Mar 31, 2010 21:21
Пётру Рудкоўскаму - пра мысьледзяеячоў і СМД метадалогію
Паводле майго меркаваньня, падмацаванага шматгадовымі палявымі назіраньнямі, СМД метадалогія, альбо мысьледзейнасьць - гэта --
з аднаго боку -- мілы і бяскрыўдны від позьнесавецкага інтэлектуальнага шарлатанства, аб’яднанага сэмінарамі і сымбалічнай постацьцю Шчэдравіцкага.
Зь іншага - адна з формаў разводкі на грошы ўсіх тых, што знаходзіцца з-за нейкіх прычын у інтэлектуальнай разгубленасьці, ня ведае, што будзе заўтра.
Першы аспект - аспект школы - вырадзіўся ўрэшце ў загадкавы жаргон, якім яны карыстаюцца на семінарах і які яны не ў стане патлумачыць іншым, не інтаксікаваным .
Другі найбольш геніяльна праявіўся адразу пасьля канца СССР, калі розныя гарсаветы і облсаветы яшчэ мелі ўладу, але ўжо ня ведалі што зь ёй рабіць. Тады й паўстала ў сьветлых галовах расейскіх інтэлектуалаў ідэя ОДІ, альбо Гульні.
Ідэя вельмі простая: калі сабраць людзей, якія ня ведаюць, што рабіць, -- сабраць разам, тыя абавязкова да чагосьці дамовяцца.
Альбо, калі й не дамовяцца, дык прынамсі выгавараць усе свае страхі і крыўды.
ОДІ - гэта нібыта калектыўны псыхааналіз, калі на кушэтку кладуцца не 1 ці 5 чалавек - а ўся каманда.
Грошай тады яны сабралі - асабліва па расейскіх рэгіёнах - нямерана :). Я дарэчы з сімпатыяй глядзеў і гляжу на гэтае “пераразьмеркаваньне” : такое сабе робін-гудства, калі бяруць грошы у каго іх заўсёды чамусьці многа, і даюць тым, у каго іх заўсёды няма.
Разумеючы ўсё гэта я спачатку з насьцярогай успрыняў прыезд Мацкевіча ў Беларусь і ягоны лозунг “думаць Беларусь”.
Так, падумаў я тады, апетыты ў хлопцаў неслабыя: на ўсю краіну.
І Мацкевіч пайшоў спачатку туды, дзе былі грошы: у дзяржуладу, у бізнэс, у журналістыку, у палітыку. Пасьля пэўнага цыкла, ўсё скончылася НДА, альбо недзяржаўнымі арганізацыямі.
Культура яго цікавіла мала і акадэмічная дзейнасьць таксама. І дзякаваць богу.
Але тут раптам аказалася, што апошняй ахвярай мыследзеячоў мусіць стацца бедная беларуская культура. І пачалася самарэкламная кампанія - яны аказваецца ведаюць, што трэба рабіць з культурай.
Ведаюць “у чым быў няпраў Акудовіч”. І чаму “эпоха Акудовіча мусіць скончыцца і распачацца эпоха Мацкевіча.”
Калі я чытаю такое, я ня ведаю, сьмяяцца трэба ці плакаць.
Калі я чытаю такое, мне хочацца сказаць наўпрост, без эківокаў і дыпламатый.
Валодзя!
Акудовіч - выбраны намі Магістар Гульні, і пакуль не бачна, каб хтосьці іншы быў на падыходзе.
Ён быў выбраны ўсімі не таму што ён “лысы і мудры” як ён сам жартуе, а таму што ён зрабіў неверагодна шмат для вытлумачэньня і паўставаньня самых розных тэкстаў, асобаў, фенаменаў, дыскурсаў.
Пачытай ягоныя кнігі - як там неверагодна многа работы з матэрыялам культуры.
Ты можаш канешне выграць яшчэ дзесяць грантаў на універсітэт ці паездку ў Нямеччыну.
Але ўсё роўна трэба штосьці рабіць, канкрэтныя рэчы, -- з культурай, з традыцыяй, з краінай.
Пакуль жа большасьць тваіх тэкстаў - гэта сценаграмы тваіх (сама)рэклямных кампаній.
Чым раней ты гэта зразумееш, тым лепш.