтавацца  
Думаючы па-расейку "опираясь на эти факты...", практычна ўсе напішуць: "абапіраючыся на гэтыя факты" - і зробяць няправільна, бо гэта калькаваньне, прычым няслушнае. Трэба: зыходзячы з гэтых фактаў... або: грунтуючыся на гэтых фактах...
І зноў справа ў тым, што расейскае "опереться" мае некалькі сэнсаў.
1. Прислониться к кому-, чему-л., налечь на кого-, что-л., перенося на него часть тяжести своего тела.
Абаперціся на кій, на руку. Абаперціся сьпінаю на падушку.
2. Найти себе поддержку в ком-л.
Мець падтрымку сяброў (пераклад для: Опереться на друзей). У сям'і яго ніхто не падтрымлівае (пераклад для: В семье ему не на кого опереться).
3. Воспользоваться чем-л. в качестве основы или отправной точки (рассуждений, деятельности и т.п.).
Угрунтавацца на акадэмічнай навуцы. Зыходзіць з тэхнічных магчымасьцяў. Угрунтавацца на лібэральных каштоўнасьцях.

Моўныя памылкі, мова

Previous post Next post
Up