Стамілася ўжо шмат гадоў паўтараць адно і тое, таму лепей адзін раз напішу.
Тым, хто ўваходзіць у лік 70% насельніцтва Беларусі, якія гавораць па-расейску,
ці толькі хвалююцца пра тыя 70%
Апускаючы той факт, што значная частка з гэтых 70%
гатовая перайсьці на родную мову -- і пэўна гэтая частка пяройдзе, калі бел. мова будзе абвешчана адзінаю дзяржаўнаю, -- хачу зьвярнуць увагу на іншую акалічнасьць. Давайце ўявім сабе такі жудасны варыянт, што СССР у 1945 не перамог Нямеччыну і да 1991 году мы пражылі пад акупацыяй гэтай краіны. Уявілі?
Зразумела, ніхто б не цырымоніўся зь беларусамі і не садзейнічаў бы разьвіцьцю беларускае адукацыі, мовы, культуры (гэта гаўляйтэр Кубэ быў літасьцівы і дазваляў беларусам адчыняць беларускія школы, але яго забілі). Адукацыя, натуральна, была б скіраваная на тое, каб прымусіць беларусаў гаварыць па-нямецку (не вывучаць жа гаспадарам мову сваіх рабоў!) і каб упэўніць кожнага беларуса, што яны жывуць на "спрадвеку нямецкай зямлі", якую ў 1945 годзе нарэшце ўзьядналі з мэтраполіяй.
І, натуральна, цяпер 70% размаўлялі б міжсобку па-нямецку. І крычэлі б паўсюль, што абавязкова трэба пакідаць двухмоўе, бо ж 70% гавораць па-нямецку і нельга парушаць іхнае права выбіраць сабе мову і прымушаць іх пераходзіць на беларускую. А некаторыя нават пісалі б падчас перапісу, што іхная родная мова - нямецкая. І былі б пэўныя, што Нямеччына - вялікая дзяржава зь вялікаю культураю (а чаму ня быць пэўнымі? прычынаў няма!), і немцы далучылі беларусаў да высокай культуры, а датуль беларусы былі цёмныя, занядбаныя, хадзілі ў лапцях і ня ўмелі нават чытаць-пісаць.
Але хопіць фантазіяў. Калі каму гаварыць пра такое, вочы ў іх робяцца круглымі, яны адмахваюцца - не выдумляй! А што тут выдуманае? Я толькі замяніла год акупацыі і расейцаў на немцаў - і ўсяго.